Кітай перакупляе Лукашэнку ў Пуціна
Беларусь стала галоўным плацдармам Пекіна ў Еўропе.
Пра гэта піша ўплывовае выданне Business New Europe у артыкуле пад загалоўкам «Кітай скупляе задні двор Расіі».
Канец мінулага года Расія правяла ў барацьбе з ЕС за кантроль над Украінай. Але, можа быць, Крамлю трэба было больш увагі надаць сваім паўднёвым межам? На думку Business New Europe, Кітай у
апошні час скупіў «расійскі задні двор» у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а таксама ў Сярэдняй Азіі.
У верасні Сі Цзіньпін павінен быў сустрэцца з Уладзімірам Пуціным для падпісання буйнога кантракту аб будаўніцтве газавай трубы з Сібіры на паўночны захад Кітая. Але замест таго, каб адправіцца
ў Расію наўпрост, кітайскі лідар зрабіў турнэ па Сярэдняй Азіі. «Гэта было падобна на прыезд Санта Клаўса: на сваім шляху Сі раздаваў кантракты на мільярды даляраў», - апісвае
выданне.
Праз два месяцы шэраг візітаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе здзейсніў і прэм'ер Кітая - Лі Кэцян. «Прэм'ер-міністры з 16 еўрапейскіх краін паважна сталі ў чарзе з
шапкамі для міласці, і пачаўся залаты дождж».
«Відавочна, што Кітай агрэсіўна пашыраецца на захад і імкнецца выдаткаваць сваё назапашанае даляравае багацце, перш чым нешта кепскае здарыцца з яго валютай», - мяркуе Business
New Europe. Аднак Расія не скардзіцца з нагоды ўсіх гэтых пагадненняў, бо яна - «адна з найбуйнейшых удзельніц гэтага свята. Кітайскія інвестыцыі ў Расію за гэты ж перыяд павялічыліся на
685%. Тэма дня - не тое, ці стане Украіна васалам новага расійскага ААТ «Савецкі Саюз», а тое, ці стане Расія адным са шматлікіх сыравінных прыдаткаў Кітая».
У новым годзе сталі з'яўляцца паведамленні, што абяцанні Сі і Лі сталі ўвасабляцца ў жыццё. Існуе дзве іх іпастасі, адзначае выданне: сыравіна і асабліва вуглевадароды, якія ў асноўным
рэалізуюцца ва Усходняй Еўропе і Сярэдняй Азіі, і інфраструктурныя праекты, якія сканцэнтраваныя ў Цэнтральнай і паўднёва-усходняй Еўропе.
У Туркменістане Кітай удзельнічае ў распрацоўцы гіганцкага газавага радовішча Галкыныш з рэзервам у 1,3 трыльёна кубаметраў («гэтага хопіць на патрэбы Кітая на працягу многіх
гадоў»), а таксама будуе чыгуначныя саставы. У Манголіі Пекін распрацоўвае нафтавае радовішча Тамсаг, а нядаўна Улан-Батар адважыўся на будаўніцтва нафтаправода ў Кітай.
«Газаправоды - геапалітычны аналаг жаніцьбы, бо іх будаўніцтва дорага абыходзіцца і іх нельга перасунуць пасля завяршэння», - адзначае выданне.
Калі мангольская эканоміка ўсё больш завязаная на Кітай, то казахскі прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў паказаў сябе «майстрам міжнароднай дыпламатыі»: ён умацаваў эканамічныя
сувязі Казахстана з Кітаем, не выклікаўшы пры гэтым раздражнення Масквы. Кітайцы ўжо валодаюць чвэрцю нафтаздабычы ў краіне, а ў планах у іх - інвеставаць 8 мільярдаў даляраў у здабычу вугалю.
Кітайскія грошы пайшлі на будаўніцтва трасы з поўначы на поўдзень Кыргызстана, а 488 кітайскіх прадпрыемстваў - адны з найбуйнейшых інвестараў ва ўзбекскую эканоміку. У канцы мінулага года Пекін
і Ташкент падпісалі 20 двухбаковых пагадненняў. Сярод іх бізнес-выданне вылучае два: аб будаўніцтве чыгуначнага тунэля ад узбекскай Ферганскай даліны да асноўнай чыгуначнай сеткі краіны, а таксама
кітайскі план інвестыцый у найбуйнейшую тэкстыльную кампанію Ферганскай даліны - кампанію «Бабур».
Румынія і Беларусь - галоўныя вытворчыя плацдармы Кітая ў Еўропе. З Румыніяй было дасягнута пагадненне аб сумесным будаўніцтве хуткасных чыгунак, пры гэтым Кітай таксама возьме ўдзел у
будаўніцтве ядзернага рэактара ў Чэрнаводэ. Недалёка ад Мінска будуецца індустрыяльны парк, і Беларусь з Кітаем дасягнулі пагаднення аб усебаковым стратэгічным партнёрстве ў 2014-2018 гадах.
У спісе кітайскіх планаў - інвестыцыі ў будаўніцтва трасы «Чорнае мора» ў Баўгарыі, а таксама шэраг дамоваў з Украінай. Праўда, украінскі бок пазней назваў іх
«пагадненнямі» - гэта значыць дакументамі, якія не падмацаваныя грашыма, тлумачыцца ў артыкуле. Але Пекін і Кіеў маюць намер супрацоўнічаць у энергетыцы, у асаблівасці - у
газіфікацыі вугалю, дадае выданне.