Азбука паліталогіі: Гісторыя ківача народных пераваг

У сакавіку мне давялося правесці два тыдні ў хірургічным аддзяленні 9-й бальніцы. Маімі суседзямі па палаце былі мужчыны сталага веку, ва ўзросце старэй за 55 гадоў. Адзінае выключэнне — 19-гадовы слесар МТЗ.

Ілюстрацыйная выява. створана нейрасеткай

Ілюстрацыйная выява. створана нейрасеткай


Тэлевізар у палаце адсутнічаў, але праблем з баўленнем часу ніхто не адчуваў, бо, незалежна ад узросту, у кожнага быў мабільны тэлефон. А што яшчэ патрэбна, каб не адчуваць сябе забытым і пакінутым у гэтым найлепшым з сусветаў, хай нават аформленым у выглядзе бальнічнай палаты?
Тым не менш адзін раз мне ўдалося пагутарыць з маладым чалавекам. Па-першае, было цікава атрымаць з першых рук інфармацыю пра стан спраў на адным з флагманаў беларускай прамысловасці, па-другое — чаго хаваць — замкнёнасць і сціпласць не ўваходзяць у пералік маіх вартасцяў.
Гутарка непрыкметна перарасла ў лекцыю, падчас якой я паспрабаваў растлумачыць, што падзеі адрозніваюцца ад навін наяўнасцю наступстваў. Зразумела, я не сам да гэтага дадумаўся. Дзякуй расійскаму палітолагу Кацярыне Шульман.
У якасці тыповага прыкладу навін, я спаслаўся на факты пра асабістае жыццё Пугачовай, якія мусіраваліся ў свецкіх хроніках.
«А хто такая Пугачова?» — спытаў у мяне на гэта хлопец-слесар.
Вось тут я і разгубіўся…
«Брэжнеў — дробны палітычны дзеяч у эпоху Алы Барысаўны Пугачовай», — быў такі анекдот у гады маёй маладосці. Але мая маладосць, зрэшты, як і сталасць, якая прыйшла за ёй, мінулі. Я ведаю пра гэту акалічнасць і не блытаю такую падзею майго жыцця з навінамі, якія не абыходзяць бокам маю мала каму цікавую персону. Аднак думка пра заканчэнне эпохі Пугачовай мне самому ў галаву не прыходзіла. Дзякуй маладому чалавеку за падказку.

Непаслухмяны тэрмометр

Эпоха, якая настала пасля заканчэння эпохі Пугачовай, адрозніваецца ад усіх папярэдніх тым, што маладое пакаленне ведае больш за сваіх бацькоў. Прыклады, калі настаўніца малодшых класаў просіць вучняў дапамагчы разабрацца з падораным да юбілею смартфонам, не высмактаныя з пальца і не ўзятыя са столі.
Але смартфон для пакалення 50-х гадоў (60+), прадстаўнікі якога ўсё яшчэ займаюць верхнія паверхі кіраўнічай піраміды, — гэта аналаг бінома Ньютана. За два тыдні знаходжання ў бальніцы мне так і не ўдалося асвоіць сучасны тэрмометр. Здавалася б, што можа быць прасцейшым? Памераў тэмпературу, націснуў на кнопачку — і тым прывёў прыбор у зыходны стан. Аднак колькі я ні спрабаваў націскаць, дамагчыся жаданага выніку самастойна так ні разу і не ўдалося.
Засваеннем электронных прыбамбасаў спіс праблем маіх аднагодкаў не заканчваецца. «Пакаленне народжаных у 50-я, — нагадвае Кацярына Шульман, — вяршыня савецкага выхавання, яны прайшлі поўны курс ідэалагічнай індактрынацыі: ад дзіцячага садка да вышэйшай школы. Вайна назаўжды адрэзала памяць пра ранейшую краіну, проста фізічна забіўшы ўсіх, хто мог нешта памятаць, а пасляваеннае пакаленне стала прадуктам савецкай улады».
«Ліхія 1990-я» гады пакаленне 50-х сустрэла трыццацігадовымі, і тыя, хто ў гэтыя «людаедскія» гады здолеў утрымацца на плаву, «паверылі ў тое, што заваяванае ў цяжкай барацьбе не можа быць нікому аддадзенае. Людзі, якія прайшлі канкурэнцыю без правілаў, стварылі сістэму правілаў, якія не дапускаюць канкурэнцыі» (Уладзіслаў Іназемцаў, эканаміст).
Так званая «беларуская мадэль развіцця» — прыклад палітычнай творчасці пакалення, якое не збіраецца ні з кім і ні пры якіх умовах дзяліцца заваяваным.

