Алесь Бяляцкі: Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў

У панядзелак другога лістапада Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што пасля нядзельнай акцыі ў Мінску «Дзяды» ўзбуджана крымінальная справа за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). І падазраванымі па гэтай справе адразу прызнаны ажно 231 чалавек. Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выказаўся з нагоды новай маштабнай крымінальнай справы.  

Алесь Бяляцкі, фота Радыё Свабода

Алесь Бяляцкі, фота Радыё Свабода

За апошнія тры месяцы 2020 года ў Беларусі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту былі арыштаваныя каля 17 000 чалавек, каля 1000 асобаў падазраюцца ці абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах па палітычных матывах. Супрацоўнікі міліцыі падчас масавых маніфестацыяў у жніўні гэтага года забілі Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, Аляксандр Віхор памёр пасля затрымання ў аўтазаку, Мікіта Крыўцоў загінуў пры невысветленых абставінах. Больш за тысячу мірных дэманстрантаў былі параненыя і звярнуліся ў бальніцы па медычную дапамогу. Тысячы нашых суайчыннікаў катавалі, ім ламалі рукі, ногі, іх гвалтавалі, з іх здзекваліся. Следчы камітэт не ўзбудзіў ніводнай крымінальнай справы па сотнях і сотнях заяў, пададзеных ад нашых грамадзянаў.
Адначасова, 2 лістапада Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па крымінальным артыкуле 342, які стаў вельмі папулярным ва ўладаў з гэтага лета, за, як быццам бы, арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Безпрэцэдэнтная колькасць падазраваных па гэтай справе – 231 чалавек з тых, што былі ўчора затрыманыя падчас маршу на Курапаты. Улады перакрочылі межы логікі і сэнсу.
Масавыя злачынствы супраць беларускага народу працягваюцца. Упершыню з 1988-га года было разагнана народнае шэсце ў дзень памяці продкаў Дзяды. Былі груба парушаны, затаптаныя у бруд народныя традыцыі, этыка і звычайная чалавечая прыстойнасць. Супраць мірных дэманстрантаў выкарыстоўваліся спецсродкі, іх абстрэльвалі гумовымі кулямі, у іх кідалі святлашумавыя гранаты, іх беспадстаўна збівалі пры затрыманні, над імі здзекваліся падчас транспартавання ў аддзелы міліцыі.
Відавочна, што загад на гвалт і на ўзбуджэнне гэтай мега-крымінальнай справы быў аддадзены з самага верху.
Парушэнні правоў чалавека ў краіне дасягнулі нябачных дагэтуль маштабаў. Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў. Супраць народу ўлады развязалі сапраўдны тэрор. Беларусь хутка скатваецца ў свірэпы таталітарызм.
spring96.org