Абама ў Афрыцы: Нельга заставацца прэзідэнтам пажыццёва
Падчас пяцідзённага візіту ў Афрыку прэзідэнт ЗША Барак Абама папярэдзіў лідэраў афрыканскіх дзяржаў, што ім трэба забяспечыць змяняльнасць улады.
«Ніхто не павінен заставацца прэзідэнтам ўсё жыццё», – сказаў Абама, выступаючы ў штаб-кватэры Афрыканскага саюза ў сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебе.
«Я не разумею, чаму некаторыя так доўга жадаюць заставацца ва ўладзе, асабліва, калі ў іх столькі грошай», – сказаў Абама, выступаючы перад 54 членамі саюза.
У гэтай фразе можна зразумець даволі адкрыты намёк на афрыканскіх лідэраў. Абама асабліва падкрэсліў, што гэта тычыцца Бурундзі, чый прэзідэнт П'ер Нкурунзіза быў пераабраны на трэці тэрмін.
«Часам вы чуеце, як лідэры краін кажуць: я – адзіны, хто можа забяспечыць адзінства нацыі. Калі гэта праўда, тады падобны лідэр у рэчаіснасці папросту не справіўся з задачай будаўніцтва нацыі », – дадаў Абама.
Дарэчы, папярэджанне Абамы аб змяняльнасці ўлады цалкам можа тычыцца і Аляксандра Лукашэнкі, які ідзе на пяты тэрмін.
Паводле яго слоў, дэмакратыя – гэта больш, чым проста праводзіць выбары.
«Калі журналістаў кідаюць за краты за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, а актывістам пагражаюць у рамках барацьбы з грамадзянскай супольнасцю, вы можаце называць гэта дэмакратыяй, але гэта не дэмакратыя», – сказаў Абама.
Акрамя таго, прэзідэнт ЗША пажартаваў з нагоды сваіх уласных шанцаў пераабрацца на трэці тэрмін (такі варыянт забараняе амерыканская канстытуцыя).
«Наогул я думаю, што я даволі – добры прэзідэнт. І калі я буду вылучацца, я магу перамагчы. Але я не магу вылучыцца!» – сказаў ён.
Прэзідэнт ЗША падчас афіцыйнага візіту ў Кенію станцаваў разам з кенійскіх калегам. Гэты танец ужо ахрысцілі "новым гангнам стайл".
Паводле: “Белорусский партизан”