Віктар Марціновіч: Канец эры беларускамоўных фрыкаў

Я, здаецца, знайшоў просты адказ на пытанне, чаму раптам беларуская мова зрабілася такой папулярнай. Рэч не толькі ў тым, што, пры дэфіцыце [дазволеных] заняткаў, пры немагчымасці запісацца на курсы капаэйра (у нас толькі 3 школы) ці засвоіць пілатаванне «Цэсны», каб потым атрымаць ліцэнзію пілота (у нас гэта немагчыма), актыўная моладзь спыняецца на мове. Рэч і не ў тым, што ў апошні год рэзка спатрэбіліся дадатковыя маркёры, якія б адрознівалі нас ад рускіх. Скажы слова па-беларуску – і твая пазіцыя па ДНР адразу ж выразна артыкуляваная.



2860_original.jpg

Усё гэта магло б прыцягнуць у свет мовы эліту – людзей, схільных да роздумаў. Але большасць з іх і так здольная падтрымаць гутарку па-беларуску. А вось чаму раптам у «Цэнтральным» і ля «Макдональдса» на мове забалбатала моладзь? Чаму ўжо і канцэрт «40 seconds to Mars» рэкламуецца як у Кіеве, з перакладам на мову? І ты глядзіш на білборды і не верыш вачам. Бо гэта ж не толькі маркетынг! Гэта яшчэ і сацыялогія, бо калі б мова не была папулярная сярод моладзі, канцэртныя агенцыі ад такіх эксперыментаў з продажам квіткоў ды ўласнымі прыбыткамі ўхіляліся б!

Дык вось, адказ просты. Уважліва праглядзіце вось гэтыя фоткі.

Гэта выявы са Свята роднай мовы, што прайшло ў Мінску тыдзень таму. Звярніце ўвагу на тое, як апранутыя, як агулам выглядаюць наведнікі. Пабачце гэтыя трэндавыя клятчастыя спадніцы, адзначце чорны элегантны капялюшык у дзяўчыны ў смарагдавай блузцы (у галерэі – трэці шэраг, першая фотка). А заўважылі паненку ў зялёнай сукенцы? Адзначце колеры яе шаліку, яго фактуру, тое, як густоўна гэты лімонна-нябёсны шоўк дапасаваны да малахітавага плацейка. Вы вылучылі позіркам модульныя срэбраныя бранзалецікі – апошні піск у smart-ювелірцы ва ўсім свеце? Што гэта, Pandora ці Alsu Aima? І побач – бел-чырвона-белая фенька, якая выглядае такой жа каштоўнасцю праз суседства з бранзалетамі.

Дзяўчына, на татусе якой чарада птушак ляціць у запясце… А гэтая вязаная шапачка шакаладна-ружовага адцення? А гэты хлапец у саколцы са спаленым Белым домам ды подпісам “Напрасная юность”?

Па фотках са свята можна вывучаць мінскі сучасны urban-fashion. І вось уся справа ў тым, што раней ўсе гэтыя дрэдастыя і татуяваныя маладзёны тусілі дзе заўгодна, але не наўкол моўных імпрэзаў, літаратурных чытанняў ці выступаў беларускіх гуртоў. З іншага боку, сацыялагічны партрэт тых, хто тусіў, быў прынцыпова іншым.

І менавіта адтуль, з гэтага партрэта, і выбягала непапулярнасць мовы.

Каб зразумець, кім быў і як апранаўся шараговы прыхільнік беларушчыны 10 гадоў таму, уважліва прачытайце раман “Тэорыя змовы” культавага пісьменніка генерацыі 40+ Уладзіслава Ахроменкі. Ягоны герой – змрочны байдук, які сядзіць у Рагачове (у “Тэорыі” – Таргачове), бухае, ненавідзіць усіх навокал за неналежную ўвагу за мовы, не прыбірае ў пакоі, дбае пра ВКЛ, якое існуе выключна ў ягоным камп’ютары, ды пакрысе апускаецца.

