Том выбраных твораў Віктара Карамазава будзе прэзентаваны ў Мінску 25 чэрвеня

25 чэрвеня на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Мінску (вул. Румянцава, 13) адбудзецца прэзентацыя кнігі Віктара Карамазава.



karamazau.jpg

У том выбраных твораў «Беларускага Кнігазбору» (67 выпуск выдавецкага праекта) увайшлі раман «Мастак і парабкі», апавяданні і эсэ розных гадоў, а таксама публіцыстычнае слова пісьменніка па пытаннях беларускай літаратуры на мяжы двух стагоддзяў — дыялог з паэтам Леанідам Галубовічам.

 

Анатоль Бараноўскі, народны мастак Беларусі, у грунтоўнай прадмове да кнігі адзначае:

 

«Пісьменнік будуе словам тое, што я, мастак, будую колерам. Мы спадарожнікі і аднадумцы, сябры па творчым пошуку. <…>

Віктар Карамазаў рэаліст. Бывае рэалістам жорсткім, як у «Аброчным крыжы», а бывае схільным да рамантызму, як у аповесці-эсэ «Глядзіце ў вочы лемуру». Формула рэалізму ў яго свая. Ён піша, як кожны рэаліст, з натуры, але натуру адчувае так, як скульптар адчувае ў руцэ кавалак гліны, аддаючы ёй цяплынь сваёй рукі, сваёй крыві».

 

У імпрэзе акрамя самога аўтара возьмуць удзел:

 

Кастусь Цвірка, Генадзь Вінярскі, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Алесь Жук, Барыс Пятровіч.

 

Пачатак у 18.00. Уваход вольны.

 

Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»