Грамадскі актывіст Юрый Рубцоў пасля адбыцця арышту ў Мінску затрыманы ў Гомелі

Гомельскі актывіст Юрый Рубцоў пасля адбыцця арышту ў Мінску затрыманы па вяртанні дадому ў Гомелі і знаходзіцца ў ІЧУ.



odnoklassniki_ru.jpg

Фота odnoklassniki.ru

21 мая тэрмін яго арышту скончыўся. Сталічныя міліцыянеры не выпусцілі яго з будынка цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе Рубцоў адбываў пакаранне, а адвезлі на чыгуначны вакзал і там вызвалілі. Як паведаміла БелаПАН жонка Рубцова, 21 мая ў 22.30 муж патэлефанаваў ёй і сказаў, што выязджае ў Гомель на цягніку. Але раніцай дадому не прыйшоў, і ніякіх звестак ад яго не было. 23 мая высветлілася, што Рубцоў знаходзіцца ў гомельскім ІЧУ. У ізалятары БелаПАН паведамілі, што жыхар Гомеля знаходзіцца ў іх за ўчыненне нейкага адміністрацыйнага правапарушэння, але адмовіліся растлумачыць, якога менавіта.
 

Нагадаем, у Мінску Рубцоў адбываў 25-сутачны арышт. Ён быў затрыманы міліцыяй пасля традыцыйнай масавай акцыі апазіцыі "Чарнобыльскі шлях" 26 красавіка. На шэсці Рубцоў прысутнічаў у футболцы з надпісамі "Лукашэнка, сыходзь!" і "Арыштуйце мяне! Падстава? Я супраць Лукашэнкі!".
 

28 красавіка суддзя суда Савецкага раёна Мінска Кірыл Палулех прызнаў гамяльчаніна вінаватым у "непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы", "дробным хуліганстве" і пакараў арыштам. Варта зазначыць, што ў суд міліцыя прывезла актывіста без футболкі, голым да пояса. Футболку ў Рубцова канфіскавалі.

Алена Германовіч, БелаПАН