Міхаіла Жамчужнага збілі ў турме?

Такія звесткі пра свайго паплечніка мае палітвязень Андрэй Бандарэнка.

Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны


Пра меркаванае збіццё Міхаіла Жамчужнага, які, верагодна, атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, Андрэй Бандарэнка паведаміў у лісце да грамадскай актывісткі Ганны Шапуцькі.
«...Не магу не ўдакладніць: ці ведаеце Вы, што Міхаіла Жамчужнага ўдарыў адзін з кіраўнікоў СІЗА Віцебска? Ці ведае «Вясна» і ці прадпрымаецца нешта ў гэтым кірунку? Наколькі я інфармаваны, усё гэта задакументавана (ЧМТ была ў яго), і ёсць у матэрыялах яго асабістай справы. Перажываю за яго і вельмі спадзяюся, што будучыя выбары пойдуць яму на карысць. Хай трымаецца. Усё будзе добра. Памятаю і малюся пра яго.
Вялікі дзякуй Вам за падтрымку. Прывітанне ўсім неабыякавым, хто не пакідае нас з Міхаілам. Не знікае. Хутка зможам успамінаць усё гэта як прыгоду, у якой стала зразумела, хто ёсць хто і якая мэта кожнага»,
— піша Андрэй Бандарэнка.
Паводле Андрэя Бандарэнкі, да яго са складанасцямі даходзіць пошта, таксама некаторыя ягоныя скаргі не выходзяць за межы турмы. Ад Міхаіла Жамчужнага не было лістоў некалькі тыдняў, аднак наўрад ці б яму дазволілі напісаць камусьці пра падобнае здарэнне.
Напісаць Андрэю Бандарэнку можна па адрасе: Бандарэнку Андрэю Валер'евічу, 212011, вул Крупскай .99, А СТ-4, к. 80
Міхаілу Жамчужнаму можна ліставаць сюды: Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу, 222125, ІК-14, атр. 18, бр.181
ст. Навасады, Барысаўскі р-н, Мінская вобл.