У Віцебску спевамі і танцамі адсвяткавалі дзень народзінаў Рыгора Барадуліна (фота, відэа)
У дзень народзінаў народнага паэта Рыгора Барадуліна 24 лютага ў Віцебску адбыўся «Барадулінскі Спеўны сход».
У залі тэатра «Лялька» было сапраўды горача ад колькасці наведвальнікаў. Можна сказаць, што гэта быў адзін з самых яскравых Спеўных Сходаў.
Разам з вядоўцай Марынай Булатоўскай аматары спеваў развучвалі і спявалі ўлюбёныя народныя песні з малой радзімы паэта, якія ўвайшлі ў зборнік «Песні матчыны з Вушаччыны». Іх спявала Рыгору Барадуліну маці, і менавіта яны натхнялі і суправаджалі яго ўсё жыццё.
Сапраўднымі зоркамі вечарыны сталі запрошаныя госці з Мінску фольк гурт «Harmonic Style Project». Сваім драйвовым выкананнем народных «барадулінскіх песень» музыкі акунулі ўсіх у непаўторную атмасферу спеваў.
У фінале людзей ужо было не стрымаць: пачаліся імправізаваныя танцы і карагоды.
Гэта ўжо чацвёрты Спеўны сход у Віцебску. Кожны месяц імпрэзы праходзяць на розную тэматыку.
Далучайцеся да старонак у сацыяльных сетках: facebook.com, vk.com. Больш інфармацыі пра Спеўны сход: spevy.by
Фота і відэа: Вячаслаў Шайнураў