«Мінск — палітычная пляцоўка Масквы», — ва Украіне не чакаюць прарыўных рашэнняў ПА АБСЭ

Украінскі палітычны эксперт Аляксандар Салантай заявіў, што галоўным інтарэсам Украіны на пасяджэнні Парламэнцкай асамблеі АБСЭ ў Мінску мае стаць праблема ўкраінскіх грамадзян, якія незаконна ўтрымліваюцца на тэрыторыі Расіі.

Украінскі палітычны эксперт Аляксандар Салантай

Украінскі палітычны эксперт Аляксандар Салантай

«Украінская дэлегацыя мае выкарыстаць гэтую пляцоўку, каб яшчэ раз гучна заявіць, што на тэрыторыі Расеі ёсць закладнікі — гэта ўкраінскія грамадзяне. Гэта трэба зрабіць так сама гучна, як на мінулым пасяджэнні асамблеі заявілі пра патрабаванне да Расіі вярнуць Крым», — сказаў Аляксандр Салантай.
У той жа час экспэрт перакананы, што правядзенне пасяджэння ПА АБСЭ ў Мінску ёсць недарэчным.
«Яшчэ нядаўна ў Мінску разганялі людзей, забаранялі святкаваць Дзень Волі, затрымлівалі і сотнямі рабілі прысуды. За апошні год ёсць шмат выпадкаў экстрадыцыі ці перадачы ўкраінцаў рускім на запыты ФСБ. Мінск — гэта вядомая палітычная пляцоўка Масквы, а Расія для нас — краіна-агрэсар», — дадаў ён.
«Праваабаронцы з усіх еўрапейскіх арганізацый, у тым ліку і ўкраінскія, звярталіся з патрабаваннем не праводзіць пасяджэнне ў Мінску. Але тым не менш на гэта не звярнулі ўвагу. Гэта азначае, што ніякіх сур’ёзных, глабальных рашэнняў там не будзе. У Мінску гэта апрыёры немагчыма», — кажа Аляксандр Салантай.
Паводле эксперта, Парламенцкая асамблея АБСЭ павінна акцэнтаваць сваю дзейнасць на публічнай абароне правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў.
«А гэтую сваю базавую функцыю ПА АБСЭ ў Мінску не можа выканаць нават прыблізна, таму што давядзецца размаўляць пра выбары, напрыклад, ці аб правах чалавека ці абароне свабодаў у краіне, у якой ёсць з гэтым праблемы», — дадаў эксперт.
Аляксандр Салантай таксама выключыў магчымасць прыняцця рашэння пра змене фармату маніторынгавай місіі АБСЭ, якая працуе на Данбасе.
«Ніякіх сур’ёзных рашэнняў у Мінску з нагоды павышэння эфектыўнасці місіі АБСЕ на Данбасе не можа быць. Але, магчыма, яно і будзе абмяркоўвацца», — адзначыў украінскі экспэрт.
Украінскую дэлегацыю на пасяджэнні ПА АБСЭ ў Мінску будзе ўзначальваць кіраўнік фракцыі «Блок Пятра Парашэнкі» ў Вярхоўнай Радзе Артур Герасімаў.
Паводле Радыё Свабода