Абельская заклікала маладых лекараў не баяцца размеркавання
«Рэальнасць значна лепш атрымліваецца, чым чаканні».
«Дзяржава робіць усё для таго, каб маладым спецыялістам было камфортна працаваць», — заявіла ў эфіры СТВ новаспечаная сенатарка, а таксама галоўная доктарка Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ірына Абельская, меркаваная маці Мікалая Лукашэнкі.
Каментуючы размеркаванне медыкаў, Абельская расказала, што на яе думку чаканні ў маладых людзей часта нашмат горшыя за рэальнасць, піша «Люстэрка».
— Рэальнасць значна лепш атрымліваецца, чым чаканні, таму што многія жывуць ведамі ці эмоцыямі 10-20-гадовай даўніны. А сёння ў нас вельмі прыемна працаваць і на фельчарска-акушэрскіх пунктах, і ва ўрачэбных амбулаторыях, і ў раённых бальніцах, — лічыць галоўдоктарка. — Я дапускаю, што некаторыя, хто зараз нас з вамі глядзяць, у іх такая лёгкая ўсмешка з'явіцца. Не ўсё аднастайна, вядома ж, але шмат залежыць ад тых людзей, якія там працуюць. Сёння дзяржава зрабіла і робіць максімальна, каб умовы працы былі камфортныя. Мы павінны больш актыўна далучаць спецыялістаў, якія працуюць на ўзроўні першаснага звяна аховы здароўя, у актыўную навукова-практычную дзейнасць нашай краіны.
Маладых спецыялістаў, лічыць яна, трэба інфармаваць аб перспектыўных метадах дыягностыкі і лячэння, запрашаць у абласныя цэнтры і сталіцу на семінары і канферэнцыі.
— І я думаю, калі мы вырашым вось гэтую праблему, напэўна, скажам, што ў нас высокая замацавальнасць маладых адмыслоўцаў і наогул адмыслоўцаў на першасным узроўні, таму што першаснае звяно вырашае ўсё. Мы не можам будаваць дом з даху, мы яго павінны будаваць з падмурка, а падмурак сістэмы аховы здароўя — гэта пісьменнае першаснае звяно аховы здароўя, — упэўнена сенатарка.
У эфіры СТВ Абельская таксама расказала аб выніках работы міжведамаснай рабочай групы па праверцы сістэмы аховы здароўя. У якасці прамежкавых вынікаў за паўтара года працы яна назвала «разуменне асаблівасцей і праблем, якія маюць нашы калегі ў рэгіёнах, у глыбінках, у сельскай мясцовасці, у невялікіх гарадах». Яна таксама прызнала наяўнасць мноства дэфектаў у працы і камплектацыі хуткай дапамогі і прыёмных аддзяленняў ва ўсіх абласцях у пачатку праверкі і заявіла, што «сёння мы не сустракаем гэтых дэфектаў».
Нагадаем, у лістападзе 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў новую рэдакцыю закона «Аб ахове здароўя», якая ў прыватнасці павялічвае тэрмін навучання ў ардынатуры і працягласць адпрацоўкі пасля яе заканчэння. Ардынатура стала бясплатнай, а гэта значыць, што пасля яе ўсім лекарам давядзецца адпрацоўваць выдаткаваныя на іх навучанне грошы.
Тэрмін адпрацоўкі вырас з двух да пяці гадоў, у тым ліку для завочнікаў. За сыход з вучобы ў ардынатуры або пры адлічэнні лекару давядзецца пакрыць выдаткі на навучанне ў 2,5-кратным памеры.