Tuzin.fm падае ў суд на галоўнага мінскага ідэолага Скалабана
Чарговы раз мінскі ідэолаг Павел Скалабан адмаўляе фолк-панковаму гурту «Дзецюкі» у правядзенні канцэрту. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў «Facebook» Сяргей Будкін –— заснавальнік музычнага парталу Tuzin.fm.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінгарвыканкаму Павел Скалабан ужо не першы раз не дазваляе гурту «Dzieciuki» выступіць у Мінску. Заяўку з просьбай дазволу на правядзеньне канцэрту 21 студзеня 2017 году падаваў сам Сяргей Будкін. Атрымаўшы адмову без указання прычын такога рашэння, ён вырашыў звярнуцца ў суд у пошуку справядлівасці.
«Адмову ў правядзенні канцэрту гурта «Дзецюкі» мы лічым незаконнай, бо іх творчасць не парушае аніводны пункт са згаданага палажэння. Таму будзем зьвяртацца ў суд. Няхай там галоўны ідэолаг патлумачыць, якімі прынцыпамі ён кіруецца», — дзеліцца сваімі думкамі Сяргей Будкін на сваёй старонцы ў «Facebook».
Паводле беларускай службы Польскага радыё