Гукарэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Уладзімір Жолудзь абвясціў галадоўку
Гукарэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Уладзімір Жолудзь 15 лютага аб'явіў галадоўку. Пра гэта ён заявіў у сваім відэазвароце, размешчаным у сацыяльнай сетцы "УКантакце".
Фота: скрыншот з відэа ВК
Мэта галадоўкі — прыцягнуць увагу кіраўніцтва да "несправядлівай сістэмы ацэнкі складанасці, якасці і аплаты працы ў тэлекампаніі, у прыватнасці гукарэжысёрскай працы", заяўляе Жолудзь.
Гукарэжысёр паведаміў, што яго аклад на паўстаўкі складае 600 тыс. рублёў, астатні заробак забяспечваюць ганарары праграмы, што выйшлі ў эфір.
Нагодай для галадоўкі стала апошняя буйная работа холдынга — падрыхтоўка і прамая трансляцыя нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне". Над гэтым праектам, паведаміў супрацоўнік
БТ, у рэжыме з 9–10-й гадзіны раніцы да 22–24-й гадзіны "без гарачага харчавання і перапынку на абед" група працавала прыблізна тыдзень.
"За гэтую вельмі тэхналагічную і цяжкую гукарэжысёрскай працу я атрымаў 600 тысяч беларускіх рублёў", — сказаў ён.
Жолудзь адзначыў, што гэтая сітуацыя з года ў год паўтараецца, нягледзячы на тое што, паводле яго слоў, кіраўніцтва пагадзілася з тым, што "гэта вельмі маленькія грошы, на якія нельга
пражыць". Прыкладна года таму Уладзіміру, паводле яго слоў, было абяцана, што з рэарганізацыяй тэлекампаніі і новым кіраўніцтвам гэтае пытанне будзе вырашанае. Аднак нічога не
змянілася.
Гукарэжысёр таксама адзначыў, што ўмовы працы на іншых беларускіх каналах — ОНТ і СТВ — лепшыя.
На апошні зварот Жолудзя да кіраўніцтва ён атрымаў адказ, што ў кампаніі як бюджэтнай арганізацыі няма грошай. Яму было прапанавана звольніцца ці запісацца на прыём да намесніка кіраўніка
медыяхолдынга або да старшыні. Прыём прызначаны на 23 лютага.
"Пасля таго як даведаліся, што я запісаўся на прыём, мне парэкамендавалі забраць заяву на звальненне, што я і зрабіў. Пры гэтым я поўны рашучасці і з сённяшняга дня, 15 лютага, абвяшчаю
галадоўку. Гэта не нейкія ўльтыматумы, я проста хачу, каб кіраўніцтва кампаніі звярнула ўвагу на існую праблему", — сказаў ён.
Паводле слоў Жолудзя, яго далейшыя дзеянні (спыніць або працягнуць галадоўку) будуць залежаць ад вынікаў сустрэчы, калі яна адбудзецца.
Атрымаць каментарый у прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі пакуль не ўдалося.
Відэа ВК
Ірына Турчына, БелаПАН