У абдымках стыхій музыкі і агню

Лідэр гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі з’яўляецца не толькі музыкантам, але і па сумяшчальніцтву прадзюсерам некалькіх музычных імпрэзаў. Напрыклад, Дударскага і Каляднага фэстаў. Як вопытны арганізатар нацыянальных музычных праграм Зміцер разумее: каб слухачы пастаянна станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі беларускага фестывальнага руху, патрэбна, каб кожны фэст нёс своеасаблівы пасыл да яго наведвальнікаў. Мо таму ўпершыню Зміцер са сваімі аднадумцамі высунуў ідэю перанесці такую музычную дзею, як фэст сярэднявечнай культуры, са сталіцы ў правінцыю.



b91b1facf3b3a7890177f02ac188f14c.jpg

Лідэр гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі з’яўляецца не толькі музыкантам, але і па сумяшчальніцтву прадзюсерам некалькіх музычных імпрэзаў. Напрыклад, Дударскага і Каляднага фэстаў. Як вопытны арганізатар нацыянальных музычных праграм Зміцер разумее: каб слухачы пастаянна станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі беларускага фестывальнага руху, патрэбна, каб кожны фэст нёс своеасаблівы пасыл да яго наведвальнікаў. Мо таму ўпершыню Зміцер са сваімі аднадумцамі высунуў ідэю перанесці такую музычную дзею, як фэст сярэднявечнай культуры, са сталіцы ў правінцыю. У мінулым годзе яго выбар прыпаў на Гальшаны.
Інструмент адукацыі
Гальшаны — амаль ідэальнае беларускае мястэчка для правядзення фестываляў сярэднявечнай культуры. Па-першае, да гэтага кроку арганізатараў схіляе незвычайна багатая гісторыя Гальшан, а таксама наяўнасць адпаведнай інфраструктуры: замка Сапегаў, які быў так маляўніча апеты Уладзімерам Караткевічам, іншых цудоўных помнікаў даўніны. Дый самі Гальшаны пры пільным разглядзе ўспрымаюцца як музей пад адкрытым небам, дзе можна бачыць даўнейшую местачковую планіроўку, а асобныя помнікі даўніны і пабудовы Гальшан не раз прыводзілі ў захапленне айчынных даследчыкаў архітэктары і гісторыкаў.
Да таго ж, ініцыятыва Змітра Сасноўскага наконт правядзення ў Гальшанах фэсту сярэднявечнай культуры ад пачатку займела моцную падтрымку мясцовых уладаў, якія ўбачылі ў прапанове Змітра Сасноўскага магчымасць актывізаваць цікаўнасць гальшанцаў да сваёй гісторыі, да тых гістарычных асоб, якія стварылі славу гальшанскай зямлі. Так, пры ўзаемнай згодзе, на айчынным культурным полі і з’явіўся фэст сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак», гісторыя якога шчасліва пачалася ў мінулым годзе.
«Залатое кола»
Гэтым разам арганізатары фэсту паставілі перад сабой больш складаную задачу — зрабіць так, каб «Гальшанскі замак–2010» стаў адной з самых заўважных падзей у фестывальным руху Беларусі, каб фэст быў візітоўкай сучасных Гальшан. Тым больш, што у гэтым годзе свята сярэднявечнай культуры супала з шэрагам значных гістарычных юбілеяў у гісторыі краіны і гальшанскай зямлі. Гэта і 400-годдзе Гальшанскага замка, і 730-годдзе заснавання Гальшан, 605-годдзе з дня нараджэння знакамітай Соф’і Гальшанскай — заснавальніцы роду Ягелонаў. Дый тэма 600-годдзя Грунвальда ў гэтым годзе не скончылася 15 ліпеня!

Артысты на хадулях

 

Ля сцен замка


Пра мэты фэсту «Гальшанскі замак» зацікаўлена гаварылася на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў рэспубліканскіх СМІ, якая адбылася у мясцовым сельсавеце. Таксама шмат увагі было нададзена лёсу Гальшанскага замка — перліне сярэднявечнай архітэктуры Беларусі. Як адкрэсліў старшыня Ашмянскага райвыканкама Ю. У. Адамчык, пакуль размова пра рэстаўрацыю замка не ідзе. Гэта выклікана шэрагам прычын, галоўная з іх — адсутнасць сродкаў на такі маштабны рэстаўрацыйны праект. Але гэта не азначае, што замак застанецца і надалей без нагляду.
Што тычыцца фэсту «Гальшанскі замак», то яго правядзенне будзе спрыяць цікаўнасці турыстаў да гістарычных мясцін гальшанскай зямлі, а значыць, будучаму аднаўленню грандыёзнай і ў той жа час выкшталцона-еўрапескай цвярдыні ў Гальшанах. Добры знак гэтым кірунку — уключэнне Гальшан у вялікі турыстычны праект «Залатое кола Беларусі», кіраўнік якога Я. Парфяновіч таксама стаў удзельнікам прэс-канферэнцыі.
У рыцарскіх двубоях
Пакуль журналісты вялі зацікаўлены дыялог з арганізатарамі і прадстаўнікамі раённых улад, на прызамкавых тэрыторыях распачаўся фэст «Гальшанскі замак–2010». Перад яго гасцямі, шматлікімі гальшанцамі разгарнулася тэатральная дзея «Уладальнікі замкаў Беларусі з’язджаюцца ў госці да Соф’і Гальшанскай». Сапраўды, адзін за адным на сцэну з вітальнымі словамі да знакамітай ураджэнкі Гальшан звярталіся вялікія князі Гедымін і Стэфан Баторый, магнаты Радзівілы і Сапегі... А момант пачатку фэсту быў адзначаны гучнымі стрэламі з ручніц, якія і сталі сігналам да правядзення рыцарскіх турніраў і спаборніцтваў у гонар тых гістарычных асобаў і дат айчыннай гісторыі, пра якія ішла размова ў тэатральнай дзеі.

