Загадваем жаданне ў Ёўлупукі і танчым фінскае танга ў цэнтры Мінска
Сёння ў цэнтры Мінска праходзіць Дзень фінскай культуры. Дзяцей забаўляе фінскі Дзед Мароз — Ёўлупукі, а дарослых — кароль танга 2014 года і выканаўцы фінскага танга разам з ілюзіяністам. А таксама фінскія гарадкі, фларбол, фінская кухня, культура і літаратура.
Фэст прымеркаваны да 100-годдзя незалежнасці Фінляндыі, з нагоды чаго па ўсім свеце арганізавана больш за дзве тысячы мерапрыемстваў. Дыпадносінам Беларусі і Фінляндыі сёлета 25 гадоў.
У Мінску ўжо праходзіць тыдзень фінскай кухні, з якой можна бліжэй пазнаёміцца ў асобных сталічных кавярнях і рэстаранах — у спецыяльнае меню «Фінляндыя 100» уключаны рэцэпты, якія дэманструюць кулінарныя традыцыі краіны, заснаваныя на шырокім выкарыстанні дароў прыроды і асаблівых прыправаў з мясцовымі стравамі. Разгарнуўся фуд-корт сёння і на плошчы Свабоды, каля сцен мінскай ратушы. Фінская кухня адрозніваецца прастатой і натуральнасцю. Зрэшты, гэта не замінае ёй дзівіць гурманаў яркімі смакавымі вынаходствамі, напрыклад качынай грудкай з алеям з чорнай парэчкі, печанымі яблыкамі і хваёвымі шышкамі. Гэтыя стравы можна будзе паспрабаваць і на свяце. Таксама тут прадстаўлены арыгінальныя прадукты ад фінскіх мясных і малочных вытворцаў.
Чым яшчэ свята парадуе сваіх наведвальнікаў? Завітаў сёння да нас у госці Ёўлупукі, які з такой нагоды працуе нават летам. Зрэшты, Фінляндыя вядомая як радзіма Дзеда Мароз. Але Фінляндыя яшчэ і краіна музычных фестываляў. Кірмаш танга (па-фінску Tango-markkinat) — найстарэйшы фестываль, опэн-эйр, які праводзіцца з 1985 года. Штогод на ім выбіраюць караля і каралеву танга. Тэему Райванен — кароль 2014 года. У Фінляндыі ён зорка, шмат ездзіць з канцэртамі па краіне. Сёння ён упершыню прыехаў у беларускую сталіцу паказаць нам сваё майстэрства. Апроч таго, ён яшчэ і папулярны на сваёй радзіме спявак і сёння будзе выступаць разам з вядомымі опернымі спевакамі з Беларусі, разам яны выканаюць сусветныя хіты. А таксама Райванен перад сваім прыездам спецыяльна развучыў песню па-беларуску «Ой, рэчанька».
Галоўная адметнасць сённяшняга свята — гэта фестываль фінскага танга, якое лічыцца адной з візітных картак гэтай краіны. Гэта зусім не аргенцінскі танец, а больш стрыманы, але ў той жа час імпульсіўны. Пад кіраўніцтвам Ханны і Віле жадаючыя могуць вывучыць крокі фінскага танга. Як кажуць самі танцоры: «Звычайна фіны даволі стрыманыя. І я думаю, танга так папулярна, таму што мы можам паказаць свае пачуцці праз танец. Але насамрэч мы не такія халодныя, як здаецца. Я веру, што танга — толькі адзін са шматлікіх спосабаў выказаць нашы эмоцыі. Але танга — вельмі эфектыўны спосаб, гэта праўда».
Госцяў падтрымаюць і беларускія артысты — Георгій Калдун, група Litesound, музычны праект BonVoyage, сімфанічны аркестр «Алімпія Класіка» і іншыя.
Разгарнуліся сёння на тэрыторыі Верхняга горада і пляцоўкі па гульнях у фінскія гарадкі (Molkky), фларбол (разнавіднасць хакея ў зачыненых памяшканнях на цвёрдай падлозе), працуе аўтаномны скаладром.
Для дзяцей на спецыяльнай зоне падрыхтавана забаўляльная праграма з фарбамі, фотазонай, лоўляй рыбы і раставой лялькай — аленям.
Гледачоў пазнаёмяць з навінкамі літаратуры, правядуць урокі фінскай мовы. Апроч урокаў па фінскім танга пройдуць і майстар-класы па выпечцы нацыянальных кандытарскіх вырабаў. А для самых юных удзельнікаў свята адкрыюцца адмысловыя гульнявыя зоны.
Пройдзе фэст з 13.00 да 18.00. Арганізатарамі Фэсту выступілі Аддзяленне Пасольствы Фінляндыі ў Беларусі і Мінгарвыканкам.