«Лукашэнка прадчувае, што вайна на сваёй фінальнай стадыі можа знішчыць яго рэжым»

Заканчэньне расейска-ўкраінскай вайны можа быць значна бліжэйшым і хутчэйшым, чым сёньня многім здаецца, піша на «Свабодзе» Віктар Багдзевіч.

1704311661_3339.jpg

Падчас вялікіх войнаў ХХ стагодзьдзя пасьля двух гадоў баявых дзеяньняў ужо бачыліся наперадзе прыкметы замірэньня і абрысы будучага пасьляваеннага сьвету. А як будзе ў выпадку зь цяперашняй расейска-ўкраінскай вайной?

У апошнія тыдні расейская армія нібыта дамагаецца пэўных посьпехаў. Пасьля шматмесячных штурмаў войскі РФ нарэшце ўвайшлі ў Аўдзееўку. Расея нарошчвае актыўнасьць на асобных участках 1000-кілямэтровага фронту, хоць пасоўваньне наперад можна заўважыць хіба што на буйнамаштабных тапаграфічных мапах. Іншымі словамі, прагрэс нібыта ёсьць, хоць усё гэта можа аказацца ілюзіяй, апошнімі высілкамі, кінутымі на алтар хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў, да якіх Пуцін павінен прыйсьці ў вобразе пераможцы. Хоць для ўсіх відавочна, што і Бахмут не Сталінград, і Аўдзееўка не Кёнігсбэрг, і Купянск не Бэрлін. Калі з такімі цяжкасьцямі даюцца кожныя некалькі квадратных кілямэтраў тэрыторыі, то што казаць пра вялікія геастратэгічныя памкненьні?

Разважаючы пра тое, калі і як скончыцца гэтая вайна, міжволі даводзіцца прыглядацца да войнаў мінулых — іхных этапаў, стадый, досьведу, расьцягнутасьці ў часе. Чалавечая прырода, як і прырода палітыкі, на працягу стагодзьдзяў мяняецца мала. Вайну спараджаюць і выклікаюць усё тыя ж дэманы, што і раней: чалавечая зайздрасьць, сквапнасьць, хцівасьць, славалюбства. І ўспрыманьне трагедый і жахаў, якія нясе вайна, у чалавечым асэнсаваньні мяняюцца падобным жа чынам. Таму параўнаньне выглядае правамерным. Тым больш што мы маем магчымасьць пераконвацца ў гэтым у рэжыме рэальнага часу. І расейскае, і ўкраінскае грамадзтва за два мінулыя гады прайшлі тыя ж стадыі стаўленьня да вайны, што і іхныя продкі шмат дзесяцігодзьдзяў таму: ад эўфарыі і патрыятычнага чаду — да расчараваньня і стомленасьці; ад чэргаў у камісарыяты — да сьлёз бездапаможнасьці і адчаю на сьвежых вайсковых пахаваньнях; ад марудлівасьці і нават пэўнай затарможанасьці заходніх дэмакратый на першых этапах — да ўсьведамленьня сур’ёзнасьці пагрозы і ўрэшце гатовасьці да рашучых дзеяньняў супраць агрэсара.


Глядзіце таксама

Туман вайны

Вялікія высокатэхналягічныя войны ХХ стагодзьдзя не расьцягваліся на дзесяцігодзьдзі. Вайна новага часу высмоктвае зь дзяржавы ўсе сілы — людзкія, фінансавыя, матэрыяльныя, духоўныя. Урэшце, ужо празь некалькі першых гадоў актыўных баявых дзеяньняў становіцца відавочна, што перамагае той, у каго больш саюзьнікаў, больш рэсурсаў, больш грошай, на чыім баку тэхнічная і тэхналягічная перавага.

Пра рэальны стан і расейскіх, і ўкраінскіх узброеных сіл можна меркаваць вельмі прыблізна: рэчаіснасьць, як звычайна падчас узброеных канфліктаў, хаваецца ў тым, што вядомы прускі военачальнік і тэарэтык Карл фон Кляўзэвіц яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя назваў «туманам вайны». На працягу апошніх тыдняў гучыць шмат галасоў наконт таго, што расейская армія нібыта імкліва аднаўляе свой патэнцыял і ледзь не рыхтуецца да хуткага нападу на краіны NATO. А ў той жа час Украіна з прычыны недастатковых паставак заходніх узбраеньняў нібыта вось-вось можа пацярпець новыя сур’ёзныя паразы і ледзь не адкрые дарогу расейскім захопнікам на Адэсу і Дніпро.

