ААН забараніла Грузіі высылаць праваабаронцу Рамана Кісляка ў Беларусь
Камітэт па правах чалавека ААН пачаў вытворчасць па скарзе праваабаронцы Рамана Кісляка супраць Грузіі, яго запатрабавалі не высылаць у краіну паходжання. Пра гэта сам Кісляк паведаміў "Позірку".

“Па правілах працэдуры камітэт накіраваў сёння дзяржаве Грузіі праз дыпустановы інфармацыю аб рэгістрацыі скаргі і ўсе прыкладзеныя дакументы. І не пазней за 19 лютага 2026 года афіцыйны Тбілісі павінен падаць усю інфармацыю і заўвагі адносна прымальнасці паведамлення — паўгода даецца“, — адзначыў Кісляк.
Па словах праваабаронцы, "у адпаведнасці з правілам працэдуры ад дзяржавы-ўдзельніцы патрабуецца абавязацельства не высылаць [яго] у Беларусь да завяршэння разгляду камітэтам" скаргі.
17 жніўня праваабаронца паведаміў "Позірку", што падаў скаргу ў Камітэт на парушэнне сваіх правоў адмовай у прытулку ў Грузію.
Глядзіце таксама

Кісляк сцвярджае, што гэтым была створаная сітуацыя, калі яму пагражае дэпартацыя ў Беларусь: "Акрамя таго, я папрасіў часовыя меры абароны, якія прадугледжаныя правіламі працэдуры, каб пакуль маю скаргі разглядалі, мяне не дэпартавалі, не выдваралі, не экстрадавалі".
У першай палове 2025 года Грузія адмовіла ў прадастаўленні прытулку 16 грамадзянам Беларусі, уключаючы траіх непаўналетніх, вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу статыстыкі мясцовага МУС.
Найбольш вядомы кейс — у Кісляка, які ў ліпені 2025 года беспаспяхова завяршыў праходжанне ўсіх унутраных працэдур абскарджання адмовы ў прытулак. У яго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта (яго немагчыма замяніць за мяжой пасля забароннага ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года), на працягу 30 дзён праваабаронца павінен пакінуць краіну.