У Гародні знішчаюць архітэктурную спадчыну
У Гародні пачалася рэканструкцыя гістарычнага будынка на месцы былога габрэйскага квартала па адрасе Вялікая Траецкая, 47 — так званы «крывы дом». На думку гісторыка Мечыслава Супрона, пры рэканструкцыі будзе знішчаны цэлы квартал.
— Навабуд, які ўзводзіцца на месцы былога Школьнага двара, сваім памерам фактычна знішчыць палову гэтай плошчы. Па-другое, на месцы навабуда будуць знішчаны падмуркі сямі камяніц. Самая каштоўная з іх — малітоўная школа мяснікоў, узведзеная у адным архітэктурным стылі разам з пяццю іншымі малітоўнымі дамамі і сінагогай у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя архітэктарам Лапіным.
Гісторык упэўнены, што гэтае месца павінна быць даследавана археолагамі і мае вялікае значэнне для горада.
— Ідэя рэалізацыі гэтага праекта — фактычна знішчыць ідэю адраджэння вось гэтага страчанага некалі гарадскога квартала — Школьнага двара. Наступны момант, які непакоіць грамадскасць, — на гэтым месцы ў ХІІ стагоддзі знаходзіўся гарадскі пасад. Фактычна гэтае месца разам з тэрыторыяй вакол замка і падолам з’яўляецца найбольш старажытным месцам у горадзе. Археалагічныя слаі ў гэтым месцы найменш вывучаныя, па-першае, і самыя каштоўныя, якія ёсць на тэрыторыі нашага горада.
Мечыслаў Супрон упэўнены, што гэты квартал пад назваю “Школьны двор” мог бы пры правільнай адбудове стаць гарадзенскай разынкай габрэйскай спадчыны горада.