Дзе тут аб’ектыўны стан рэчаў, а дзе прапаганда ці сьвядомае ўвядзеньне ў зман і стратэгічныя хітрыкі — вялікае пытаньне. Калі сілы расейскай арміі такія значныя, то чаму ўсе ейныя посьпехі апошняга часу зьвяліся да ўзяцьця Аўдзееўкі, раней мала каму вядомага райцэнтру Данецкай вобласьці, за які, паводле некаторых зьвестак, давялося заплаціць жыцьцямі больш як 15 тысяч расейскіх вайскоўцаў? А калі ўкраінская армія такая аслабленая, то чаму амаль паралізаваныя сілы і магчымасьці расейскага Чарнаморскага флёту, а ў той жа час адно за другім прыходзяць паведамленьні пра пасьпяховыя атакі супраць расейскай баявой авіяцыі, якая ўжо не адчувае сябе бясьпечна ва ўкраінскім небе?

Праўда ў тым, што на вайне нельга верыць на слова ніводнаму з бакоў. Любыя посьпехі і перамогі, паразы і правалы падманлівыя. Толькі самі варагуючыя бакі ведаюць пра рэальны стан рэчаў — пра тое, якімі сіламі валодаюць і на колькі яшчэ месяцаў ці гадоў актыўных баявых дзеяньняў хопіць у іх рэсурсаў. Праўдзівая інфармацыя, вядома ж, найстражэйшым чынам засакрэчаная. Пра рэальную сытуацыю можна даведвацца ці здагадвацца толькі ўскосным чынам. Больш-менш дакладны індыкатар — тое, які з бакоў шукае шляхоў выхаду з вайны і на якія саступкі гатовы дзеля таго, каб спыніць баявыя дзеяньні.


Глядзіце таксама

У акопах Першай сусьветнай

Праз два гады пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны, у сярэдзіне 1916-га, вонкава посьпех нібыта спадарожнічаў Нямеччыне і ейным саюзьнікам. Нямецкая армія за два папярэднія гады захапіла сотні тысяч квадратных кілямэтраў на захадзе Расейскай імпэрыі: Польшчу, Літву, значную частку Латвіі, палову Беларусі. Лінія фронту расьсякала Беларусь напалам — ад Браслаўскіх азёраў да пінскіх балот. Менск стаў прыфрантавым горадам. Усе папярэднія два гады Расея востра пакутавала ад «снараднага голаду». Расейскі генэрал Антон Дзянікін пазьней так успамінаў пра вялікае адступленьне 1915 года: «Вялікая трагедыя расейскай арміі — адступленьне з Галіцыі. Ні патронаў, ні снарадаў... Адзінаццаць дзён страшэннага гулу нямецкай цяжкай артылерыі, якая літаральна руйнавала цэлыя шэрагі акопаў разам зь іхнымі абаронцамі. Мы амаль не адказвалі — не было чым». Здавалася б, тое, на чыім баку перавага, відавочна.

Тым ня менш менавіта праз два гады пасьля пачатку вайны, у лістападзе-сьнежні 1916 года, Нямеччына і ейныя саюзьнікі прапанавалі Антанце мір. Антанта прапанову адхіліла, аргумэнтаваўшы тым, што мір немагчымы «да таго часу, пакуль не забясьпечана аднаўленьне парушаных правоў і свабод, прызнаньне прынцыпу нацыянальнасьцяў і свабоднага існаваньня малых народаў».

У сапраўднасьці генэральныя штабы і контравыведкі і аднаго, і другога бакоў ведалі: «снарадны голад» і Расеі, і ейных саюзьнікаў фактычна пераадолены. ВПК Антанты імкліва набіраў абароты, а супольныя рэсурсы гэтага блёку патэнцыйна значна пераўзыходзілі магчымасьці цэнтральных дзяржаў. А галоўнае, на баку антынямецкага блёку да вайны вось-вось гатовыя былі далучыцца Злучаныя Штаты. Нямецкая армія акупавала вялізныя тэрыторыі праціўніка, але патэнцыйна прайгравала вайну рэсурсаў.

