У асноўнай конкурснай праграме «Лістапада» няма ніводнага беларускага фільма
Міжнародны кінафестываль «Лістапад» набліжаецца да свайго 25-гадовага юбілею, і ў гэта, па праўдзе кажучы, цяжка паверыць, ведаючы, які цяжкі лёс быў у нашага цяпер яркага свята кіно ў маленстве.
Але — вытрымалі, пераадолелі, не рассыпаліся. Дзяржаўна-прыватнае партнёрства Міністэрства культуры і Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» дало нядрэнныя вынікі. Фестываль запатрабаваны і любім. У гэтым годзе свой 24-й марафон «Лістапад» пачынае 3 лістапада, і як заўсёды гэта адбудзецца ў кінатэатры «Масква».
Як сказаў дырэктар праграм ігравога кіно «Лістапада» Ігар Сукманаў, дырэкцыяй фестывалю было прагледжана больш за 500 кінастужак, каб адабраць фільмы-ўдзельнікі. У цэлым на кінафестывалі пакажуць 164 карціны, з іх 94 — конкурсныя працы. Фільм адкрыцця — «Арытмія» расійскага рэжысёра Барыса Хлебнікава. Але беларускіх стужак у асноўным конкурсе, на жаль, няма. Як і ў конкурсе «Маладосць на маршы». Толькі ў опцыі «Дакументальнае кіно» будзе ўдзельнічаць стужка рэжысёра Вольгі Дашук «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам», а таксама пазмагаецца за ўзнагароду фільм «Май»беларуса Аляксандра Камісарчука ў раздзеле Конкурс нацыянальных кінашколаў. Па-за конкурсам будзе таксама дэманстравацца беларуская дакументальная стужка «Маэстра Анісімаў» рэжысёра Міхаіла Жданоўскага.
Да сталых пляцовак фестывалю — кінатэатраў «Цэнтральны», «Мір», «Піянер», «Беларусь» — у гэтым годзе дадаўся шыкоўны Falcon Club Буцік кіно, што пацвярджае: «Лістапад» заваяваў аўтарытэт у шырокай публікі, а, такім чынам, стаў цікавы і бізнэсу.
Квіткі на кінафестываль пачнуць прадаваць не пазней за 30 кастрычніка. На мастацкія стужкі кошт вар'іруецца ад 3,5 да 12 рублёў (адкрыццё і закрыццё кінафестывалю, зразумелая справа, самае дарагое мерапрыемства). На дакументальныя — ад 2 да 3 рублёў, на дзіцячыя кінафільмы, якія будуць паказваць у «Піянеры», — ад 1,30 да 4,50 рублёў. Будуць і сеансы для паўночнікаў, яны будуць каштаваць 6,5 рублёў. Але ёсць новаўвядзенне: можна купіць абанемент на прагляды, тады вашыя паходы ў кіно стануць танней на 30 адсоткаў.
Паводле nv-online.info