Кубілюс запатрабуе ад ЕС падвергнуць санкцыям больш за 250 беларускіх чыноўнікаў
Літоўскі еўрадэпутат і былы прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс плануе дамагчыся ад Еўразвяза ўключыць у санкцыйны спіс больш чым 250 беларускіх чыноўнікаў. Ён заявіў пра гэта ў сённяшнім звароце ў Facebook з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю.
Ён агучыў два абавязацельствы, назваўшы іх сваім укладам у акцыю салідарнасці з беларускім народам, перадае REFORM.by.
«Першае абавязацельства: у мяне ў руках спіс больш за 250 чыноўнікаў з Беларусі, якіх каманда Святланы [Ціханоўскай] уключыла ў новы санкцыйны спіс. Ад сваёй асобы я разам з калегамі зраблю ўсё, каб запатрабаваць ад нацыянальных урадаў і інстытутаў ЕС ажыццявіць гэты санкцыйны спіс ў рэальнасць», — паабяцаў еўрадэпутат.
Другое абавязацельства Кубілюса тычыцца Лукашэнкі. Паводле яго слоў, ён павінен заплаціць беларусам за злачынствы сваімі асабістымі фінансамі, «якія ён хавае ў розных месцах».
«Дашліце мне наяўную інфармацыю з гэтай нагоды. Справядлівасць пераможа» — рэзюмуе палітык.
Нагадаем, сённяшні дзень абвешчаны Міжнародным днём салідарнасці з Беларуссю, ён быў ініцыяваны Святланай Ціханоўскай. Да яго далучыліся многія краіны ЕС і іх лідары, грамадзяне гэтых краін і беларускія дыяспары за мяжой.