ЕС увёў новыя санкцыі супраць лукашэнкаўскай Беларусі. Што і хто ў новым пакеце?

Еўрасаюз пашырыў санкцыі ў дачыненні да лукашэнкаўскай Беларусі. Чарговы санкцыйны пакет прыняты за абыход абмежаванняў, уведзеных супраць Расіі, а таксама накіраваны супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі – сілавікоў, прапагандыстаў, суддзяў. Што і хто ў новым пакеце еўрапейскіх санкцый?

184274_1_large.jpg

Паведамляецца, што ЕС новым санкцыйным пакетам увёў забарону на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналогій, якія спрыяюць ваеннаму ўдасканаленню краіны.

Новыя абмежавальныя меры ўключаюць забарону на экспарт у Беларусь шэрагу высокаадчувальных тавараў і тэхналогій, якія спрыяюць ваенна-тэхнічнаму развіццю краіны, агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналогій, прызначаных для выкарыстання ў авіяцыйнай і касмічнай прамысловасці.

У значнай меры новыя санкцыі ўніфікуюць абмежаванні супраць рэжыму ў Беларусі з санкцыйнымі мерамі ў дачыненні да Расіі.

Адзначаецца, што сённяшнія абмежавальныя меры ўводзяцца ў паскораным парадку, тэрміновасць звязаная з барацьбой супраць абыходу санкцый у дачыненні да пэўных высокаадчувальных тавараў і тэхналогій.

Пад санкцыі ЕС трапілі 38 фізічных асоб і тры юрыдычныя.

У пакет уключаны прадпрыемствы канцэрна «Белнафтахіма», ААТ «БМЗ» — кіруючая кампанія холдынгу «БМК» і Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова.


Глядзіце таксама

38 фізічных асоб гэта: Аляксандр Карніенка (начальнік папраўчай калоніі N17, Шклоў), Андрэй Пальчык (экс-начальнік ВК-1, Наваполацк), Аляксандр Кароль (старшы пракурор Генпракуратуры), Міхаіл Мурашкін (былы намеснік кіраўніка гарадскога аддзела МУС у Жодзіне), Мікалай Максімовіч (намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УВД Мінскага аблвыканкама), Пётр Арлоў (суддзя Мінскага гарадскога суда), Руслан Машадзіеў (начальнік ПК №1, Наваполацк), Сяргей Карчэўскі (начальнік рэжымнай часткі ПК №17, Шклоў), Сяргей Маслюкоў (начальнік выхаўчай калоніі, Бабруйск), Святлана Бандарэнка (суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска), Святлана Паходава (начальніца жаночай ПК №4, Гомель), Таццяна Пірожнікава (суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска), Таццяна Гракун (старшы пракурор пракуратуры Мінскай вобласці), Валянціна Зянкевіч (суддзя Мінгарсуда), Яўген Бубіч (начальнік ПК №2, Бабруйск), Юрый Васілевіч (начальнік ПК №14, Навасады), Раман Бізюк (пракурор Мінгарсуда), Сяргей Хрыпач (суддзя Мінгарсуда), прапагандысты Вадзім Гігін, Ксенія Лебедзева, Анастасія Бенедзісюк, Яўген Пуставы, Зiнаiда Балабалава (суддзя Наваполацкага гарадскога суда), Галіна Кніжонак (суддзя суда Мазырскага раёна), Ганна Лявусік (суддзя Ленінскага раённага суда Гродна), Генадзь Кудласевіч (суддзя Іванаўскага раённага суда), Інна Паўлоўская (суддзя Баранавіцкага раённага суда), Аляксандр Тараканаў (суддзя Шклоўскага раённага суда), Дзмітрый Бубенчык (суддзя Гомельскага раённага суда), Алег Харошка (суддзя Гомельскага абласнога суда), Алена Гормаш (суддзя суда Бабруйскага раёна і Бабруйска), Андрэй Тарасевіч (суддзя Глыбоцкага раённага суда), Ганна Асіпенка (суддзя суда Бабруйскага раёна і Бабруйска), Ірына Падкавырава (пракурор), Людміла Вашчанка (суддзя Глыбоцкага раённага суда), Уладзімір Давыдаў (суддзя Вярхоўнага суда), Вячаслаў Елісеенка (суддзя Докшыцкага раённага суда), Антон Каляга (следчы Галоўнага ўпраўлення цэнтральнага апарата СК).