Перамога краін Антанты няўхільна набліжалася. Выратаваньнем для Нямеччыны мог стаць сэпаратны мір з Расеяй. І Бэрлін зрабіў усё магчымае, каб яго дамагчыся. Аплямбаваны вагон з расейскімі рэвалюцыянэрамі на чале зь Леніным, адпраўлены на нямецкія грошы са Швайцарыі празь Нямеччыну, Данію і Швэцыю ў ахопленую рэвалюцыяй Расею, выканаў сваю ролю. «Сакрэтная зброя» нямецкага генштаба спрацавала, выбухнула і ўрэшце вывела Расею з вайны і нават выдаліла зь ліку пераможцаў. Праўда, самой Нямеччыне гэта ўрэшце мала дапамагло, бо ад паразы не ўратавала.


Глядзіце таксама

Апошняя надзея Гітлера

Праз два гады пасьля гітлераўскага ўварваньня ў СССР, улетку 1943-га, нямецкія арміі стаялі пад Смаленскам і Арлом, ля Харкава і Растова-на-Доне. Лінія фронту расьцягнулася ад Ленінграда на поўначы да Новарасійска на поўдні. Акупаванымі заставаліся ўся Украіна, Беларусь, Прыбалтыка. Здавалася, нішто не паказвала на хуткую паразу Гітлера.

Тым ня менш маецца шмат сьведчаньняў таго, што ўжо ў 1943-м і многія фашысцкія генэралы, і сам Гітлер усьведамлялі, што асуджаныя на паразу. Паводле ўспамінаў аднаго са штабных афіцэраў генэрала Ромэля, Ромэль пасьля Эль-Аламэйна і Сталінграда адважыўся сказаць Гітлеру, што вайна прайграная і яе трэба спыняць. На што Гітлер адказаў прыкладна так: «Я ня дурань, зразумела, я гэта ведаю. Наша адзіная надзея — весьці перамовы, але толькі з пазыцыі сілы».

Паводле нямецкага аса Эрыха Гартмана, Гітлер сказаў яму ў жніўні 1944-га, што вайна прайграная ў вайсковых адносінах, але што антыгерманская кааліцыя, якая аб’ядноўвае камуністаў і антыкамуністаў, настолькі хісткая, што павінна абваліцца ад уласных супярэчнасьцяў. Так што ўсё, што Нямеччыне неабходна зрабіць, гэта цьвёрда выстаяць да надыходу таго моманту, калі саюзьнікі перасварацца, а потым выйсьці з вайны, заключыўшы мір шляхам выгадных для сябе перамоў.

Пуцін шмат у чым пераймае стратэгію і тактыку Гітлера. Нахабства, разьлік на нерашучасьць праціўніка і на ягонае нежаданьне ўступаць у вайну, гульня на супярэчнасьцях — усё гэта пасьпяхова выкарыстоўваў Гітлер, асабліва на першым этапе вайны. Згадайма першыя месяцы пасьля гітлераўскага ўварваньня ў Польшчу ў верасьні 1939-га. Польшча, абараняючыся, разьлічвала, што Парыж і Лёндан, верныя саюзьніцкім абавязаньням, тут жа пачнуць баявыя дзеяньні. Замест гэтага пачалася «дзіўная вайна» — Францыя і Вялікая Брытанія зь верасьня 1939-га аж да 10 траўня 1940-га, хоць і абвесьцілі вайну Нямеччыне, фактычна не вялі ніякіх баявых дзеяньняў супраць Гітлера. Той спаўна выкарыстаў гэту адсутнасьць палітычнай волі: за гэтыя некалькі месяцаў ён пры спрыяньні і падтрымцы Сталіна паставіў на калені Польшчу, а пазьней захапіў Данію і Нарвэгію і пасьпеў падрыхтавацца да ўварваньня ў Францыю.

