Спыніць пераслед Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага ў зняволенні
Адпаведны зварот кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі 22 ліпеня накіраваў міністру ўнутраных спраў і генеральнаму пракурору Беларусі.
У звароце выкладзены ўсе вядомыя ПЦ "Вясна" факты, якія сведчаць пра пераслед былога кіраўніка ІАУ "Платформа" і КПУ "Платформ інавэйшн" Андрэя Бандарэнкі ў Магілёўскай турме №4 і заснавальніка КПУ "Платформ інавэйшн" Міхаіла Жамчужнага ў Навасадскай ПК-14.
Адносна Андрэя Бандарэнкі ўказваюцца наступныя моманты. Найперш, стварэнне небяспекі для жыцця і здароўя праваабаронцы праз патуранне адміністрацыі калоній (ПК-2 і пасля — ПК-17) устанаўленню сярод зняволеных нефармальных адносін, якія дазваляюць ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання з асобнымі асуджанымі. "Адначасова кіраўніцтва ПК, замест прадастаўлення эфектыўнай абароны зняволенаму праваабаронцу, фармальна і без уліку асаблівых умоў, створаных некаторай часткай зняволеных для А. Бандарэнкі ў адсутнасць належнага кантролю адміністрацыі калоніі, жорстка адрэагавала на фармальнае парушэнне ім дысцыплінарных правілаў і прадставіла праваабаронцу да пераводу ў максімальна строгі вiд папраўчай установы — у турму, куды ён і быў накіраваны па пастанове суда", — падкрэсліваецца ў звароце.
ПЦ "Вясна" нагадвае, што звароты праваабаронцаў да міністра ўнутраных спраў заставаліся без належнага разгляду, што стала прычынай працягу прымянення дыскрымінацыйных, выбарчых мераў ціску ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі ў сувязі з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю. Таксама паведамляецца аб адмове органаў пракуратуры ў разглядзе скаргаў зняволенага на выпадкі незаконнага і неабгрунтаванага прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці: гэтыя скаргі перанакіроўваюцца ў ДВП МУС, што толькі сведчыць аб адсутнасці намеру даць ім аб'ектыўную ацэнку.
Адначасова Андрэй Бандарэнка пазбаўлены магчымасці атрымліваць падрыхтаваныя для яго калегамі нарматыўныя акты і выпіскі з заканадаўства, неабходныя яму для падрыхтоўкі абароны, а таксама без якіх-небудзь аб'ектыўных падстаў завочна пастаўлены на прафілактычны ўлік як «схільны да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскім праявам» .
Апісваючы сітуацыю з Міхаілам Жамчужным, ПЦ "Вясна" падкрэслівае, што праваабарончая супольнасць краіны прызнала яго палітвязнем і патрабуе неадкладнага перагляду яго судовага прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Ціск ў ПК-14 на асуджанага аўтары звароту таксама звязваюць з характарам яго грамадскай дзейнасці. Пры гэтым падкрэсліваецца, што «ён пастаўлены на ўлік у сувязі са схільнасцю да экстрэмізму, што накладае на яго дадатковыя абмежаванні і абавязкі», але «прынятае рашэнне не было абгрунтавана юрыдычнымі нормамі і не прадугледжвае магчымасці якой-небудзь формы абскарджання».
Таксама паведамляецца пра перашкоды адміністрацыі калоніі ў падачы палітвязням нагляднай скаргі па крымінальнай справе і пра ўмовы ўтрымання Міхаіла Жамчужнага, якія не адпавядаюць стану яго здароўя і з'яўляюцца формай жорсткага абыходжання, што забаронена міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Спасылаючыся на нацыянальны закон (які гарантуе абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў асуджаных), а таксама на міжнародныя дакументы — Кіруючыя прынцыпы па абароне праваабаронцаў БДІПЧ АБСЕ (дзе гаворыцца пра патрэбы праваабаронцаў у асаблівай і ўзмоцненай абароне на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях у сувязі з асаблівай рызыкай праз іх прафесійную дзейнасць) і Дэкларацыю ААН аб праваабаронцах (дзе гаворыцца пра права кожнага чалавека падаваць скаргі ў кампетэнтныя нацыянальныя органы, права прысутнічаць на адкрытых слуханнях, разбіральніцтвах і судовых працэсах і права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя кансультацыі ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў), Праваабарончы цэнтр "Вясна" патрабуе спыніць неабгрунтаваны пераслед Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага з боку прадстаўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў, правесці праверку ўмоў утрымання гэтых асуджаных і дазволіць ім сустрэчу з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый для ўдакладнення фактычных ўмоў утрымання і стану з захаваннем іх законных правоў.