Беларусь і Расія створаць працоўную групу па інтэграцыі, а пра газ вызначацца з 2020 года

Расія і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэнні спрэчных пытанняў. Пра гэта распавёў журналістам у Маскве першы віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў, паведамляе svaboda.org.

Фота: прэс-служба прэзідэнта РФ/ТАСС

Фота: прэс-служба прэзідэнта РФ/ТАСС

«У нас цэнаўтварэнне на газ — з гэтым пытаннем мы павінны вызначыцца і, пачынаючы з 2020 году, выпрацаваць прапановы па фармаванні цэн на гэты від энэргіі», — цытуе Сілуанава агенцтва ТАСС
Прэзідэнты Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка завяршылі перамовы ў Маскве. Гутарка, якая праходзіла ў Крамлі з невялікімі перапынкамі і зменай фарматаў, працягвалася амаль чатыры гадзіны.
Напярэдадні расійскі віцэ-прэм’ер Антон Сілуанаў заявіў пра рэгулярнае парушэнне мытнага рэжыму з боку Беларусі.
«Мы кажам беларускаму боку, што вы наш сусед, наш саюзнік, але ў апошні час давер страчаны. Усе гэтыя растваральнікі, санкцыёнка, падакцызныя тавары, якія запаўняюць нашы рынкі», — цытуе чыноўніка ТАСС.
Паводле Сілуанава, Беларусь не цалкам выконвае ўмовы саюзнай дамовы 1999 году, якая прадугледжвае стварэнне адзінай падатковай, мытнай, грашова-крэдытнай, акцызнай, эканамічнай палітыкі. У якасьці прыкладу ён прывёў адсутнасць да гэтага часу адзінай валюты.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка наракаў, што Масква адхіліла ўсе прапановы Мінска па цэнах на газ і кампэнсацыі за падатковы манэўр нафтавай галіны.
Беларускі бок хоча дамагчыся ад Расіі кампенсацыі за падатковы манеўр, які прывядзе да падаражэння нафты для беларускіх НПЗ. Мінск ацэньвае свае страты у 2019 годзе на ўзроўні 383 млн долараў. Аднак Сілуанаў заявіў, што Крэмль ніякіх абяцанняў не даваў.
Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў 13 снежня заявіў, што Масква гатовая да далейшага прасоўвання ў пытаннях рэалізацыі праекту саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, да правядзення адзінай падатковай і тарыфнай палітыкі, адзіных мытных органаў, адзінага эмісійнага цэнтру.
Лукашэнка на сустрэчы з расійскімі СМІ выказаў меркаванне, што пад выглядам «глыбокай інтэграцыі» Масква хоча інкарпараваць Беларусь у склад Расіі. І запэўніў, што такога ніколі не здарыцца.