Франак Вячорка: Дыялог паміж Захадам і рэжымам Лукашэнкі немагчымы
Перамовы павінны быць паміж беларускім грамадствам і прадстаўнікамі рэжыму, а не паміж Захадам і Лукашэнкам. Паміж Захадам і рэжымам нічога не можа быць, бо рэжым Лукашэнкі нелегітымны, гэта проста група людзей, якая захапіла ўладу. Пра гэта ў размове з «Еўрарадыё» заявіў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародных пытаннях.
Па яго словах,
рэжым Лукашэнкі ўсё адно прыкладае намаганні для пачатку гэтых перамоваў:
— Напрыклад, што
робіць Макей: ён гуляе ў незалежнага чалавека. Ён прыязджае і сустракаецца з
замежнымі міністрамі на розных канферэнцыях. Там ён кажа: «Я незалежны. Я
разумею, што Лукашэнка сябе неадэкватна паводзіць. Але калі вы не хочаце з ім
размаўляць, камунікуйце са мной». Гэта ён рабіў і раней, але цяпер ён робіць
гэта вельмі актыўна. Многія еўрапейскія палітыкі сапраўды вядуцца на тое, што
Макей, можа быць, і ёсць той прадстаўнік наменклатуры, які расколе эліты і
прывядзе Беларусь да дэмакратыі.
На думку Вячоркі,
згуляць на наіўнасці еўрапейскіх палітыкаў не атрымаецца:
— За ўсе гэтыя
гады Макей паказаў, што ён ніякі не самастойны. Але гэтыя гульні адбываюцца. І,
на жаль, еўрапейцы часта трапляюць у гэтую пастку. Калі крыважэрны тыран
пачынае гаварыць мяккай мовай, спрабуючы спадабацца, то гэта выклікае такое
ўяўленне: «Можа, гэты звер і не такі кепскі». Дык вось мы тлумачым: не верце
таму, што звонку, глядзіце, што ўнутры. Пакуль не праведзена аніякіх рэформаў,
пакуль не панесена пакаранне за катаванне, не трэба купляцца на гэтыя ўлоўкі.
Яны вас падманваюць. І пакуль гэтае разуменне ёсць.
Чым даўжэй Святлана Ціханоўская будзе на міжнароднай арэне пра гэта казаць, тым менш шанцаў у рэжыму будзе такую карту разыграць, сцвярджае яе дарадца.