Хатняя гаспадыня vs. мача

Аднак жа рухаемся далей. Віды, якія адкрываюцца з вяршыняў уладных пірамід і пірамідак, захаплення ў маіх аднагодкаў не выклікаюць. Яны выклікаюць страх, народжаны разуменнем таго, што пакаленне, якое ідзе ім на змену, з вялікай доляй верагоднасці, можа быць страчанае, бо не глядзіць тэлевізар, не ходзіць на выбары, але — галоўнае — не адчувае трапятання, калі глядзіць на начальства.
Гісторыя расійскай цывілізацыі, часткай якой пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 года стала і Беларусь, не ў апошнюю чаргу ёсць гісторыя ківача народных пераваг, што хістаецца паміж двума ідэаламі: аўтарытарным і як бы ліберальным (чаму «як бы» — гэта тэма для асобнага артыкула).
Як і належыць ківачу, які сябе паважае, калі ён дасягае крайняга становішча — дык на секунду замірае, пасля чаго пачынае з паскарэннем рухацца ў зваротным кірунку. Пры гэтым наогул спыніцца ў кропцы раўнавагі яму не дадзена.
Каб не засяроджвацца на непатрэбных падрабязнасцях, прапаную ўзяць за пункт адліку «Вялікі тэрор» трыццатых гадоў XX стагоддзя. Гэта быў час урачыстай перамогі і царавання аўтарытарнага ідэалу — час, калі таварыш Сталін вёў савецкі народ ад перамогі да перамогі.
Пасля смерці бацькі народаў ківач пайшоў у адваротны бок. Чарговай крайняй кропкай на яго шляху стала Перабудова з яе гульнямі ў выбары кіраўнікоў працоўных калектываў, паскарэннем і галоснасцю.
Як не раз ужо здаралася ў гісторыі, урачыстасць як бы ліберальнага ідэалу працягвалася нядоўга і скончылася хаосам, калі старыя правілы ўжо не працавалі, а новыя яшчэ не паспелі сфарміравацца.
Хаос спарадзіў попыт на моцныя асобы, што рэалізаваўся ў «дывановых» перамогах інстытута прэзідэнцтва над інстытутам парламентарызму. Толькі «савецкім еўрапейцам» (літоўцам, латышам і эстонцам) удалося пазбегнуць агульнага лёсу і спыніць ківач.
На астатняй постсавецкай тэрыторыі ківач працягнуў вагацца ў звыклым рэжыме.
Вось што з гэтай нагоды піша расійскі палітолаг Абас Галямаў: «Калі грамадства стамляецца ад узрушэнняў і скандалаў, яно пачынае марыць пра стабільнасць, аднак калі яго гэтай стабільнасцю перакарміць, яно назаве яе “застоем” і захоча пераменаў. Тое ж самае тычыцца і “моцнага лідара”: калі ён кіруе людзьмі занадта доўга, то ў іх паступова спее жаданне ўбачыць ва ўладзе каго-небудзь “клапатлівага” і такога, які “разумее патрэбы простага народа”».
Любімы прыклад Галямава — перамога хатняй гаспадыні Карасон Акіна, якую яна атрымала над філіпінскім дыктатарам з дваццацігадовым стажам Фердынандам Маркасам на прэзідэнцкіх выбарах у 1986 годзе.
Я не спецыяліст па Філіпінах, але законы прыроды — універсальныя. Пра гэта неабходна памятаць палітыкам, і ў першую чаргу тым, якія паразітуюць на вобразе мача.