У тыране чалавек і грамадзянін паміраюць назаўсёды

Прывід магчымай хуткай паразы Пуціна ў расейска-ўкраінскай вайне лунае ў паветры, але гэта мала ўплывае на палітыку Лукашэнкі, разважае Віктар Багдзевіч на Св*бодзе.

new_dictatorshi.png


Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай
Ён яшчэ больш раскручвае махавік палітычных рэпрэсій, пагражае суседзям зброяй і дэманструе поўную падпарадкаванасьць волі Крамля. Няўжо верыць у тое, што Пуцін па-ранейшаму здольны пераламаць хаду вайны і выйсьці пераможцам у распачатай год таму авантуры?
У лютым і сакавіку 2022-га, калі блізкая і безумоўная перамога Пуціна не выклікала ў Лукашэнкі ніякага сумневу, такія паводзіны былі зразумелыя. Але што ж цяпер, калі зімовы наступ расейскай арміі захлынуўся, ніводная стратэгічная мэта не дасягнута, а ў адказ чакаецца ўкраінскі контранаступ, зыход якога здольны мець для Пуціна фатальныя наступствы? Здавалася б, можна было павесьці сябе ў такой сытуацыі значна больш асьцярожна і абачліва — хоць бы з улікам відавочных абставін. Прыпыніць шалёныя палітычныя рэпрэсіі. Суцішыць і залагодзіць рыторыку ў адрас заходніх лідэраў, у тым ліку суседзяў (апошнім часам яна зводзіцца да суцэльных абразаў і лаянкі). І ўвогуле, хаця б крыху адгрэбці ад ваяўнічага расейскага карабля зь ягоным ашалелым капітанам. Але ж не.... Чаму?


Мы ня ведаем, з кім раіцца Лукашэнка, калі прымае такія важныя для будучыні Беларусі рашэньні. А і ці выслухоўвае ён ад каго-небудзь парады ўвогуле? Тое, што ў Пуціна толькі тры дарадцы, зь якімі ён раіўся напярэдадні ўварваньня ва Украіну (Іван Жахлівы, Пётар І і Кацярына Вялікая) — уражаны сьвет даведаўся нядаўна ад міністра Сяргея Лаўрова. Пра гістарычных асобаў, якіх лічыў бы для сябе аўтарытэтамі Лукашэнка, дагэтуль чуваць не было.
Зусім верагодна, што адзіныя ягоныя дарадцы, якім ён давярае безаглядна і бясспрэчна — ягоныя ўласныя досьвед, памяць і інтуіцыя. Увогуле, цяжка сьцьвярджаць, што адчувае чалавек, якому ўжо трыццаць гадоў ніхто не пярэчыць, усе падтакваюць, а любое ягонае рашэньне тут жа абвяшчаецца адзіна правільным і ледзь не геніяльным. Магчыма, і цяпер ён проста паддаўся інтуіцыі, якая ніколі раней яго не падводзіла.
Шматгадовая дыктатура — гэта амаль заўсёды гісторыя працяглага шанцаваньня дыктатара, доўгай паласы ягоных палітычных перамог над канкурэнтамі. Якім коштам гэтыя перамогі дасягаліся — іншае вялікае пытаньне. Палітычнае крэда Лукашэнкі, якое не падводзіла яго з пачатку 90-х — гэта трыюмф сілы і гвалту.
Дамагацца свайго нахрапам, не зважаючы на прававыя рамкі і маральныя абмежаваньні, стаўка на сілу, ніякіх праяваў слабасьці, бескампраміснае стаўленьне да палітычных супернікаў і канкурэнтаў — гэтыя прынцыпы Лукашэнку ніколі не падводзілі. Збоку магло здавацца, што гэта толькі вечная ўсьмешка фартуны, плён незвычайнай інтуіцыі, Божая ласка. Хоць насамрэч амаль за кожнай такой перамогай былі відаць цені зьнішчаных альбо пакалечаных палітычных супернікаў. На авансцэне трыюмфатар, прыціскаючы руку да сэрца, дзякаваў вернападданым за чарговую «элегантную перамогу» — а за кулісамі выводзілі ў «аўтазак» з заламанымі рукамі спачатку — дэпутатаў апазыцыі, потым — Захаранку, Ганчара, Казуліна, Някляева, Ціханоўскага, а цяпер ужо — сотні і сотні герояў і ахвяр 2020 года.
Але шанцаваньне рэдка бывае бясконцым.

