Макей: ЕС не хоча несці адказнасці за свае дзеянні

Адносіны на палітычным узроўні паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю вельмі далёкія ад рэальных патрэб абодвух бакоў. Пра гэта ў інтэрв'ю расійскай газеце "Красная звезда" заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Паводле яго слоў, гэта выклікана жаданнем ЕС "асабіста вызначаць параметры грамадскага і эканамічнага развіцця нашай краіны".



flg5fq_w465h262.jpg

"Натуральна, не несучы ніякай адказнасці за магчымыя наступствы", — адзначыў міністр, дадаўшы, што Беларусь не прымае падобнага ўмяшання ў свае ўнутраныя справы і адстойвае права самастойна вызначаць свой шлях развіцця.
 


Уладзімір Макей падкрэсліў, што ключ да вырашэння сітуацыі, якая склалася, знаходзіцца ў Еўрасаюза. У прыватнасці, ён заявіў, што Беларусь не ўмешваецца ва ўнутраныя справы сваіх суседзяў. Паводле яго слоў, менавіта ЕС адказны за страту даверу ў дыялогу, з-за чаго "яму і належыць ліквідаваць прычыненую шкоду".
 


"Са свайго боку мы заўсёды адкажам узаемнасцю, калі Брусель не на словах, а на справе будзе гатовы да раўнапраўных і паважлівых стасункаў з намі. Ад гэтага б сапраўды выйгралі інтарэсы ўсёй Еўропы. Аднак пакуль разумення гэтай неабходнасці ў ЕС мы не бачым", — сказаў ён.
 


Пры гэтым міністр адзначыў дынамічны характар развіцця эканамічных адносін паміж Беларуссю і ЕС, у выніку чаго ўзаемны тавараабарот за дзевяць месяцаў 2012 вырас на 22,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. На яго думку, зняцце існуючых палітычных бар'ераў надало б яшчэ большы імпульс гэтаму супрацоўніцтву. Аднак, лічыць кіраўнік беларускага МЗС, пакуль у падыходах ЕС у дачыненні да Беларусі "дамінуюць рэцыдывы старога мыслення".
 


Як паведамляў "Тэлеграф", Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня вызваліў ад пасады міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. Замест яго новым кіраўніком МЗС стаў Уладзімір Макей, які раней узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. 2 лютага 2011 года ЕС унёс Уладзіміра Макея ў чорны спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на яго тэрыторыю.

telegraf.by