Неахайны, патлаты, з пахам “Аліварыі” дзяцюк, зацягнуты ў касуху, пашытую з дзвюх кітайскіх кошак ды зіпера, знятага з сумкі “Олімпіада-80”, – найлепшая антырэклама любой ідэі, якую ён увасабляе. Калі дадаць да гэтага пагарду да “несвядомых”, пакланенне палітычным ідалам, якія карыкатурызаваліся яшчэ ў 90-я, схільнасць “лабаць на гітары пад Вольскага” – атрымаецца скончаны партрэт гэткага не проста няўдачніка, а агрэсіўнага паўдурка.

Круг чытачоў беларускай прозы, наведнікаў паэтычных імпрэзаў, слухачоў беларускай музыкі складаўся з вось такіх тыпаў. На чытаннях яны перашкаджалі выступоўцам, бо былі, безумоўна, большымі беларусамі за любога ахроменку, лепей ведалі, ці можна казаць “аб Беларусі” (не, няможна, толькі “пра Беларусь” – і гэта, дарэчы, сапраўды так); яны бухалі на канцэртах, бо нават Вольскі з Варашкевічам быў для іх “ужо не тыя” (прычым Вольскі з Варашкевічам пачалі рабіцца “не тымі” акурат пасля таго, як наш дзяцюк упершыню ўзяў у рукі суседаву гітару і адчуў у сабе талент, пакуль яшчэ не зразумелы астатнім).

Што зрабілася з імі?

Збольшага да гэтага моманту яны русіфікаваліся, здрадзіўшы ідэям, якім разам з пляшкай “Аліварыі” служылі ля манітора, на форуме “Як мы ненавідзім несвядомых”. Нехта з’ехаў, уладкаваўшыся ў кіеўскі ці яшчэ які офіс і ўкраінізаваўся (літуані- ці паланізаваўся). Днямі ля выхаду з “Кастрычніцкай” да мяне падышоў такі апалак і па-беларуску ці то папрасіў ці то запатрабаваў «рэшты», забыўшыся на «калі ласка». Я нават не здзівіўся: ён жа думаў, што я “несвядомы”, і значна палагаднеў, распазнаўшы “свайго”. Цікава, калі ён з’едзе? І куды? І як хутка забудзецца там на мову?

З радзімай у сэрцы засталіся толькі тыя з гэтых чытачоў-слухачоў-наведнікаў з 90-х, хто паўдуркам ніколі не быў. Для каго Беларусь не была зручным апраўданнем нянавісці да свету. Яны, дарэчы, і тады выглядалі як людзі.

І вось мы бачым гістарычны зрух: беларуская ідэя абрала новы чалавечы тып, які ўвасобіўся ў інтэлігентным хлопцы, які ведае замежныя мовы і мае досвед вандровак і якога суправаджае вытанчаная ды густоўна апранутая дзяўчына. Яны не шавіністы і не маюць пагарды да не-беларусаў, яны адзначаныя добрай адукацыяй ды манерамі, яны гадуюць дзетак па-беларуску.

Паглядзіце на любога чалавека, датычнага да беларускай справы сёння, ад Паўла Белавуса да Алеся Квіткевіча, і вы зразумееце, пра што я кажу. Прадбачу буркатанне з боку папярэдняй генерацыі: маўляў, гэтыя маладнюкі праз свае барбер-шопы, праз свае гальштукі матылём ды паголеныя скроні зрабілі мову модай. А тое, што ўваходзіць у моду, хутка з яе і выходзіць.

Але не, даражэнькія! Яны зрабілі мову вірусам. Кожны з іх, гуляючы па горадзе, размаўляючы з дзяўчынай, мяняючы гуму на аўтасервісе, працуе як зараджаны біт у інфармацыйным полі, і сістэма пачынае ўзнаўляць гэтыя біты, бо яны мацнейшыя, яны прывабнейшыя, іх хочацца капіяваць.

Фрыкі вырачаныя. А з імі “Аліварыя”, касухі з кошак, скураныя штаны, налепкі з “Пагоняй” на брудных заплечніках, доўгія нямытыя патлы, бароды з засеўшымі ў іх “златкамі” з “Хутка-Смачна”.

Фрыкі вырачаныя.

А таму мова мае шанец.

budzma.by