Самалёт Прыгожына заўважаны ў Мачулішчах
Бізнес-джэт кіраўніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына (рэгістрацыйны нумар RA-02795) прызямліўся на вайсковым аэрадроме Мачулішчы ў Мінскім раёне. Пасадка адбылася ў 07:40, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
Адзначаецца, што праз 18 хвілін пасля бізнес-джэта Прыгожына ў Мачулішчах прызямліўся іншы бізнес-джэт.
Бізнес-джет BAe 125-800B з рэгістрацыйным нумарам RA-02878 прыляцеў з Санкт-Пецярбурга і прызямліўся на ваенным аэрадроме Мачулішчы ў 7:58.
Хто прыляцеў у Беларусь на гэтых самалётах, не паведамляецца.
Цалкам магчыма, што адным з пасажыраў з'яўляецца ўласнік борта Яўген Прыгожын, які ў Расіі абвешчаны здраднікам пасля няўдалана мяцяжу напрыканцы мінулага тыдня. Варта дадаць, што з 24 чэрвеня былога пуцінскага кухара не бачылі ўжывую. Учора ён толькі выпусціў аўдыя, у якім, зрэшты, не сказаў пра свае планы і сваё актуальнае месцазнаходжанне.
Між тым учора пад самую ноч Уладзімір Пуцін не змог легчы спаць, каб не выступіць са зваротам да расійскага грамадства. Яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў анансаваў выступ як такі, які «без перабольшанняў зменіць гісторыю Расіі».
Насамрэч, атрымаўся пшык. Як звычайна, у сваіх апошніх выступах, Пуцін «наліў вады».
Ён сказаў, што спробы «навесці смуту» ў Расіі асуджаныя на правал. «Усіх аб'яднала адказнасць за лёс Айчыны. Былі прынятыя ўсе рашэнні па нейтралізацыі пагрозы, па абароне канстытуцыйнага ладу і бяспекі грамадзян», — сказаў Пуцін, маючы на ўвазе няўклюдны прыгожынскі бунт.
Са слоў Пуціна, здраднікі, заходнія ворагі і «нацысты» ва Украіне хацелі, каб Расія «захлынулася ў крывавай міжусобіцы». Аднак «арганізатары бунту, здрадзіўшы сваёй краіне і народу, здрадзілі і тым, каго ўцягнулі ў злачынства. Хлусілі ім, штурхалі іх на смерць, пад агонь, на тое, каб страляць у сваіх», — сказаў ён.
Пуцін згадаў назву ПВК Вагнера і назваў наймітаў «патрыётамі Расіі , адданымі свайму народу і дзяржаве». «Іх паспрабавалі выкарыстаць наўгад супраць сваіх братоў па зброі, з якімі яны разам змагаліся дзеля краіны і яе будучыні», — заявіў Пуцін.
Таксама ён згадаў загінулых падчас бунту лётчыкаў, тым самым пацвердзіўшы іх смерць, але не ўдакладніў дэталі.
Ён таксама назваў героямі саміх вагнераўцаў. Ён падзякаваў наймітам, якія «прынялі адзіна правільнае рашэнне» і «спыніліся ля апошняй рысы». Ён прапанаваў ім некалькі варыянтаў: заключыць кантракт з Мінабароны РФ, вярнуцца да блізкіх або сысці ў Беларусь.
Таксама ў канцы прамовы Пуцін падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за «ўнёсак у мірнае вырашэнне сітуацыі».
Пасля беззмястоўнага выступу, які выклікаў расчараванне нават у прапуцінскіх турбапатрыётаў, Пуцін правёў экстраную нараду з сілавікамі, на якой падначаленыя яму генералы выглядалі надта змрочнымі. Прысутнічаў на нарадзе і міністр абароны Сяргей Шайгу — галоўны антаганіст апальнага Прыгожына.
Адметна, што таксама ўчора позна вечарам, ледзь не сінхронна з пуцінскім, анансаваўся і зварот Лукашэнкі. Але потым беларуская прапаганда перайграла сітуацыю і паведаміла, што стэндап іх боса адбудзецца сёння, 27 чэрвеня.