Германія ініцыюе стварэнне міжнароднага механізму крымінальнага пераследу вінаватых у парушэнні правоў чалавека ў Беларусі
Лідар Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва і чалец прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады, былы дыпламат Павал Латушка 28-29 студзеня правёў у Берліне сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў Германіі.
Як паведамляе тэлеграм-канал палітыка, на чарговай сустрэчы з дзяржсакратаром нямецкага МЗС Мігелем Бергерам Латушка «абмеркаваў падыходы да прыняцця чацвёртага пакета санкцыяў ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі і падтрымку незалежных СМІ Беларусі, якія знішчае рэжым».
«Мігель Бергер праінфармаваў аб тым, што Германія выступіць з ініцыятывай стварэння міжнароднага мэханізму крымінальнага пераследу асобаў, вінаватых у злачынствах й парушэнні правоў чалавека ў Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні.
Асобную ўвагу суразмоўцы надалі ацэнцы сітуацыі ў Беларусі ў кантэксце адносінаў з Расіяй.