Беларусь ратыфікуе міжурадавае пагадненне аб бязвізавым рэжыме з Ізраілем
Беларусь завяршыла ўнутраныя працэдуры па ратыфікацыі міжурадавага пагаднення з Ізраілем пра адмену віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Дакумент апублікаваны 13 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Беларускім бокам пагадненне ратыфікавана адпаведным законам ад 4 студзеня 2015 года.
Як вынікае з тэксту пагаднення, уладальнікі сапраўдных нацыянальных пашпартоў вызваляюцца ад неабходнасці атрымліваць уязныя ці выязныя візы, калі наведваюць тэрыторыю іншага боку не больш чым 90
дзён на працягу паўгода з даты першага ўезду.
Калі грамадзяне маюць намер знаходзіцца на тэрыторыі дзяржавы іншага боку больш за 90 дзён ці займацца працоўнай, камерцыйнай ці іншай дзейнасцю, якая прыносіць даход, то яны абавязаныя загадзя
атрымаць візы.
Грамадзяне абодвух бакоў па гэтым пагадненні абавязваюцца выконваць заканадаўства іншага боку. Пры гэтым дзяржава, што прымае, пакідае за сабой права адмовіць ва ўездзе грамадзянам іншага боку, якіх
яна лічыць непажаданымі, або скараціць тэрмін іх знаходжання.
Пагадненне набудзе моц праз 90 дзён з моманту атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага апавяшчэння, якімі бакі паведамляюць адзін аднаму аб выкананні ўсіх унутрыдзяржаўных
працэдур.
Дакумент дзейнічае адзін год, аднак яго дзеянне будзе аўтаматычна працягвацца на гэты тэрмін датуль, пакуль адзін з бакоў пісьмова не апавясціць іншы бок аб спыненні дзеяння гэтага
пагаднення.
Міжурадавае пагадненне пра адмену віз паміж Беларуссю і Ізраілем было падпісанае 19 верасня мінулага года.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН