МЗС Фінляндыі: ЧС па хакеі нельга праводзіць у Беларусі

Беларускія ўлады выкарыстоўваюць міжнародны турнір для ўмацавання свайго ўплыву.



hockey.jpg

Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Фінляндыі Эркі Туаміоя. Ён лічыць, што турнір, правядзенне якога плануюць у Мінску ў 2014 годзе, усё яшчэ можна перанесці ў іншую дзяржаву.
«Урады, якія парушаюць правы чалавека, не павінныя мець магчымасць умацоўваць сваю рэпутацыю за кошт такіх важных спартыўных мерапрыемстваў», — заявіў Эркі Туаміоя.
Праз парушэнні ўладамі Беларусі правоў чалавека і наяўнасць палітвязняў праваабаронцы і міжнародныя інстытуцыі выступілі супраць арганізацыі спартыўнага мерапрыемства. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны ўжо прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Мінску.
Нядаўна стала вядома, што беларускія ўлады збіраюцца прыцягнуць Інтэрпол для барацьбы з «хуліганамі» падчас спартыўных мерапрыемстваў. Дамоўленасць пра гэта была дасягнутая падчас сустрэчы міністра замежных справаў Беларусі Ігара Шуневіча і кіраўніцтва міжнароднай паліцэйскай арганізацыі.
Раней Лукашэнка выдаў указ пра тое, што пісаць пра Чэмпіянат свету, правядзенне якога запланаванае ў Беларусі, змогуць не ўсе. «Журналісты, якія не асвятлялі хакей або спорт, акрэдытоўвацца не будуць», — растлумачыў яго сутнасць мэнэджар дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату Пётр Рабухін.
charter97.org