«Дзіма, не я вінаваты!». Як Лукашэнка прыніжаўся ў Казані на дзіўным мерапрыемстве Пуціна

На мінулым тыдні кіраўнік Беларусі стаў часткай пацешнага мерапрыемства Уладзіміра Пуціна. На ім Аляксандр Лукашэнка выглядаў часам спалоханым, часам прыніжаным, піша «Салідарнасць».

Фота "Камерсант"

Фота "Камерсант"

21 лютага кіраўнік Беларусі прыляцеў з «рабочым візітам» у Расію. «Работай» было наведаць цырымонію адкрыцця міжнароднага высокатэхналагічнага турніру «Гульні будучыні».

Сваё месца і свой статус у гэтым мерапрыемстве Лукашэнка пазначыў сам ужо на старце, калі за невялікае спазненне стаў апраўдвацца нават не перад Пуціным, а перад яго прэс-сакратаром Пясковым.

— Дзіма, не я вінаваты! Проста мой стары сябар (кіраўнік Татарстана) пасяліў мяне ў лесе, — надаў свайму апраўданню форму жарту кіраўнік Беларусі.

Далей было яшчэ горш. Лукашэнка, вядомы сваімі рэтраграднымі поглядамі, нянавісцю да сучасных тэхналогій і абвінавачанняў у адрас маладых у тым, што яны «сядзяць у інтэрнэце і тыкаюць у тэлефон», у Казані заспяваў зусім інакш.

— Добра зрабілі. Я яшчэ не магу ўсё гэта ўсвядоміць, таму што не памацаў рукамі, — заявіў расійскім журналістам кіраўнік Беларусі. — Малайцы наогул. Магчыма, за гэтым і будучыня.

Выглядаў ён у гэты момант вартым жалю.

Дарэчы, што за «Гульні будучыні»? Сэнс фіджытал-спаборніцтваў заключаецца ў спалучэнні віртуальнага і рэальнага спорту. Напрыклад, ёсць фіджытал-хакей: спачатку ўдзельнікі спаборніцтваў гуляюць у хакейны сімулятар, а затым праводзяць матч на лёдзе ў фармаце тры на тры.

Адказаць на пытанне, навошта прэзідэнту РФ спатрэбілася склікаць калегаў на гэта спецыфічнае мерапрыемства, няпроста.

Што ў галаве ў Пуціна, які лётаў калісьці з жураўлямі, мы не ведаем. Можна толькі дапусціць, што падзея ў Казані — вартая жалю спроба ўладаў РФ неяк кампенсаваць адхіленне ад міжнародных спаборніцтваў праз напад на Украіну.

За тыдзень да «Гульняў будучыні» Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе якраз падоўжыла забарону для расійцаў і беларусаў на ўдзел у спаборніцтвах пад яе эгідай у любімым відзе спорту двух кіраўнікоў. Цяпер небаракі на старасці гадоў прывыкаюць да фіджытал-хакея.

Прыніжэнне Лукашэнкі працягнулася пры выступе Пуціна на цырымоніі адкрыцця «Гульняў будучыні». Кіраўнік РФ, які зацягнуў у Казань на пацешнае мерапрыемства кіраўнікоў Беларусі, Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана і Таджыкістана, пасля сваёй прамовы папрасіў калег сказаць «два словы» (так і сказаў! Маўляў, больш часу няма). Пуцін з мікрафонам накіраваўся да кіраўнікоў суседніх краін, якія сядзяць побач, нібы яны яго піянератрад. Першым быў Лукашэнка.

— Наперад у будучыню, сябры! — выпаліў кіраўнік Беларусі.

У гэты момант магло падумацца: што гэта з ім? Разгадку можна выявіць, калі паглядзець відэа цалкам. Лукашэнка перайшоў на беларускую мову не па сваёй волі.

Па задумцы арганізатараў, кожны з кіраўнікоў залежных ад Масквы краін павінен быў вымавіць словы на нацыянальнай мове — так падкрэсліваўся міжнародны статус спаборніцтваў.


Глядзіце таксама

Для аб'ектыўнасці: прыніжаўся ў Казані не толькі Лукашэнка. Напрыклад, ацаніце заяву Касым-Жамарта Такаева.

— Я дзякую паважанаму Уладзіміру Уладзіміравічу за правядзенне гэтых гульняў. Гэта ўнікальныя гульні, якія не маюць аналагаў, магчыма, у сучасным свеце. Я ўсім жадаю поспехаў. Давайце правядзем наступныя гульні ў Казахстане! — сказаў кіраўнік Казахстана, пераходзячы ўсе межы ліслівасці.

А назіраючы за абыходам калегаў Пуціным з мікрафонам, склалася ўражанне, што ў яго сілах было прымусіць іх вымавіць патрэбныя словы, калі спатрэбіцца.

Паколькі Лукашэнку ўжо цяжка даюцца авіяпералёты, ад паездкі ў Казань ён, падобна, адыходзіў увесь наступны дзень, не з'яўляючыся перад камерамі. Ёсць у прыніжэньня пачатак, няма ў прыніжэньня канца.