Тыранія як хвароба

Калі падчас апошняга пасланьня Лукашэнка зноў пачаў гаварыць пра тое, што яго «век заканчваецца» і што ён «не трымаецца, учапіўшыся за прэзыдэнцкае крэсла», у многіх гэта выклікала іранічную ўсьмешку. Падобныя выказваньні (што «наеўся прэзыдэнцтва», «ня буду трымацца пасінелымі пальцамі», «не чапляюся за ўладу абедзьвюма рукамі») гучаць ад яго прынамсі з 2002 года — ужо больш як два дзесяцігодзьдзі. Збоку гэта найчасьцей выглядае як крывадушнасьць і какецтва, за якімі — кепска прыхаваная прага пажыцьцёвай аднаасобнай улады.


Адметна, аднак, тое, што Лукашэнка далёка ня першы (і, відавочна, не апошні) дыктатар, які адзначыўся падобнай рыторыкай. Асабліва гэта характэрна для тыранаў, якія, як Лукашэнка, узьнесьліся на вяршыню ўлады з сацыяльных нізоў. На пэўным этапе дыктатарскай біяграфіі (звычайна пасьля двух першых прэзыдэнцкіх тэрмінаў, калі настае час перапісваць «пад сябе» канстытуцыю) яны адзін за другім амаль даслоўна падобнымі фразамі пачынаюць апраўдваць сваё шматгадовае ўтрыманьне ўлады.
І амаль кожны паўтарае прыблізна адно і тое ж:

«Я б даўно сышоў, але...»,
«Я хацеў бы жыць жыцьцём звычайнага чалавека, але...»,
«Ня ўсё залежыць ад мяне, я не магу кінуць дзяржаву на волю лёсу...»


І амаль у кожнага калі ня проста, то паміж радкамі, падтэкстам гучыць намёк на найвышэйшую волю, на промысел Божы, на пераплеценасьць ягонага лёсу зь лёсам гэтай дзяржавы, якую ён, як найдаражэйшае немаўля (варыянты: «хрустальны сасуд», «каштоўную вазу») нясе на сваіх руках.
Вось як, напрыклад, апраўдваў у 1966 годзе сваю шматгадовую дыктатуру (на 30-м годзе пры ўладзе) гішпанскі каўдыльлё Франсіска Франка:
«У мяне ніколі не было імкненьня да ўлады. З раньняга юнацтва на мяне быў ускладзены груз адказнасьці, які намнога перавышаў мой узрост і становішча ў грамадзтве. Я хацеў жыць, як жывуць мільёны простых гішпанцаў, але служэньне Радзіме адбірала ў мяне кожную гадзіну, кожнае імгненьне майго жыцьця».


Безумоўна, цяжка дакладна вызначыць, дзе ў падобных выказваньнях шчырасьць, а дзе — крывадушнасьць і поза, аднак многія знаўцы дыктатарскіх біяграфій сьцьвярджаюць: на пэўным этапе тыран пачынае шчыра верыць у сваю богаабранасьць і бязгрэшнасьць, сваю гістарычную місію. Ну і праўда: не магло ж быць выпадковасьцю, што сярод 10-мільённага народу Бог выбраў для высокага служэньня менавіта яго — хлопчыка з абяздоленай сялянскай сям’і, «бязбацькавіча»? Што гэта, калі ня місія, пакліканьне?
Доўгія дзесяцігодзьдзі нічым не абмежаванай улады мяняюць гэтых людзей цалкам. Тыя, хто мог запярэчыць, пакрытыкаваць, сказаць «Не!», паступова зьнікаюць зь іхнага атачэньня (хто добраахвотна, а хто і з заламанымі рукамі). Застаецца які-небудзь «усенародны сход» ці кангрэс «Адзінай Расеі», якія самааддана ў адзіным парыве гатовы падтрымаць і ўхваліць любое слова правадыра і бясконца запэўніваюць яго ў сваёй адданасьці. На пэўным этапе такі чалавек сапраўды пачынае верыць у беспамылковасьць і геніяльнасьць любога свайго рашэньня, якім бы абсурдным, рызыкоўным ці нават злачынным яно ні было. Пра такіх дзеячаў, якія воляй лёсу вельмі працяглы час застаюцца на вяршыні ўлады, Дастаеўскі пісаў:

«Тыранія — гэта звычка. Яна здольная разьвівацца і ўрэшце ператвараецца ў хваробу. Чалавек і грамадзянін паміраюць у тыране назаўсёды: вяртаньне да чалавечнасьці, пакаяньня, адраджэньня робіцца практычна немагчымым».

