Выданне “Беларускага кнігазбору” патрабуе падтрымкі
Выданне тамоў “залатой двухсоттомнай серыі “Беларускі кнігазбор патрабуе фінансавай падтрымкі, заявіў 14 снежня на сустрэчы ў мінскай сядзібе рэспубліканскага грамадскага
аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны аўтар ідэі серыі, галоўны рэдактар сталічнага выдавецтва “Кнігазбор, кандыдат гістарычных навук, пісьменнік
Кастусь Цвірка.
Ён распавёў, што гісторыя серыі распачалася з выпуску ў 1995 годзе плана-каталогу шматтомнага выдання беларускай літаратуры і літаратуры пра Беларусь ад старажытнасці да нашых дзён. Паводле ягоных
слоў, вялікую ролю для сцвярджэння нацыі і асветы народа ў нацыянальным пытанні мелі шматтомныя даведачныя выданні “Энцыклапедыя Беларусі і “Беларуская народная творчасць.
“Працягам гэтай справы і павінна была стаць серыя “Беларускага кнігазбору, каторая адраджае нацыю і паказвае, што ў нас ёсць вялікая літаратура і вялікая гісторыя. Мы
зыходзілі з думкі Адама Міцкевіча пра тое, што песня зберагае і засцерагае храм нацыі. І калі вы выдадзім ўсе дзвесце тамоў серыі і паставім іх усе разам, любы скептык паглядзіць і скажа, што ў нас
ёсць літаратура і ёсць народ, — сказаў Цвірка.
Ён нагадаў, што тамы “Беларускага кнігазору выходзяць з 1996 году ў дзвюх серыях, распрацаваных ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
– “чырвонай (“Мастацкая літаратура) і “зялёнай (“Гісторыка-літаратурныя помнікі). Паводле ягоных слоў, за 18 гадоў ад выхаду першага тому “Ян
Чачот. Выбраныя творы пабачыла свет 65 тамоў кнігазбору.
Затым Цвірка распавёў шмат цікавостак наконт гісторыі выдання асобных тамоў серыі. Так, калі выданнем зацікавіўся кіраўнік акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч, галоўны рэдактар серыі вырашыў пайсці да
яго на прыём, але яго не запісала сакратарка Мясніковіча, матывуючы тым, што Цвірка не працуе ў акадэміі. “Тады я вырашыў пайсці на працу ў акадэмію, быў прыняты Мясніковічам, каторы знайшоў
спонсараў для выдання некалькіх тамоў кнігазбору. Потым пры дапамозе кіраўніка акадэміі дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Павел Барадзін выдзеліў 15 тысяч долараў ЗША на выпуск
яшчэ пяці тамоў серыі з перасцярогай, каб гэтыя грошы не трапілі беларускім апазіцыянерам. Але паколькі ў выдавецтве “Кнігазбор выйшла дзіцячая кніжка з бел-чырвона-белым сцягам, мы сталі
недабранадзейнымі для ўладаў і не атрымалі гэтыя грошы, — адзначыў Цвірка.
Ён паведаміў, што ў бліжэйшых планах выдавецтва – выбраныя творы выдатных дзеячаў айчыннай культуры пісьменнікаў Алеся Адамовіча і Васіля Віткі, гісторыка Анатоля Грыцкевіча, а таксама
пераклад на беларускую мову працы польскага этнографа Казіміра Машынскага “Усходняе Палессе.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў прапанаваў у другой палове студзеня наступнага году правесці прэзентацыю кніг Адамовіча і Грыцкевіча на сядзібе грамадскага аб’яднання, апублікаваць у яго газеце
“Наша слова гісторыю выдання “залатой серыі, а праз інтэрнэт-партал таварыства tbm-mova.by звярнуцца да беларусаў замежжа за дапамогай ў выпуску тамоў “Беларускага
кнігазбору. Трусаў выказаў спадзяванне, што такі заклік знойдзе водгук сярод суайчыннікаў у дыяспары і Беларусі, бо колькасць наведвальнікаў партала дасягнула 55 тысяч чалавек.
Алег Трусаў і Алена Анісім
Як адзначыла першы намеснік ТБМ Алена Анісім, сустрэча праводзіцца ў межах агульнанацыяльнальнай кампаніі “Будзьма, падсумоўвае мерапрыемствы “Году кнігі , накіраваныя на
папулярызацыю найперш беларускамоўных выданняў. Анісім выказала шчырую падзяку Кастусю Цвірку за яго шматгадовую самаадданую і плённую працу ў справе выдання і распаўсюду “залатой серыі
“Беларускага кнігазбору, які сведчыць пра тое, што беларускія літаратура, навука і мастацтва з’яўляюцца неад’емнаю часткай еўрапейскай і сусветнай культурнай
спадчыны.