Навумчык: Слова «сям'я» у дачыненьні да Лукашэнкі выглядае абсурдам, калі разглядаць яго ў плоскасьці права
«Намер Лукашэнкі ўвесьці крымінальную адказнасьць за пагрозы і абразы адносна членаў сям’і экс-прэзыдэнта выклікае сумнеў ня толькі ў палітычным сэнсе», — лічыць аналітык Сяргей Навумчык.
Сяргей Навумчык: «Намер Лукашэнкі ўвесьці крымінальную адказнасьць за пагрозы і абразы адносна членаў сям’і экс-прэзыдэнта выклікае сумнеў ня толькі ў палітычным сэнсе.
Само слова «сям'я» у дачыненьні да Лукашэнкі выглядае абсурдам, калі разглядаць яго ў плоскасьці права. З той простай прычыны, што немагчыма дакладна акрэсьліць групу гэтых асобаў.
Вось, скажам, хто ягоная жонка? Галіна Радзівонаўна, якая была жонкай на момант прэзыдэнцкіх выбараў 1994? А вы ўпэўнены? Магчыма, жонка -- маці ягонага сына Міколы? Што было б цалкам лягічна. Альбо нейкая іншая жанчына? Таксама ня выключана.
А колькі дзяцей у Лукашэнкі? Вы ўпэўнена адкажаце – трое. Але на якой падставе вы робіце такую сьмелую выснову? Малодшага сына грамадзтву паказалі толькі праз некалькі гадоў – дзе гарантыя, што не існуюць яшчэ дзесяць, якіх пакуль не паказалі?
Вы скажаце, што зьвесткі пра жонку і дзеяцей павінны быць зафіксаваныя ў пашпарце?
Але пашпарт, які для любога іншага грамадзяніна зьяўляецца галоўным дакумэнтам – апошняе, дзе можна шукаць праўду пра Лукашэнку.
Сваё стаўленьне да пашпарту Лукашэнка выявіў ужо ў самым пачатку свайго “прэзыдэнцкага” шляху, яшчэ ў 1994-м, калі ў падпісных лістах за вылучэньне кандыдатам указаў зусім іншае месца прапіскі, чым тое, якое было пазначана ў пашпарце. А на працэдуру рэгістрацыі ў ЦВК увогуле зьявіўся бяз пашпарту, чаму аўтар гэтых радкоў быў непасрэдным сьведкам.
А ў пэўны момант ён узяў ды і зьмяніў дату свайго народжаньня. Вось проста пажадаў – і напісаў іншую.
Але думаю, што цяпер, разглядаючы свой пашпарт, Лукашэнка кусае локці.
Бо зьмяніў толькі дзень народзінаў, а мог зьмяніць год, нават дзесяцігодзьдзе. І замест 1954 напісаць 1964, а яшчэ лепей – 1974. Ніхто б у пашпартным стале і ня пікнуў.
І сустракаў бы праз пару тыдняў Аляксандар Рыгоравіч круглы юбілей – 50 гадоў.
Пагадзіцеся: цудоўны ўзрост.
А галоўнае, можна сьмела кіравацть яшчэ гадоў дваццаць. Да 70-ці».