«VERBUM NOBILE» Станіслава Манюшкі: “Варта ведаць! Варта бачыць!”

19 лiстапада на сцэне абласнога драматычнага тэатра г. Магiлёва, а 24 лicтапада на  сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў у Мiнску Камерны Музычны тэатр “Галерэя” пры падтрымцы Музычнага Дома «Класіка» прадстаўляе прэм’еру лірыка-камедыйнай оперы знакамітага беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі «Verbum Nobile» («Слова гонару»).



ce3cc1e6631a121ee5becc8e672c5562.jpg

Сусветная прэм’ера оперы «Verbum Nobile» адбылася ў 1861 годзе ў Варшаве, дзе ў той час жыў і працаваў Станіслаў Манюшка. Вытанчаны камедыйны сюжэт, яркасць музычных вобразаў і меладыйнае багацце прынеслі спектаклю заслужаны поспех і паставілі оперу ў шэраг лепшых твораў кампазітара. Далейшая гісторыя сцэнічнай жыцця «Verbum Nobile» налічвае некалькі пастановак у тэатрах Польшчы і Расіі, аднак на радзіме аўтара спектакль не ставіўся ніколі.

Першую пастаноўку оперы «Verbum Nobile» у Беларусі ажыццявіў Музычны Дом «Класіка». Прэм’ера адбылася ў маі 2013 на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.«Пасля першага паказу оперы ў Мінску мы атрымалі велізарны рэзананс ад гледачоў, прадстаўнікоў СМІ і экспертаў у сферы музычнага і тэатральнага мастацтва. Гэта сведчыць пра высокую запатрабаванасць пастановак фармату камернай оперы ў Беларусі, пра тое, што нацыянальная музычная класіка знаходзіць водгук у сэрцах людзей», — адзначыў прадзюсар оперы «Verbum Nobile», заснавальнік Музычнага Дома «Класіка» Аляксандр Чахоўскі.

Сюжэт лiрыка-камедыйнай оперы пабудаваны на вечнай ва ўсе часы тэме кахання і расказвае пра распаўсюджаны ў шляхты звычай, калі бацькі заключалі дамову аб тым, каб ажаніць сваіх дзяцей, замацоўваючы яе Verbum Nobile — словам гонару двараніна.

Малады шляхціц Станіслаў, стаўшы ахвярай няшчаснага выпадку, знайшоў прытулак у памешчыка Лагоды. За хворым даглядала дачка памешчыка Зося. Маладыя людзі закахаліся, але шлюб іх немагчымы, бо бацька даў слова гонару выдаць дачку замуж за сына свайго сябра…

У акцёрскі ансамбль оперы «Verbum Nobile» ўвайшлі як вядомыя майстры сцэны, так і маладыя таленавітыя артысты. Вядучыя партыі ў спектаклі выконваюць Галіна Дубіцкая, Арцём Хамічонак, Сяргей Кілеса, Валерый Маісеенка, Дзмітрый Капілаў.

Дырыжор — Іван Касцяхін

Рэжысёр — Алёна Медзякова

Хормайстар — Жанна Філіповіч

Прадзюсар — Аляксандр Чахоўскі

Музычны Дом “Класіка” арганізоўвае канцэрты акадэмічнай музыкі і музыкальныя спектаклі ў новых фарматах і формах, сумяшчае жанры, стылі і накірункі ў цікавых і незвычайных рэжысёрскіх знаходках. Захапляць і ўцягваць гледача ў працэс, што адбываецца на сцэне, — вось вынік цалкам новага падыходe да падачы класічнага музыкальнага матэрыялe са сцэны — “3D фармат”. Сярод праектаў, што ўжо рэалізаваныя, трэба адзначыць пастаноўку оперы-пастычы на музыку Моцарта «Фантазіі Вольфганга Амадэя», спектакль-канцэрт Ганны Бяляевай «У душы маёй», цыкл канцэртаў гурта “Кантабіле” ў Нясвіжскім палацы “Музычныя скарбы Еўропы”, тэатралізаванае прадстаўленне “Вандраванні Радзівіла Сіроткі” і канцэнрты Астара П’яцолы ў выкананні квартэта V.S.O.P. Музычны Дом “Класіка” свае прэм’ерныя паказы здзяйсняе ў Камерным музычным тэатры “Галерэя” на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці тэатра “Галерэя” з’яўляецца праца над акадэмічнымі жанрамі нацыянальнай музычнай спадчыны Беларусі.

Камерная лірыка-камедыйная опера Станіслава Манюшкі «Verbum Nobile»

19 лістапада, Магілёўскі абласны драматычны тэатр (г. Магілёў). Пачатак у 18.30

24 лістапада, Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў (г. Мінск). Пачатак а 19.00

Інфалінія: +375-29-2-366-166