Чаму беларускі рэжым бачыць у айцішніках палітычных праціўнікаў. Адказвае Валерый Карбалевіч

Працэс, які дзяржаўныя СМІ трактавалі як ператварэнне Беларусі ў ІТ-краіну, меў нечаканыя, прычым палітычныя, наступствы. Новыя тэхналогіі, стварыўшы сучасныя сектары эканомікі, спарадзілі работнікаў з іншымі каштоўнасцямі і ладам жыцця, піша палітолаг Валерый Карбалевіч у аўтарскай калонцы на «Свабодзе». Прыводзім тэкст цалкам.

5f4faade_3602_4830_9a8c_09dc03e02530_w1023_r1_s.jpg

Пакуль абмяркоўваюцца наступствы заходніх сектаральных санкцый, беларускія ўлады рэалізуюць свае сектаральныя санкцыі супраць грамадзтва і эканомікі. Апошнімі месяцамі ліквідавалі структуры грамадзянскай супольнасці. Працягваецца масавая чыстка ў дзяржаўных арганізацыях і прадпрыемствах. Цяпер узяліся за замежныя кампаніі, ІП і ІТ-сектар.

15 снежня падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць Лукашэнка абазначыў патэнцыйных і, магчыма, рэальных палітычных праціўнікаў, нелаяльных уладзе, даволі шырока: «На прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці ў нас заўсёды былі праблемы. Айцішнікі і іпэшнікі ў вас таксама ёсць... Каб не адбылося гэтага і цяпер і каб нам не прыйшлося зноў па вуліцах з аўтаматамі бегаць».

Ну а праціўнікаў, па магчымасці, трэба нэйтралізоўваць. Апошнім часам ІП і ІТ-сектару ўлады павялічваюць падаткі, узмацняюць рэпрэсіі. За першыя два тыдні снежня былі затрыманыя пяць топ-менэджараў і распрацоўшчыкаў IT-кампаній. Штодня сілавікі выкладваюць новае пакаяльнае відэа з айцішнікамі.

Сапраўды, айцішнікі былі важнай складовай часткай мінулагодніх пратэстаў. Улады былі вымушаныя гэта прызнаць, насуперак прапагандысцкім упэўніванням, што пратэстоўцы — гэта крымінальнікі, наркаманы, прастытуткі і беспрацоўныя.

Лукашэнку гэта асабліва абурае: ён сам неаднойчы казаў — я ж іх сам спарадзіў, «сваімі грудзямі выкарміў». Маецца на ўвазе, што ён стварыў Парк высокіх тэхналогій, фактычна афшор з ільготнымі ўмовамі для гаспадарчых суб’ектаў. У верасні 2020 году Лукашэнка шчыра абураўся: «Скажыце, а што трэба айцішнікам? Я ж ужо для іх стварыў рай. Не, аказваецца, ім чагосьці не хапае». Затрыманых айцішнікаў прымушаюць на камеру апавядаць, якія ў іх заробкі, а потым транслююць гэта на дзяржаўных тэлеканалах.

Думаю, абурэнне Лукашэнкі шчырае. Ён сапраўды не разумее, як гэта можна яшчэ за нешта змагацца, за нейкую абстрактную свабоду, маючы высокія заробкі. Гэта па-за яго разуменнем.

Між тым даўно даказана, што наяўнасць вялікай сярэдняй класы — гэта аснова дэмакратыі. У гэтым сэнсе цікавы досвед так званых «азіяцкіх тыграў»: Тайвань, Паўднёвая Карэя і інш. У выніку мадэрнізацыі, якую ажыццявілі аўтарытарныя рэжымы, там з'явілася сярэдняя класа, якая запатрабавала дэмакратыі. Калі праблема выжывання вырашана, людзі пачынаюць думаць пра якасць жыцця, а яе неабходны складнік — свабода ў самым шырокім разуменні, магчымасць уплываць на палітычныя працэсы. Беларускі эканаміст Міхась Залескі пісаў: «Той, хто займеў грошай больш, чым на хлеб, чым далей, тым болей адчувае смак свабоды. А той, у каго грошай многа, мусіць задумацца пра бяспеку сваіх інвестыцый. Гэтак людзі адкрываюць свет права».

Таму цалкам лагічна, што працэс, які дзяржаўныя СМІ трактавалі як ператварэнне Беларусі ў ІТ-краіну, меў нечаканыя, прычым палітычныя, наступствы. Новыя тэхналогіі, стварыўшы сучасныя сектары эканомікі, у прыватнасці, ІТ-галіну, спарадзілі работнікаў з іншымі каштоўнасцямі і ладам жыцця. Яны стымулявалі канфлікт, стылёвы разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сферы, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай, і дамінуючай у краіне аўтарытарнай, іерархічнай кіроўнай вертыкаллю. Грамадзянская супольнасць Беларусі, гарызантальныя сувязі, якія актыўна запрацавалі ў 2020 годзе (тэлеграм-каналы і чаты), ствараліся на базе лічбавых платформаў.

ІТ-сектар яўна не ўпісваецца ў беларускую сацыяльную мадэль. Спыніць развіццё ІТ-тэхналогій, як і прыватнага бізнэсу, Лукашэнка не можа. І як бы ён ні трымаўся за дзяржаўны сектар эканомікі, штучна падтрымліваючы яго, ашукаць гісторыю не ўдасца.