У разьліку на фарт

З Пуціным на працягу 23 гадоў ягонай улады ў Расеі адбывалася нешта падобнае — пры ўсёй несупастаўнасьці маштабаў дзьвюх дзяржаў і геапалітычных прэтэнзіяў гэтых двух дыктатараў. Спачатку пасьпяховае выцісканьне непадкантрольных алігархаў (Хадаркоўскага, Гусінскага, Беразоўскага); потым зьнішчэньне апазыцыі, ухіленьне найбольш небясьпечных канкурэнтаў (Нямцоў, Навальны); пасьля — звыклы для ўсіх дыктатараў перагляд Канстытуцыі і пажыцьцёвае прэзыдэнцтва, пачатак маштабных палітычных рэпрэсій. Але перад тым яшчэ — рызыкоўныя і небясьпечныя геапалітычныя авантуры: Чачэнія, Паўднёвая Асэтыя, Крым, Данбас... І амаль ва ўсіх выпадках чым больш авантурнай, спрэчнай зь міжнародным правам і агульнапрынятымі нормамі выглядала задума, тым больш ашаламляльным і натхняльным быў посьпех.
Здавалася, лібэральны Захад і далей асуджаны прагінацца пад самыя мудрагелістыя «хацелкі» крамлёўскага дыктатара, які задумаўся пра новы перадзел сьвету.


Фатальнае пуцінскае рашэньне аб уварваньні ва Ўкраіну ў лютым 2022 года толькі вонкава выглядала абсурдным і нелягічным. У ягонай асабістай сыстэме каардынат, арыентаванай на заўсёдны фарт і нязьменны посьпех, ён, пястун лёсу, павінен быў у сьціслыя тэрміны дамагчыся ўсяго, чаго жадаў: пастаўленай на калені Ўкраіны, зрынутага Зяленскага, расейскіх войскаў на ўкраінскай мяжы з Польшчай, а ў пэрспэктыве — новага падзелу Ўсходняй Эўропы на сфэры ўплыву. Калі атрымлівалася ўсё папярэдняе, то чаму не павінна было атрымацца гэта? Тым больш што ўсё атачэньне прылюдна, перад тэлекамэрамі прысягнула, што цалкам падтрымлівае «мудрае рашэньне» аб пачатку агрэсіі.

«Жандар Эўропы», які марыў стаць вялікім імпэратарам

У імпэрскай гісторыі Расеі нешта падобнае адбывалася ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, падчас 30-гадовага цараваньня Мікалая І. Амбітны, жорсткі, кансэрватыўны, вораг усялякага іншадумства, апанаваны прагай велічы Мікалай Паўлавіч працяглы час сілай і гвалтам пасьпяхова дамагаўся ўсяго, чаго хацеў. Крывавае задушэньне паўстаньня дзекабрыстаў, параўнальна лёгкія і эфэктныя перамогі ў войнах з туркамі і пэрсамі ў 1820-я гады, разгром польскага паўстаньня і зьнішчэньне аўтаноміі Царства Польскага ў 1830-я, задушэньне вугорскай рэвалюцыі 1849 года...Яго называлі «жандарам Эўропы» і «Мікалаем Палкіным» (за вялікую прыхільнасьць да жорсткага фізычнага пакараньня падданых за самае нязначнае непаслушэнства).

Расейскі цар Мікалай першы. By Franz Krüger - Hermitage Museum, Public Domain, commons.wikimedia.org

Расейскі цар Мікалай першы. By Franz Krüger - Hermitage Museum, Public Domain, commons.wikimedia.org

Урэшце, заўсёднае шанцаваньне і нязьменныя перамогі пераканалі імпэратара ў тым, што ён можа ігнараваць сыстэму міжнароднай бясьпекі, якая склалася на той час у Эўропе, і перакроіць межы кантынэнту так, як яму хочацца. Суседнюю Асманскую імпэрыю ён пачаў называць «хворым чалавекам Эўропы» і аднаасобна вырашыў, што адрэзаць ад яе Балканы і прысабечыць чарнаморскія пралівы — гэта якраз тое, што дазволіць яму ўвайсьці ў гісторыю як вялікаму цару-заваёўніку. А Брытанія, Францыя і Аўстрыя, на ягонае разуменьне, нікуды не падзенуцца, вымушаныя будуць саступіць перад сілай Расеі і зьмірыцца з фактам ейных заваёў.


