МЗС Расіі адхрысціўся ад арыштаваных у Беларусі аўтараў сайту «Регнум»

27 снежня на брыфінгу прэсавая сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава адказала на пытанне пра арыштаваных у Беларусі аўтараў парталу «Регнум» Дзьмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца, а таксама Сяргея Шыптэнкі.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава


Супраць іх у Беларусі заведзеная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 КК (распалванне міжнацыянальнай варожасці групай асобаў), санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.

Аляксандр Сурыкаў

Аляксандр Сурыкаў


20 сьнежня на гэтую тэму выказаўся расейскі амбасадар у Мінску Аляксандар Сурыкаў, які заявіў:
«Гэта беларускія грамадзяне, гэта беларуская працэсуальная справа, гэта радыкальныя журналісты, я б так сказаў. Вельмі моцна сумняваемся, што ўсе гэтыя выступы працуюць на ўмацаваньне брацкіх сувязяў паміж расійскім і беларускім народамі. А вось многае ёсць на ўбіванне кліноў. Вельмі моцна сумняваемся, што гэтыя людзі — шчырыя патрыёты краіны, у якой яны жывуць і з'яўляюцца грамадзянамі. Таму што такія фармулёўкі, як «недадзяржава», «неданарод» не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны. Таму ў гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца. Тут ёсць дысгармонія ў пытаннях свабоды слова, але ёсьць і пытанне радыкалізму, разбурэння міждзяржаўнай і брацкай дружбы».
Адказ Марыі Захаравай на пытанне пра арыштаваных беларускіх аўтараў сайта «Регнум» змешчаны на сайце МЗС Расіі.
Расійскі журналіст з парталу «Регнум» задаў Марыі Захаравай пытанне:
«У пачатку снежня ў Беларусі былі затрыманыя тры прарасійскія публіцысты, адзін з якіх наш аўтар Ю.Паўлавец, С.Шаптэнка, імя трэцяга мне невядомае. Ім ставяць у віну распальванне варожасці, у той час як яны, наадварот, заклікалі да збліжэння з Расіяй і перасцерагалі ў сваіх артыкулах беларускае кіраўніцтва ад «заляцання» з беларускім нацыяналізмам і руху ў бок Захаду, як гэта адбылося на Украіне. Яны былі арыштаваныя і да гэтага часу знаходзяцца пад вартай. Хацелася б даведацца пазіцыю МЗС з гэтай нагоды, паколькі амбасадар Расіі ў Беларусі А.Сурыкаў няясна выказаўся ў іх адрас, сказаўшы, што гэта беларускія грамадзяне і гэта справа Беларусі. Па факце яны з'яўляюцца нашымі суайчыннікамі, і мне здаецца, Расіі варта было б звярнуць увагу на гэтую праблему».
Адказ Захаравай быў наступны:
«Я не згодная, што наш амбасадар у Беларусі А.А.Сурыкаў даў незразумелы камэнтар, ён даў якраз разгорнуты камэнтар з нагоды гісторыі з затрыманнем беларускіх грамадзян Ю.Паўлаўца, Д.Алімкіна і С.Шаптэнкі. Яны сапраўды супрацоўнічалі і працавалі з расейскімі выданнямі, у прыватнасці з агенцтвам «Регнум», таму амбасадар выказаў наш, расейскі пункт гледжання на гэтае пытанне. Я хацела б сказаць, што мы падзяляем тое, што было сказана амбасадарам, што ўжыванне такіх слоў, як «неданарод» або «недадзяржава» ў дачыненні да Беларусі і беларусаў — гэта недапушчальна. Вы гаворыце пра тое, што яны папярэджвалі Беларусь ад руху ў бок Захаду і «заляцання» з нацыяналізмам. Гэта была ваша цытата, і я не магу гэта камэнтаваць. Хачу сказаць, што «неданарод» і «недадзяржава» з вуснаў людзей, якія ўплываюць на грамадзкую думку — гэта проста непрыстойныя рэчы, таму што яны могуць спрыяць распальванню міжнацыянальнай праблемы і ксэнафобіі. Такія выразы не спрыяюць стварэнню пазытыўнай атмасфэры ў беларускіх дачыненнях, хоць вы кажаце, што менавіта на гэта і была нацэленая іх праца».
На ўдакладняльнае пытанне журналіста, што Паўлаўцу, якія публікаваўся ў іх, гэтыя словы не належаць, Захарава падкрэсліла:
«Гаворка ідзе пра трох журналістаў, таму я хачу сказаць, што мы далі вельмі выразную ацэнку тым словам і выразам, якія яны ўжывалі, прычым ужывалі, як я разумею, не ў прыватных размовах, а ў сваіх матэрыялах. Мы пацвярджаем сваю абсалютную адданасць свабодзе слова і неабходнасці абароны правоў журналістаў і людзей, якія працуюць у якасці прадстаўнікоў СМІ. Як вынікае з камэнтара амбасадара Расіі ў Беларусі А.А.Сурыкава, мы знаходзімся з гэтай нагоды ў пастаянным кантакце з нашымі беларускімі калегамі. Яшчэ раз паўтару, мы заяўляем пра поўную адданасць і неабходнасць абароны як свабоды слова, так і журналістаў. Думаю, што ў незахаванні гэтых нормаў і няўвазе да лёсу журналістаў нас западозрыць вельмі складана, таму і лёс гэтых журналістаў, якія супрацоўнічалі і супрацоўнічаюць з расейскімі СМІ, улічваючы вашы настойлівыя просьбы і запыты, якія мы атрымліваем, знаходзяцца ў сфэры нашай пільнай увагі».
Паводле svaboda.org