Вадзім Мажэйка: Стварэнне базы ПВК Вагнера ў Беларусі — найгоршы сцэнарый
Увечары 26 чэрвеня ў медыях было анансаванае «лёсавырашальнае» выступленне Уладзіміра Пуціна. У 22:10 паводле мінскага часу прэзідэнт Расійскай Федэрацыі зрабіў пяціхвілінны зварот да грамадзянаў наконт сітуацыі з ПВК Вагнера. Але, па вялікім рахунку, ніякіх гучных заяваў зроблена не было, акрамя словаў падзякі расійскім грамадзянам і вайскоўцам за вытрымку і патрыятызм.
«Белсат» пацікавіўся ў каардынатара беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзіма Мажэйкі, што гэта было і як трэба ўспрымаць гэты зварот у сённяшнім палітычным кантэксце.
Найгоршы сцэнар для Беларусі
На думку Вадзіма Мажэйкі, улада, якая лічыць, што перамагла мяцеж, мусіць драматургічна завершыць усё падобным зваротам, у якім тых, хто загінуў, назваць героямі, выказаць усім падзяку хаця б на словах, звярнуцца да змоўцаў і прапанаваць ім опцыі: або пайсці служыць паводле кантракту, або з’ехаць у Беларусь. І ў гэтым, бадай, асноўны драматургічны сэнс гэтага паслання, паколькі ў астатнім ён не нясе нічога прынцыпова арыгінальнага. Хіба акрамя навіны, што Расія разлічвае на тое, што ў Беларусь можа сысці не толькі Прыгожын, але і ягоныя найміты. Бо раней пра гэта казаў толькі прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў і вельмі агульна, а цяпер ужо выказаўся сам Уладзімір Пуцін.
Гэта адзіны цікавы момант з усяго выступу, на думку палітычнага аглядальніка, але для Беларусі ён асноўны, бо калі гаворка вялася толькі пра Прыгожына – гэта адно, а калі пра стварэнне базы для ягонай ПВК, то гэта адзін з найгоршых сцэнароў для краіны.
Нарада з сілавікамі – працяг гісторыі
Вядома, што пасля свайго выступу Пуцін сабраў на нараду ўвесь сілавы блок разам з міністрам абароны Сяргеем Шайгу. На думку эксперта, гэта лагічны працяг выступу: бо мяцеж быццам бы скончыўся, але на самай справе гэта не так, лічыць Вадзім Мажэйка.
Мы бачылі толькі першую публічную фазу, гаворыць эксперт, бо Прыгожын «застаецца там, дзе застаецца», ПВК Вагнера застаецца такой жа, якой і была, а сам канфлікт прыватнай вайсковай кампаніі з інстытуцыйнымі сілавікамі нікуды не падзеўся. І нават калі ў Расіі прымуць закон пра ПВК або ў выпадку, калі Прыгожын легалізуецца праз беларускую юрысдыкцыю, сама сутнасць канфлікту таксама не знікне. Як нязменным застаецца і той факт, што да вагнераўцаў звярталіся таму, што расійскае войска не здольнае эфектыўна весці вайну ва Украіне. Таму пакуль мы бачым, што ўсе прычыны канфлікту засталіся такімі ж самымі, якімі і былі. А калі ўсё засталося, кажа палітычны аглядальнік, то можа паўтарыцца і сам канфлікт або магчыма нейкае іншае яго развіццё.
«Пакуль нічога не скончана, то і нарада з сілавікамі лагічная, бо трэба рабіць разбор палётаў у Крамлі, бо для іх усё выглядае так сабе», – адзначыў эксперт.
Ці не саскочыў Лукашэнка ў апошнюю хвіліну?
Цікава, што перад выступленнем у тэлеграм-каналах ішоў маштабны анонс не толькі прамовы Пуціна, але і адказаў на пытанні ад Аляксандра Лукашэнкі. Але ў выніку мы даведаліся, што беларускі кіраўнік будзе выступаць толькі на наступны дзень. Ці не сведчыць гэта пра тое, што планавалася нейкая супольная заява, з якой Лукашэнка ў апошнюю хвіліну «саскочыў»?
На думку Вадзіма Мажэйкі, пакуль дакладна не зразумела, што хацелі абвесціць і ці збіраліся гэта рабіць наогул. Але важна адзначыць наступнае: прэс-служба Лукашэнкі і беларускія прапагандысты піярылі ролю беларускага кіраўніка як міратворца ў Расіі. Аднак пры гэтым не было ніякіх згадак пра лёс Прыгожына і тым больш наймітаў Вагнэра ў Беларусі, не было згадак пра тое, ці легалізуюць вагнэраўцаў у краіне, ці пабудуюць ім базу, ці стане Беларусь для іх транзітным хабам.
Таму, на
думку Вадзіма Мажэйкі, выглядае, што ў Мінску на той момант публічна яшчэ не было прынятае рашэнне, як гэта ўсё
будзе выглядаць. Бо прыбыццё такой узброенай групы бунтароў нясе велізарныя
рызыкі для Беларусі, і таму тут сапраўды не варта спяшацца. Нават Лукашэнку
трэба нейкі час, каб зразумець, якім можа быць фармат прысутнасці вагнераўцаў у
Беларусі, пры якім беларускі кіраўнік палічыць, што рызыкі ніжэйшыя за
магчымасці.