Мікалай І буйна пралічыўся: Эўропа не зьмірылася. У верасьні 1854 года 60-тысячны экспэдыцыйны корпус эўрапейскіх дзяржаў, як у ціры, на далёкіх подступах расстраляў расейскую армію на рацэ Альма ў Крыме. Далёкасьць стральбы брытанскіх наразных штуцараў была ў чатыры разы большай, чым у расейскіх гладкаствольных ружжаў. А расейскі парусны флёт ня меў ніякіх шанцаў у супрацьстаяньні з эўрапейскімі ваеннымі параходамі. Расея апынецца ў поўнай ізаляцыі, Севастопаль падзе, Крымская вайна будзе прайграна, хоць сам Мікалай І цалкам выпіць гэтую ганьбу не пасьпее: памрэ ва ўзросьце 59 гадоў, прастудзіўшыся на парадзе. Некаторыя лічаць, што зрабіў ён гэта сьвядома, асэнсаваўшы, што завёў краіну ў тупік.

У кожнага Пуціна свой Данбас

Што адметна: Пуцін, пры ўсёй сваёй непрыхаванай пашане і павазе да імпэрскай гісторыі, Мікалая І ня надта шануе: помніка яму ў ваколіцах Крамля не паставіў, партрэта ці статуі ў крамлёўскіх палатах не трымае (адрозна ад партрэтаў і статуй многіх іншых расейскіх самадзержцаў ХІХ і XVIII стагодзьдзяў). Хоць паралелі ўладараньня Пуціна менавіта з цараваньнем Мікалая І найбольш выразныя, яркія і відавочныя. Ці будзе падобным фінал? Поўнай пэўнасьці пакуль няма, хоць шанцы надзвычай высокія.
У кожнага Напалеона — сваё Ватэрлёо, у кожнага Мікалая — свая Крымская вайна, у кожнага Пуціна — свой Данбас.
Апошні акт гэтай драмы мы, пэўна, неўзабаве ўбачым. Войскі на Альме ўжо выстраены, штуцары зараджаны... Ваенны контранаступ Украіны, якую падтрымлівае ўвесь цывілізаваны сьвет, павінен даць адказы на многія пытаньні.

Бітва пры Альме, 20 верасня 1854 год

Бітва пры Альме, 20 верасня 1854 год

Параза ў Крымскай вайне стала драмай асабіста для імпэратара Мікалая І: гэта быў крах ягонай мары жыцьця пра пашырэньне імпэрыі на Балканы, пра тое, што нашчадкі назавуць яго Вялікім. А вось для Расеі, для рускіх людзей разгром у Крымскай вайне меў хутчэй станоўчыя наступствы. Як трапна заўважыў адзін вядомы расейскі палітуцякач ХІХ стагодзьдзя Аляксандар Герцэн (які, дарэчы, ратаваўся ў Эўропе менавіта ад рэпрэсій Мікалая І): у Расеі самыя трывалыя ланцугі для народу куюцца звычайна зь пераможных мячоў. А вось параза змушае якраз да рэформаў, зьменаў, большай свабоды. Пасьля цяжкога ваеннага разгрому і сьмерці Мікалая І Расейскую імпэрыю чакаў працяглы пэрыяд лібэральных рэформаў, у тым ліку вызваленьне ад рабства — ганебнага прыгоннага права.
Раздарожжа, на якім стаіць сёньня пуцінская Расея (а разам зь ёй і васальная лукашэнкаўская Беларусь) прыблізна такое ж. Перамога Пуціна і Лукашэнкі нічога, апроч яшчэ больш цяжкіх ланцугоў, гэтым двум народам не абяцае. І толькі ваенная параза (адстаўка Пуціна, зьмена рэжыму і палітычная адліга ў Расеі) здольная выратаваць Беларусь з жалезных абдымкаў Лукашэнкі (ці, прынамсі, змусіць яго да пераменаў, бо, нават калі ён пасьля сыходу Пуціна здолее ўтрымацца, ранейшай ягоная палітыка па суседзтве з новай Расеяй застацца ўжо ня зможа).