Рыцары Вялікага Княства

 

Конны турнір


Першымі сваё майстэрства і трапнае вока было даручана прадэманстраваць лучнікам. Пераможцам гэтага турніру стаў удзельнік «Гільдыі лучнікаў Гародні» рыцар Роберт. Эстафета ад лучнікаў паступова перайшла да пешых рыцараў, якія запрасілі на свой турнір. Тут ад сучасных рыцараў патрабавалася вялікая фізічная сіла, уменне валодаць зброяй і веданне тактычных прыёмаў блізкага бою.
А ад гледачоў — выкананне простых правілаў бяспекі. Бо трапіць у небяспечную сітуацыю было вельмі проста: крок наперад — і глядач мог быць паранены мячом аднаго з удзельнікаў рыцарскага двубою. Але на службе бяспекі гальшанцаў і гасцей фэсту стаялі маршалкі турніраў і мясцовая міліцыя, прадстаўнікі якой вельмі карэктна настойвалі на выкананні правіл бяспекі. І як вынік — ні адзін з гледачоў не пацярпеў у нежартоўнай рыцарскай сечы. А пераможцам «асабістых спаборніцтваў» стаў рыцар Мейнхорд з клуба «Корона Запада».
Шмат цікавых уражанняў пакінулі гальшанцам конныя спаборніцтвы і масавы рыцарскі бой — бугурт, якія адбываліся ў нізіне, перад уваходам у «Горад майстроў» на прызамкавай тэрыторыі.
Без дуды і не туды, і не сюды!
Адной з прэм’ер фэсту «Гальшанскі замак–2010», якая найбольш уразіла наведвальнікаў, як і чакалася, стала яго музычная частка. Гледачы аператыўна займалі найбольш выгадныя месцы, каб на свае вочы пабачыць і пачуць выступленні зорак айчыннай сярэднявечнай музыкі. Не маючы вопыту знаёмства з сапраўды «жывымі» гуртамі, некаторыя неспрактыкаваныя слухачы спрачаліся: ці то гучыць фанаграма, ці гэта — натуральны гук? Але настройка інструментаў і далейшая канцэртная праграма іх пераканалі, што на «Гальшанскім замку» — калі рыцарскі бой, то да крыві, калі музыка, дык абавязкова «жывая»!

Testamentum Terrae


Што тычыцца гэтай часткі фестывалю, то ўяўленне пра музычную аздобу замкавага побыту Сапегаў 300–400 гадоў таму далі цудоўныя старажытныя творы, якія былі выкананы гуртамі сярэднявечнай музыкі «Rasalia», «Testamentum Terrae», «Стары Ольса». Паваражылі сваімі суперсучаснымі рытмамі і моладзвыя куміры — гурт «LitvinTroll». Яркую сярэднявечную атмасферу свята стварылі незабыўныя мелодыі на дудах у выкананні Аксаны Касцян, Юрася Панкевіча, Андрэя Апановіча, Васіля Верабейчыкава, Змітра Сасноўскага, а таксама Аляксея «Бекара» Бурносенкі, які шчыра граў на дудзе на пляцоўцы «Горада майстроў».
Рамантычную аўру святу надалі ірландскія лірычныя і танцавальныя мелодыі, якія па-беларуску агучыў гурт «Кейлі Кёл» пад кіраўніцтвам Алеся Чумакова. Асобна хацелася б адзначыць густоўныя пераклады на нашу мову ірландскай песеннай класікі, якія робіць Алесь. Здаецца, вонкава песні пабудаваныя на ірландскіх гістарычных рэаліях, а ў гурта «Кейлі Кёл» яны распавядаюць пра векавое змаганне беларусаў за сваю волю і незалежнасць. Гэтыя тэмы сталі лейтматывамі песень «Паўстанцам Каліноўскага», «Ясік», «Старыя часы» на верш Роберта Бёрнса.
У абдымках музыкі і агню
Але галоўнымі героямі музычнай часткі фэсту «Гальшанскі замак» у гэты дзень сталі танцоры са сталічнага клуба «Гістрыён». Яго ўдзельнікі — маладыя хлопцы і дзяўчаты — паказалі прыклад таго, як танчылі нашы продкі пад такую цудоўную музыку! Тут былі і парныя, і калектыўныя скокі, і беларускія і еўрапейскія бальныя танцы, карагоды і імправізацыі. Галоўнае — у гэтай танцавальнай віхуры нельга было зразумець, дзе тут сталічныя госці, а дзе местачкоўцы. Усіх аб’яднала старажытная музыка і старадаўнія рытмы!

Фаер-шоу Ды Грыза


Што да фестывальных відовішчаў, то тут не знайшлося роўных фаер-шоу «вогненных тэатраў» «Ды Грыза» і «Крада». Артысты прапанавалі гледачам сумесь гімнастыкі, акрабатыкі і светлавых эфектаў, якія былі падпарадкаваны адной мэце — паказаць прыгажосць і моц агню, калі яго стыхія падпарадкавана чалавеку. Гэта відовішча мае векавую традыцыю, і беларускія артысты зрабілі значны крок у адраджэнні на тэрыторыі Беларусі гэтага забытага мастацтва. Цудоўна, што ўнікальнае фаер-шоу разам з завяршальным канцэртам гурта «LitvinTroll» пакінулі ў душах тых, хто завітаў на палацавы падворак, столькі станоўчых эмоцый. Значыць, у фэсту «Гальшанскі замак–2011» добрыя перспектывы!