Як адбыўся першы імпічмент у незалежнай Беларусі
Роўна 30 гадоў таму, 26 студзеня 1994 года, пасаду старшыні Вярхоўнага Савету вымушаны быў пакінуць Станіслаў Шушкевіч.
Шушкевіча намагаліся прыбраць даўно. Паводле падлікаў газеты «Свабода», па стане на 1 студзеня 1994 г. за папярэднія паўгода яго спрабавалі зрынуць аж шэсць разоў. Адзін раз палітыка выратаваў гіпертанічны крыз: з-за хваробы старшыні галасаванне пра адстаўку адклалі. Іншы раз — дэмарш Ельцына, які забараніў Кебічу «капаць» пад Шушкевіча, які выступіў саюзнікам Крамля ў кастрычніку 1993-га.
Wikipedia падае ўвогуле фантастычную гісторыю. Увосень 1993-га высокапастаўленыя чыноўнікі Савета Міністраў, старшыні аблвыканкамаў і некаторыя дэпутаты Вярхоўнага Савета правялі шэраг тайных сходаў, на якіх было вырашана арганізаваць працэдуру адстаўкі Шушкевіча і фарсіраваць увядзенне інстытута прэзідэнцтва пад Кебіча. Душой змовы быў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Арцыменя. Аднак 20 верасня 1993 года ён быў забіты, верагодна, рускай мафіяй, у выніку чаго Шушкевіч захаваў сваю пасаду.
Зрэшты, значна часцей Шушкевіча ратавала не кілеры, а сітуатыўная падтрымка дэмакратаў у парламенце. Напрыклад, так здарылася ў снежні 1993-га, калі Шушкевіча атакаваў дэпутат Аляксандр Лукашэнка, хайпуючы на тэме карупцыі.
Так ці інакш, на пачатку чарговай сесіі ВС, якая стартавала18 студзеня, апазіцыя анансавала новую спробу імпічменту. Працэс расчаравання ў эліце на гэты час набыў прыкметную дынаміку. Адназначным заканадаўцам палітычнай моды ў краіне лічыўся Жырыноўскі, чыя партыя на снежаньскіх выбарах у расійскую Думу атрымала другое месца. Прэса пісала, што на пасаду «фюрэра» беларускай секцыі ЛДПР прэтэндавалі ажно шэсць чалавек. Кожны з тых шасці мясцовых «жырыкаў» актыўна запісваў у шэрагі ліберал-дэмакратаў, хоць такая структура не была зарэгістраваная. У вялікай часткі грамадства імкліва рос запыт на моцную руку.
Закладнікам феномена імклівага расчаравання элітай аказаўся старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, які фармальна ўзначальваў дзяржаву. Многія палітыкі, у тым ліку, прадстаўнікі Саўміна, спрабавалі зрабіць сабе піяр, патрабуючы адстаўкі спікера.
Фармальнай падставай для імпічменту на гэты раз стаў інцыдэнт з удзелам двух лідараў кампартыі Літвы, якія збеглі ў Мінск пасля распаду СССР. У студзені літоўскія спецслужбы праніклі ў Мінск, затрымалі камуністаў, каб пасля вывезці ў Вільнюс. Пры гэтым у КДБ не ведалі, што па падведамаснай ім тэрыторыі шныраць замежныя джэймсы бонды. Не было праінфармавана Літвой і наша МЗС. Дзіўна выглядаюць і паводзіны памежнікаў, якія выпусцілі за мяжу аднаго з літоўскіх камуністаў, хаця той не меў на руках пашпарта.
Праўда, былі праінфармаваныя пра аперацыю ў пракуратуры і міліцыі, кіраўніка якой і атакавала левая апазіцыя ды фракцыя Кебіча (той канфліктаваў з дырэктарам МУС). Дэпутатам прапанавалі рэзалюцыю пра адстаўку галоўнага чэкіста Шыркоўскага і міністра МУС Ягорава.
Адстаўкі сілавікоў супраціўляліся дэмакраты, якія лічылі Ягорава гарантам невыкарыстання міліцыі супраць народа. А вось дэпутат Аляксандр Лукашэнка меў асобае меркаванне — заклікаў разам з Ягоравым і Шыркоўскім у адным пакеце пазбавіцца ад Шушкевіча і Кебіча.
У Авальнай зале, дзе бушавалі жарсці, тады было яшчэ не вядома — адначасова ў суседні з парламентам квартал (там, дзе знаходзіцца Тэатр аперэты – Музкамедыі) увайшла частка ўнутраных войскаў. Справа запахла спробай ваеннага перавароту...
«Якая краіна, такі і пераварот», — так пазней іранічна рэагавала прэса на дзіўныя рухі часткі ўнутраных войскаў у раёне Тэатру аперэты 18 студзеня 1994-га. Наблізіўшыся да парламенту, дзе праходзілі дэпутацкія баталіі, сілавікі раптам чамусьці рэціраваліся. У выніку імідж Вярхоўнага Савета пацярпеў: заканадаўчы орган празвалі «аперэткай» — з намёкам на тое, што салідны парламент дакладна маглі разагнаць.
Між тым у «аперэтцы» было вельмі спякотна. На той сесіі ляцелі галовы многіх міністраў. А 26 студзеня быў адкліканы з пасады спікера Станіслаў Шушкевіч. Адстаўка, як вядома, адбылася дзякуючы Лукашэнку, які прадставіў праект рэзалюцыі аб асабістай адказнасці кіраўніка ВС за недастатковую барацьбу з карупцыяй. Пытанне ўдалося паставіць на галасаванне і атрымаць патрэбную колькасць галасоў.
Як адзначаюць сучаснікі, імпічмент атрымаўся дзякуючы таму, што пэўная частка дэпутатаў Дэмклубу, у адрозненні ад снежня 1993-га, цяпер была супраць Шушкевіча.
Мяркуючы па каментарах сучаснікаў, Шушкевіч сапраўды вычарпаў рэсурс лавіравання паміж фракцыямі дэмакратаў і наменклатуры. «Свабода» пісала: «За 885 дзён кіраўніцтва Шушкевіч мала чым дапамог дэмакратыі, хаця факт яго прысутнасці на пасадзе кіраўніка дзяржавы трохі стрымліваў наменклатуру». Аднак пры ўсім гэтым аўтар Ігар Гермянчук меркаваў, што «адстаўка (Шушкевіча) паскорыць канец рэжыму (Кебіча)».
Найбольш буйна, падаецца, адзначыў сыход Шушкевіча дэпутат Анатоль Лябедзька. Ён і яшчэ два дэпутаты ўвечары 26-га адправіліся «фестываліць» у рэстаран, каб у выніку пасварыцца з-за палітыкі з нейкім Гасюком. Пачалася бойка. Гасюк бутэлькай шампанскага зламаў аднаму з апанентаў сківіцу. Падаспелым ахоўнікам парадку, каб супакоіць Анатоля, які заступіўся за сябра, давялося надзець на палітыка кайданкі.
Каб закрыць тэму, трэба нагадаць, што ў той жа дзень, калі ў парламенце спісалі Шушкевіча, памёр Алесь Адамовіч. Інтэлігенцыя, як пісала «Знамя Юности», убачыла ў гэтым сімвалічны знак бяды для ўсёй Беларусі. І як паказалі наступныя падзеі, не памылілася.