Латушка: Не можа быць, каб у цэнтры Еўропы народ так сістэматычна падвяргаўся гвалту, і каб гэты народ не перамог

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка акрэсліў асноўныя кірункі дзейнасці платформы, у якую абʼядналіся тры структуры – штаб Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада і Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, перадае «Радыё Свабода».

67a2d6d4_74eb_45bb_a03f_39bfe7411b27_w1023_r1_s.jpg


«Перамагчы сістэму можа толькі сістэмная дзейнасць», – заявіў Павел Латушка ў ранішнім эфіры беларускага праекту польскага Радыё Ўнэт.
Паводле яго, асноўная дзейнасць будзе ажыццяўляцца «па такіх кірунках, як знешняя палітыка, эканамічная сітуацыя, пытанні бяспекі ці расколу ў сілавых структурах, камунікацыі з дзяржаўнымі служачымі, якія гатовы перайсці на бок народу, інфармацыйная праца».
Павел Латушка лічыць, што галоўнае – «дасягнуць на вясну бягучага года максімальнай мабілізацыі беларускага грамадства, маштабавання пратэснай актыўнасці беларусаў».
«Планы на бліжэйшы час, гэта, зразумела, дэманізаваць так званы Усебеларускі народны сход, які збірае Лукашэнка таямніча, калі абіраюцца на гэты сход прадстаўнікі чынавенства, менавіта толькі прадстаўнікі ўлады самі і хочуць вырашаць у імя нібы інтарэсаў народа далейшыя шляхі развіцця. Калі на гэтым Усебеларускім сходзе будуць прынятыя рашэнні, зьвязаныя са зменай Канстытуцыі, – гэта будзе прамое парушэнне заканадаўства, і ўсе асобы, якія будуць браць у ім удзел, будуць у перспектыве прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці».
«Наступнае – гэта Дзень Волі 25 сакавіка. Гэта важнейшая гістарычная дата для беларусаў. Вы бачыце, як сёння беларусы змагаюцца за права мець свой гістарычны сцяг бел-чырвона-белы. Зразумела, што вясна – гэта момант абуджэння, гэта момант росквіту… І мы верым у нашу агульную справу, у нашу агульную перамогу. Не можа так быць, каб у цэнтры Еўропы адзін народ так сістэматычна, метадычна і штодня падвяргаўся гвалту, рэпрэсіям, здзекам, і каб гэты народ не перамог».