Лукашэнка паабяцаў пры неабходнасці размясціць у Беларусі «звыш'ядзерную» зброю
Лукашэнка падчас сённяшняга наведвання вучэнняў «Саюзная рашучасць» зрабіў некалькі гучных заяў. Паводле яго слоў, расійскія войскі могуць застацца ў Беларусі, калі так ён вырашыць разам з Уладзімірам Пуціным.
Лукашэнка таксама прапанаваў стварыць у нашай краіне навучальны цэнтр па «Іскандэрах», але падкрэсліў, што расійскія ваенныя базы не патрэбныя. Нарэшце, ён дапусціў размяшчэнне ў Беларусі «звыш'ядзернай зброі», калі спатрэбіцца, піша REFORM.by.
«У выпадку неабходнасці, калі такія бесталковыя, дурныя крокі распачнуць нашы праціўнікі і супернікі, мы размесцім не толькі ядзерную зброю, але і яшчэ звыш'ядзерную, перспектыўную, для таго каб абараніць сваю тэрыторыю», — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што калі для Беларусі не будзе ніякіх пагроз, то і ядзерная зброя на тэрыторыі краіны не патрэбная.
Яшчэ адным крокам у адказ на пагрозы краіне можа стаць вечнае прэзідэнцтва Лукашэнкі. Ён яшчэ раз паабяцаў, што калі Захад будзе працягваць ціск, то яму давядзецца «заставацца вечным прэзідэнтам».