Дэфіцыт моцы

Жаданне Уладзіміра Някляева застацца ў палітыцы вартае ўхвалення — паэт-палітык не апусціў рукі і выказвае намер актыўных дзеянняў. Аднак ці не супярэчліва выглядае дыялог з тымі, хто не лічыцца і не збіраецца лічыцца з іншадумцамі, хто выбудаваў рэпрэсіўную сістэму супраць сваіх грамадзян? І ці магчымы плён прыгожага праекту «100 пытанняў ураду», ураду, які кіруецца жаданнямі аднаго чалавека і не рызыкуе слухаць альтэрнатыўныя меркаванні?

Жаданне Уладзіміра Някляева застацца ў палітыцы вартае ўхвалення — паэт-палітык не апусціў рукі і выказвае намер актыўных дзеянняў. Аднак ці не супярэчліва выглядае дыялог з тымі, хто не лічыцца і не збіраецца лічыцца з іншадумцамі, хто выбудаваў рэпрэсіўную сістэму супраць сваіх грамадзян? І ці магчымы плён прыгожага праекту «100 пытанняў ураду», ураду, які кіруецца жаданнямі аднаго чалавека і не рызыкуе слухаць альтэрнатыўныя меркаванні?
Натуральна, некалькіх дзён пасля вызвалення ад хатняга арышту, ізаляцыі недастаткова, каб выпрацаваць паўнавартасную праграму дзеянняў. Але ў цяперашняй няпростай сітуацыі, калі градус незадаволенасці ў грамадстве падвышаецца з кожным днём, відаць, ёсць сэнс звярнуцца да кансалідацыі народнага гневу, а не толькі да выпрацоўкі прыгожых планаў.
Апальным прыхільнікам ідэі дыялогу з уладамі летась быў лідар руху «За свабоду», экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. «Рэальнай супрацьвагай паступовай ліквідацыі нашага суверэнітэту было прапанавана аўтарытарнаму рэжыму праз Еўрасаюз узаемнае пакрокавае набліжэнне — крытычны абумоўлены дыялог. Тым самым паўстала прастора магчымага ўплыву на палітыку Мінска. ...Не буду хаваць: у мяне таксама, як і ў многіх маіх сяброў дэмакратычных поглядаў, была пэўная горыч. Як можна распачынаць супрацоўніцтва з уладай, якая сістэматычна парушае правы чалавека, прыніжае суграмадзян страхам і афіцыйнай хлуснёй, разбурае нацыянальную ідэнтычнасць? Але працяг самаізаляцыі — гэта пераўтварэнне нашай дзяржавы ў пратэктарат усходняга суседа. Думаю, у такой сітуацыі намі павінна кіраваць не пачуццё помсты, а жаданне захаваць Радзіму і забяспечыць яе рэальную незалежнасць», — выказваў летась сваю пазіцыю Мілінкевіч. За якую і быў няшчадна раскрытыкаваны.
«Дыялог у публічнай прасторы, у палітыцы — адна з падставовых рысаў палітыкі. Другая рыса — канфлікт, барацьба, якая мусіць адбывацца паводле правілаў. Любы палітык мусіць казаць пра дыялог, кампраміс, бо знішчальная барацьба можа быць смяротнай для ўсяго грамадства, — зазначае дарадца Мілінкевіча палітолаг Алесь Лагвінец. — Пра гэта трэба гаварыць, каб не было халоднай вайны ў краіне. Аляксандр Мілінкевіч яшчэ ў 2007 годзе напісаў ліст Лукашэнку, прагназуючы цяперашнюю сітуацыю, і сказаў, што гатовы спрыяць мадэрнізацыі Беларусі з умовай спынення палітычных рэпрэсій. Цяпер усе гэта толькі паўтараюць. Палітыка — гэта вырашэнне канфліктаў мірным спосабам. У нас канфлікты вырашаюцца гвалтоўна. Спыніць такую практыку — адна з задач пабудовы нармальнага грамадства. Трэба быць моцным, і тады цябе будуць слухаць. Маё асабістае меркаванне: цяпер апазіцыя недастаткова моцная, каб пайсці на дыялог. Трэба ўзмацняцца».
Палітолаг Віктар Чарноў пагаджаецца, што ідэю дыялогу прадукуюць не першы раз. Але ёсць аб’ектыўныя прычыны, што перашкаджаюць ёй стаць рэчаіснасцю. «Дыялог магчымы тады, калі за апазіцыяй стаяць рэальныя сілы — раззлаваны народ, незадаволены, з пратэстнымі настроямі. Калі ўлада бачыць, што такія сілы ёсць за нейкім палітыкам і з імі трэба лічыцца, то яна ідзе на дыялог, — гаворыць палітолаг. — За Някляевым такой сілы няма. Таму дыялог не адбудзецца, прынамсі ў бліжэйшай перспектыве. Улады не бачаць у ім сур’ёзнага суперніка. Магчыма, яго такім разглядалі да 19 снежня, гэта і была адна з прычынаў яго нейтралізацыі. Дэкларацыя намеру можа быць з разуменнем сустрэтая ў грамадстве, але на ўлады гэта не спрацуе. Тым больш цяпер ёсць ускладненне: адна з абавязковых умоў для пачатку дыялога ёсць вызваленне палітвязняў. І тут Някляеў ідзе крыху ўразрэз з агульнай устаноўкай апазіцыі».
Абмяркоўваючы прапанаваны праект «100 пытанняў ураду», Віктар Чарноў падкрэсліў, што яго найперш трэба рабіць і даносіць да людзей, да выбарцаў. «Апазіцыя неаднаразова прапаноўвала ўладам і сацыяльныя, і эканамічныя праграмы. Аднак у цэлым падобныя праекты цяпер патрэбныя не столькі ўладам, колькі грамадству. Яно мусіць пабачыць, што ў Беларусі, як і ў любой іншай краіне, ёсць альтэрнатыва афіцыйнаму курсу. Гэтыя праекты трэба піярыць, каб яны дайшлі да кожнага, хто цікавіцца палітыкай. Але што тычыцца названага адрасата — урада, то, я думаю, гэта бесперспектыўна. Магчыма, асобныя элементы могуць быць выцягнутыя з агульнага пакету, але не больш за тое», — называе памылкі з агучаных ідэй «Гавары праўду» Віктар Чарноў.