Што за гурт Nizkiz, які затрымалі ў Магілёве. На волі застаўся толькі адзін музыка
Раніцай 6 студзеня стала вядома пра затрыманне ўдзельнікаў магілёўскага гурта Nizkiz. У няволі апынуліся Аляксандр Ільін, Сяргей Кульша і Дзмітрый Халяўкін — трое з чатырох удзельнікаў калектыва. «Наша Ніва» распавяла, што варта ведаць пра Nizkiz — гурт, што пайшоў па слядах Tor Band.
Гурт Nizkiz складаецца з чатырох музыкантаў:
- Аляксандр Ільін (вакал, тэксты песень);
- Сяргей Кульша (бас-гітара);
- Дзмітрый Халяўкін (барабаны);
- Леанід Несцярук (гітара).
У рукі сілавікоў трапілі першыя тры музыканты. Леанід Несцярук цяпер знаходзіцца за мяжой.
Nizkiz узнік у 2008 годзе. Цікавая назва, паводле Аляксандра Ільіна, насамрэч нічога не значыць — гэта проста прыгожае спалучэнне літар. На тым этапе існавання гурт актыўна ладзіў жывыя выступы, удзельнічаў, паводле словаў Дзмітрыя Халяўкіна, ва ўсіх магчымых конкурсах і адборах.
І гэта дало свой плён — пра Nizkiz пачалі гаварыць, паступова гурт набіраў вядомасць. Да 2020-га яны выпусцілі тры альбомы, знялі шэсць кліпаў, атрымалі багата ўзнагародаў — ёсць нават прэмія «Радыё АНТ» у намінацыі «Дэбют года-2012». А яшчэ збіралі тысячныя аншлагі ў беларускіх клубах і выступалі на разагрэве ў Thirty Seconds To Mars, калі тыя прыязджалі ў Мінск.
Яшчэ адзін цікавы факт пра Nizkiz — іх трэк «Полночь» трапіў у футбольны сімулятар FIFA online 4. Гэта было не пытанне грошай, а хутчэй яшчэ адзін спосаб прасунуць сваю творчасць, ды яшчэ і прыемны — музыканты добра ставяцца да футбола.
Найбольшую вядомасць у сваёй гісторыі Nizkiz набылі ў 2020-м. Яшчэ да пачатку кавіду, у лютым таго года, магілёўцы зладзілі сольны канцэрт у Falcon Club — на той час гэта было іх найвялікшае ўласнае выступленне. А праз некалькі месяцаў, 26 чэрвеня 2020 года, гурт прадставіў моцны трэк «Правілы», створаны ў супрацоўніцтве з амерыканскім прадзюсарам Нікаласам Эсігам. А калі пачаліся маршы, Nizkiz знялі на іх кліп да «Правілаў» — і ён стаў вельмі папулярны.
Ільін так апісваў нараджэнне «Правілаў»: «Песня стваралася даволі лёгка, бо ўсе словы, думкі і пасылы луналі ў паветры. Нам заставалася толькі агучыць гэта».
Пасля пачатку вайны Nizkiz выступілі за мір і адмянілі свае канцэрты ў Расіі. Гітарыст Леанід Несцярук (адзіны чалец гурта, які цяпер на волі) казаў тады пра гэта: «Мне здаецца, быць супраць гвалту і бязмежжа — гэта пытанне не палітыкі, а прыстойнасці і адэкватнасці».
Хлопцы выступалі ў Еўропе — напрыклад, прыязджалі ў Вільню, Берлін, даязджалі нават да Кіпра. Але чальцы гурта працягвалі жыць у Беларусі. Выключэнне — гітарыст Леанід Несцярук. У кастрычніку 2022-га ён пісаў у фэйсбуку, што нейкі час будзе жыць у Варшаве і што гатовы праводзіць прыватныя ўрокі электрагітары.
Лёс Nizkiz нагадвае гісторыю гурта Tor Band, яшчэ
адных музыкаў пратэснага часу. Музыкі з Рагачова не жадалі з'язджаць з Беларусі
і трапілі пад крымінальны пераслед. У выніку Tor Band абвясцілі экстрэмісцкім
фармаваннем, а 31 кастрычніка 2023-га трох музыкаў за іх песні прысудзілі да
тэрмінаў ад 7,5 да 9 гадоў калоніі.