Калі вагнераўцы прыйдуць у Беларусь? Вось што кажуць у самой ПВК

Учора Уладзімір Пуцін заявіў, што найміты ПВК «Вагнер», якія ўдзельнічалі ў ваенным мяцяжы, змогуць «адысці ў Беларусь», а тыя, хто хоча, — падпісаць кантракты з Міністэрствам абароны Расіі. Цяпер галоўнае пытанне — колькі чалавек адправяцца ў нашу краіну, калі і дзе яны будуць знаходзіцца. Па адказы на гэтыя пытанні «Люстэрка» патэлефанавала ў цэнтры набору кампаніі.

Вагнераўцы ў Растове. Фота: «Reuters»

Вагнераўцы ў Растове. Фота: «Reuters»

Карэспандэнт «Люстэрка» пад выглядам удзельніка вайны ва Украіне датэлефанаваўся ў галоўны вербавальны цэнтр ПВК Вагнера і спытаў, ці ёсць у яго магчымасць цяпер перавесціся ў Беларусь.

— У якую Беларусь? Куды вы сабраліся пераводзіцца?

— Але Пуцін жа сказаў, што можна.

— Мы працуем у штатным рэжыме. У нас база знаходзіцца ў Краснадарскім краі, хутар Молькіна.

— Але я знаходжуся ў зоне СВА, хачу перавесціся ў Беларусь…

— Мы ні ў якую Беларусь не збіраемся ехаць. Такой інфармацыі ў нас няма.

Далей карэспандэнт патэлефанаваў па іншым нумары галоўнага вербавальнага цэнтра. Назваўся зацікаўленым суіскальнікам, каб даведацца, ці ёсць магчымасць уладкавацца на службу ў ваенную кампанію, якую, па ідэі, мусілі расфарміраваць пасля таго, як стала вядома, што ўсіх яе байцоў абавяжуць падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны Расіі. Супрацоўнік ПВК паведаміў, што набор працягваецца, але пра тое, што наймітаў могуць адправіць у Беларусь, пакуль нічога не чулі.

— Прачытаў, што можна ў вас запісацца, каб трапіць у Беларусь. Як гэта зрабіць?

— Не ведаю, мы тут, у цэнтры, я туды яшчэ дарогі не ведаю.

— Ужо набіраюць людзей, каб у Беларусь ехаць?

— Ніхто нікога не набірае. Мы тут, на месцы.

— А калі нешта будзе ясна?

— Не ведаю. Нам не дакладваюць. У мяне такой інфармацыі няма.

— Калі цяпер запісвацца, то куды адправяць?

— На спецыяльную ваенную аперацыю, ва Украіну.

— А ў Беларусь яшчэ нікога не набіраюць?

— Не, і пакуль ніхто не збіраецца.

У цэнтры набору ПВК Вагнера ў Астраханскай вобласці ўдакладнілі ўзрост нашага журналіста і стан здароўя, наяўнасць судзімасцей, ці не знаходзіцца ён у вышуку або пад следствам і прапанавалі запісацца ў шэрагі наймітаў, папярэдне прайшоўшы тэст на фізічную падрыхтоўку. На ўдакладняльныя пытанні наконт таго, ці зможа навабранец адправіцца разам з Яўгенам Прыгожыным у Беларусь, адказалі, што не.

— Мы ўсё гэтак жа адпраўляем ва Украіну. Куды адправяць — туды і бяруць. Ні ў якую Беларусь пакуль нікога не адпраўляюць. Усё праз навучальны цэнтр. Спачатку вучымся тры тыдні ў Краснадарскім краі, потым едзем у зону СВА.

Той факт, што прыём людзей у ПВК Вагнера працягваецца, пацвердзілі і ў цэнтры набору ў Калінінградзе. Але пра Беларусь і там нічога не чулі.

— Пакуль адпраўляем у Молькіна, Беларусь тут пакуль ні пры чым. Там навучальны цэнтр, і пасля яго будуць размяркоўваць. Пакуль іншых указанняў не было.