«Рэгіянал» Цароў: У Львове высадзіліся амерыканскія войскі

Украінскі дэпутат распавёў аб прыбыцці ва Украіну войскаў НАТА. Член Партыі рэгіёнаў Алег Цароў заявіў пра гэта членам Грамадскай палаты Расіі. Ён выказаў меркаванне, што войскі ЗША прыбылі для «сілавога ціску на ўлады Украіны».



palityczny_pravakatar.jpg

Аб скандальнай заяве дэпутата напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў.

«Алег Цароў заявіў членам Грамадскай палаты Расіі, што ў Львове пачалася высадка амерыканскіх салдат. Нібыта для ўдзелу ў сумесных вучэннях, але мы ж разумеем - «для сілавога ціску на ўлады Украіны».
Заява гэта ўзрушыла маскоўскіх «ястрабаў». Не выключана, што яна стане ідэалагічнай падставай для ўжо не віртуальнага ўводу войскаў ва Украіну. Толькі не амерыканскіх. Расійскіх», - напісаў журналіст.


Гэтую інфармацыю «рэгіянал» пазней пацвердзіў у інтэрв'ю парталу «Цензор.НЕТ», спаслаўшыся на Мінабароны Украіны.


Як паведамляюць расійскія СМІ, Цароў, які выступаў па відэасувязі з Кіева падчас пасяджэння Грамадскай палаты Расіі, прысвечанай сітуацыі ва Украіне, заявіў, што, як «чакаюць многія, пік сілавога ціску на ўлады Украіны будзе прыходзіцца на гэты тыдзень». Такая сітуацыя, паводле слоў украінскага парламентарыя, звязаная, у тым ліку, з адкрыццём Алімпійскіх гульняў у Сочы. Як заявіў Цароў, «у Львове ўжо пачалася высадка амерыканскіх салдат». Паводле слоў парламентарыя, падаецца ўсё гэта як падрыхтоўка да афіцыйна вызначаных на сакавік сумесных вучэнняў войскаў НАТА і Украіны. Нібыта неабходна загадзя падрыхтаваць людзей і тэхніку для вучэнняў.