Алена Анісім хоча сабраць 2 000 чалавек у ініцыятыўную групу на выбарах прэзідэнта

Другая сесія Кангрэсу за незалежнасць пройдзе ў нядзелю, 7 чэрвеня, у мінскай сядзібе БНФ.



67f4083a_8672_4f0b_bf3a_f814dd110ab6_w640_r1_s_cx4_cy4_cw93.jpg

Дэлегаты абмяркуюць палітычную сітуацыю ў краіне. А вось вылучэнне самой спадарыні Анісім у якасці патэнцыйнай кандыдаткі на прэзідэнта адбудзецца крыху пазней.

Карэспандэнт: «Спадарыня Алена, я памятаю ўстаноўчую сэсію Кангрэсу, якая праходзіла 21 снежня 2014 года ў гатэлі „Вікторыя“. На ёй прынялі маніфест супраць расійскага імперыялізму. І тады арганізатары, а вы былі ў іх ліку, планавалі сабраць мільён подпісаў беларусаў пад гэтым дакументам. А літаральна пяць дзён таму я чуў, як Юры Чавусаў сказаў на Сойме БНФ, што ён паставіў свой подпіс пад электронным варыянтам маніфесту, і гэты подпіс, падобна, быў адзіны. Чаму так атрымліваецца?»

Анісім: «Справа ў тым, што ў нас пакуль малавата сіл, каб усе подпісы перанесці ў электронны варыянт. А з другога боку, гэтая справа яшчэ сапраўды не набрала ў нас размаху. Людзі цікавяцца, дзе і калі можна падпісацца. Але галоўнае, калі яны дойдуць да гэтага. Я спадзяюся, што пасля нашай палітычнай сесіі, калі мы надамо розгаласу гэтай справе, людзі пачнуць больш актыўна падпісваць маніфест.

Задача пра мільён подпісаў з парадку дня не здымаецца. Але паглядзіце, якая цяпер сітуацыя. Людзі разгубленыя. А з іншага боку, з'яўляюцца такія целарухі некаторых вядомых палітыкаў, якія наагул ня ведаеш, як расцэньваць. Яны не далучаюцца да нас на самым пачатку, а пасля пачынаюць перахопліваць ідэі. Гэта добра, што ідэі жывуць. Але ж, па вялікім рахунку, гэта не так робіцца».

Карэспандэнт: «Каго вы запрасілі на другую сесію?»

Анісім: «Мы запрашалі лідараў многіх палітычных партыяў паўдзельнічаць у нашай палітычнай сесіі. Хто з іх будзе — пабачым. Будуць і прадстаўнікі грамадства, а не толькі адны палітыкі. Таксама дамовіліся з двума экспетамі — Сяргеем Нікалюком і Андрэем Фёдаравым, якія ў нас выступяць.

Мы робім тое, што раней і планавалі: сабралі кангрэс, прынялі маніфэст, стварылі раду, правялі адну сесію, зараз збіраем другую па той палітычнай кампаніі, якая ў нас сёлета праводзіцца. Мы фармулюем сваё бачанне прэзідэнцкай кампаніі і выказваем умовы, пры якіх мы будзем лічыць, што гэтая кампанія сапраўды дэмакратычная, празрыстая і ў ёй мае сэнс удзельнічаць.

Наступны этап, над якім я ўжо пачала працаваць, — гэта стварэнне сваёй ініцыятыўнай групы. Да яе далучаюцца грамадзяне з розных рэгіёнаў Беларусі. Мы ставім задачу мець у ініцыятыўнай групе зборшчыкаў подпісаў дзве тысячы чалавек. Як толькі будзе аб’яўлена афіцыйна пра пачатак выбарчай кампаніі (а гэта ў жніўні), адразу рэгіструем ініцыятыўную групу і ідзем далей».

Карэспандэнт: «Дык 7 чэрвеня вас абвесцяць патэнцыйным кандыдатам на прэзідэнта?»

Анісім: «Не, пра сваё вылучэнне я буду аб’яўляць пазней. Гэта будзе асобна і не ў гэту нядзелю. Але раней, чым афіцыйна аб’явяць пра пачатак выбарчай кампаніі. А 7-га адбудзецца шырокае абмеркаванне грамадскасцю палітычнай сітуацыі ў Беларусі».

У раду Кангрэса за незалежнасць уваходзяць таксама Сяргей Антончык, Уладзімер Колас, Алег Трусаў ды іншыя вядомыя асобы. А першыя тры подпісы пад маніфэстам супраць расійскага імпэрыялізму паставілі былы кіраўнік беларускай дзяржавы Мечыслаў Грыб, акадэмік Радзім Гарэцкі і вэтэран Другой сусветнай вайны Фэлікс Шкірманкоў.

Радыё Свабода