Становішча Пуціна ў пэўным сэнсе значна больш цяжкае, чым у Гітлера ў 1943-м. У Гітлера былі даволі моцныя саюзьнікі, ён кантраляваў амаль усю кантынэнтальную Эўропу зь яе прамысловасьцю. Сёньняшняя Расея трымаецца пераважна на сваіх унутраных рэсурсах. На якія яшчэ арсэналы яна можа спадзявацца, акрамя ўласных, ды яшчэ на пастаўкі ад некалькіх сяброў-ізгояў кшталту Ірану ды Паўночнай Карэі.

Падчас папярэдніх войнаў выручалі мала чым абмежаваныя людзкія рэсурсы. І ў 1914–1918 гадах, і ў 1941–1945 расейскія і савецкія правадыры ня надта зважалі на людзкія страты: вялізная імпэрыя зь пераважна сялянскім насельніцтвам спраўна пастаўляла рэкрутаў. «Гарматнага мяса» было ўдосталь, са стратамі ніхто асабліва не лічыўся. У сёньняшняй пуцінскай Расеі няма і гэтага. Застаецца хіба што гульня на супярэчнасьцях саюзьнікаў Украіны, на іх нерашучасьці і адсутнасьці палітычнай волі, нежаданьні ваяваць, спадзяваньні, што нешта кардынальна зьменіцца ў выніку восеньскіх выбараў у ЗША.


Глядзіце таксама

Прадчуваньні Лукашэнкі

Лукашэнка больш не гаворыць ні пра хуткую, ні ўвогуле пра якую-небудзь перамогу Расеі ў гэтай вайне. Наадварот, апошнім часам разважае пра тое, як у выпадку паразы Расеі Захад нібыта плянуе зрабіць перадзел іхнай тэрыторыі. І гэта кардынальная розьніца з тым, што ён казаў у 2021-м і на пачатку 2022-га, калі Пуцін толькі рыхтаваў уварваньне, а Лукашэнка быў далучаны да гэтага працэсу і яўна загадзя ведаў пра будучую вайну. У яе зыходзе ён тады ня меў сумневу (цытата ад 4 лютага 2022 года): «Зразумела, Украіна ніколі з намі ня будзе ваяваць: гэта вайна прадоўжыцца тры-чатыры дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць».

Ён прадказваў вяртаньне Ўкраіны «ва ўлоньне нашага славянства», пераможны марш расейскіх танкаў да Ля-Маншу і наступны падзел сьвету, дзе Пуцін разам зь ім, верным сатэлітам, адновіць гегемонію Расеі ва Ўсходняй Эўропе.

І вось цяпер, у лютым 2024-га, Лукашэнка накручвае падначаленых пагрозай трэцяй сусьветнай, загадвае «быць гатовымі да вайны і мэнтальна, і стратэгічна»; заклікае «адкінуць усе ілюзіі аб магчымасьці дыпляматычнага ўрэгуляваньня глябальнага канфлікту» і шматзначна папярэджвае палякаў пра нейкія хуткія правакацыі. Ён прадчувае, што вайна на сваёй фінальнай стадыі можа зачапіць і зьнішчыць ягоны рэжым. Ён намякае, якія правакацыі можа ўжыць Расея супраць Эўропы, каб вытаргаваць сабе лепшыя стартавыя ўмовы для пачатку перамоваў, якія могуць замарозіць канфлікт і спыніць вайну. І яўна аддае перавагу сцэнару, пры якім, незалежна ад таго, што ў фінале стане з рэжымам Пуціна, ягоную аднаасобную дыктатуру сьвет пакінуў бы ў спакоі. А дзеля гэтага імкнецца адгарадзіцца і застрашыць патэнцыйнага праціўніка ядзернай зброяй, «Палянэзамі», «Іскандэрамі», «С-400» і пагрозай «нанесьці праціўніку непрымальную шкоду».

Іншымі словамі, прамацвае глебу. Як заўсёды, нешта загадзя ведае са сваіх шматлікіх сакрэтных перамоваў з Пуціным. Прадбачыць хуткую разьвязку. Пра перамогу Расеі ўжо яўна ня мроіць. І адзінае, чым найбольш заклапочаны — як бы пасьля заканчэньня пуцінскай авантуры ацалець самому і захаваць ад абрынаньня свой уласны рэжым.