Дзмітрый Ус стварае Партыю бізнесу
Экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, прадпрымальнік,Дзмітрый Ус, стварае Партыю бізнесу.
Дзмітрый Ус стварае партыю
Ідэя партыі ўзнікла ў прадпрымальніка ў сувязі з утварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза, які павінен пачаць функцыянаваць з 1 студзеня 2015 года, і на фоне, на думку Уса, ухілення беларускіх улад ад выканання сваіх абавязацельстваў у ходзе стварэння гэтага інтэграцыйнага ўтварэння.
Адной з мэтаў партыі, паводле слоў Уса, стане «данясенне да людзей інфармацыі аб Еўразійскім эканамічным саюзе і аб тым, што кіраўнцтва Беларусі перашкаджае яго стварэнню». Беларусі, упэўнены палітык, неабходныя лібералізацыя эканамічных адносін, прыватызацыя, стварэнне такога інвестыцыйнага клімату, які ўдыхнуў бы жыццё ў эканоміку.
«Партыя бізнесу» — рабочая назва праекта, удзельнікамі якога стануць як індывідуальныя прадпрымальнікі, так і буйныя бізнесмены, упэўнены Ус.
Цяпер рыхтуецца статут партыі, устаноўчы з'езд можа адбыцца восенню. Аднадумцы Уса — дробныя і буйныя бізнесмены, палітыкі, эканамісты.
Паводле слоў Уса, калі ўлады не зарэгіструюць партыю, гэта наглядна прадэманструе, што кіраўніцтва краіны не зацікаўлена ў інтэграцыі з Расіяй і сусветнай супольнасцю. Якім чынам партыя будзе існаваць і дзейнічаць у такіх умовах, палітык гаварыць пакуль не стаў.
Нагадаем, Дзмітрый Ус, прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года і асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, быў вызвалены 1 кастрычніка 2011 года на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН