Дыктатары разумеюць толькі мову сілы
Беларусь імкліва губляе пазіцыі ў сусветных рэйтынгах свабоды, і гэта адбываецца з маўклівай згоды свету. Аднак паварот ад таталітарызму да дэмакратычнага грамадства ўсё яшчэ магчымы.
У «Індэксе чалавечай свабоды», складзеным даследчым цэнтрам Інстытута Катона (ЗША) і аналітычным цэнтрам Інстытута Фрэйзера (Канада), Беларусь за мінулы год апусцілася на сем пазіцый.
Пры складанні рэйтынгу ўлічваецца 86 паказчыкаў, у тым ліку стан асабістых, грамадзянскіх і эканамічных свабод, сітуацыя з бяспекай, свабодай веравызнання, правам на ўласнасць і гэтак далей.
У сусветным «Індэксе чалавечай свабоды» Беларусь у 2023 годзе заняла 133-е месца — разам з Нікарагуа, Марока і Конга.
У параўнанні з 2022 годам краіна страціла сем пазіцый, апусціўшыся з 126-га месца. Як адзначаюць складальнікі рэйтынгу, за год у Беларусі становішча пагоршылася па ўсіх трох паказчыках — у асабістай, грамадскай і эканамічнай свабодах.
Па ўсіх гэтых паказчыках палітыка мінскага рэжыму адкінула Беларусь у «падвал» сусветнага рэйтынгу. Для параўнання, сярод суседніх краін найлепшы паказчык мае Латвія (15-е месца), за ёй ідуць Літва (17) і Польшча (47). Украіна знаходзіцца на 83-м радку, Расія — на 121-м, піша «Голас Амерыкі».
Цяперашні «Індэкс чалавечай свабоды» ацэньвае сітуацыю ў 185 краінах і тэрыторыях, якія ахопліваюць 98,8% насельніцтва Зямлі.
«Чаму сусветная грамадскасць не гаворыць, што нобелеўскі лаўрэат міру асуджаны на 10 гадоў турмы?»
Намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» Павел Латушка лічыць такую нізкую пазіцыю Беларусі ў «Індэксе чалавечай свабоды» сведчаннем таго, што Лукашэнка, фактычна, «абнуліў» у краіне правы чалавека. І сітуацыя ў гэтых адносінах стала, паводле яго слоў, катастрафічнай.
«Пра дэмакратыю ў Беларусі наогул нельга сказаць, калі там кіруе таталітарны, жорсткі рэжым, які выбудоўвае сістэму татальнага кантролю за ўсімі інстытутамі грамадства і за канкрэтнымі грамадзянамі», — падкрэсліў Латушка.
Апазіцыянер таксама адзначыў, што сёння Беларусь з'яўляецца адным з сусветных рэкардсменаў па колькасці палітычных зняволеных. «Прызнаных арганізацыяй "Вясна" іх 1500, а ў рэальнасці эксперты кажуць пра тое, што гэты лік неабходна памножыць у разы. Вельмі многія людзі не прызнаныя (палітычнымі зняволенымі), ці мы нават не ведаем пра іх знаходжанне ў турмах. У Беларусі летась былі ліквідаваныя ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі, за апошнія паўтара года было ліквідавана 1440 няўрадавых арганізацый — усе тыя, хто супрацоўнічаў з Еўропай, ЗША, Канадай, Вялікабрытаніяй, з іншымі дэмакратычнымі краінамі. У Беларусі няма аніводнага незалежнага СМІ — яны проста перасталі існаваць як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўні. Усе яны працуюць з-за мяжы», — пералічвае Павел Латушка.
Паводле слоў кіраўніка НАУ, у беларускіх месцах зняволення штодня катуюць палітвязняў і пра лёс многіх вядомых апазіцыйных палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў нічога не вядома на працягу некалькіх месяцаў. «Нобелеўскі лаўрэат міру Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме, і ў мяне выклікае пачуццё неразумення маўчанне свету пра гэта! Чаму сусветная грамадскасць не гаворыць пра тое, што нобелеўскі лаўрэат міру асуджаны на 10 гадоў турмы і знаходзіцца ў жудасных умовах?» — усклікае палітык.
І працягвае, што рэпрэсіі, якія чыняцца мінскім рэжымам, палітычныя, грамадскія, сацыяльныя — перацякаюць і ў эканамічную сферу. «Напрыклад, у Беларусі ўжо больш за паўтара года не рэгіструюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. У турмах — сотні беларускіх бізнесменаў, падаткі растуць, усё больш галін эканомікі падлягаюць ліцэнзаванню. Усё гэта прыводзіць да актыўнай міграцыі беларусаў. Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якія былі апублікаваныя ў траўні мінулага года, ад 250 000 да 500 000 беларусаў пакінулі краіну на працягу апошніх трох гадоў», — прыводзіць доказы намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
На думку Паўла Латушкі, абвастрэнне сітуацыі ўнутры Беларусі пагражае небяспекай і ўсяму свету. І вось чаму: «Раней у краінах вольнага свету праблема правоў чалавека была прыярытэтам і ніхто не гатовы быў уявіць сабе, што такая сітуацыя, як у сённяшняй Беларусі, магчымая ў прынцыпе. А цяпер многія краіны пачынаюць глядзець на нашу сітуацыю паводле прынцыпу: "Ну, гэта адбываецца дзесьці там і да нас гэта не мае дачынення". Але калі з'яўляецца такая згодніцкая пазіцыя, то яна ў выніку прывядзе да таго, што заўтра гэта нечакана можа з'явіцца і ўнутры гэтых дэмакратычных краін. І заходнія грамадствы сутыкнуцца з такімі ж праблемамі», — папярэджвае Павел Латушка.
Больш высокае, у параўнанні з Беларуссю, месца Расіі ў сусветным «Індэксе чалавечай свабоды» ён тлумачыць тым, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся раней і ідуць больш інтэнсіўна. «Мы, напрыклад, ведаем, што паводле звестак "Мемарыяла", у Расеі 87 палітычных зняволеных, а ў Беларусі, паводле звестак "Вясны", — 1500. Насельніцтва ў Расіі — 145 мільёнаў, а ў Беларусі — 9 мільёнаў. У Беларусі няма наогул апазіцыйных палітычных партый, а ў Расеі яны пакуль усё-ткі ёсць, у Беларусі ліквідаваныя ўсе незалежныя НКА, а ў Расіі яны яшчэ існуюць. Гэта значыць, узровень рэпрэсій у Беларусі несупастаўны з Расійскай Федэрацыяй», — перакананы Латушка.
Ён дадае, што вайна супраць Украіны пачалася з ініцыятывы Расіі, але мінскі рэжым падтрымаў агрэсію.
«За свабоду трэба змагацца заўсёды. Захад павінен гэта зразумець і не ісці на кампрамісы з Лукашэнкам, таму што цягам 30 гадоў стала ясна, да чаго прыводзяць гэтыя кампрамісы. Сёння тэст для сваёй будучыні праходзіць не толькі беларускі народ, тэст праходзіць і дэмакратычны свет, дэмакратычная Еўропа. Калі прайграюць беларусы — заўтра прайграе і дэмакратычны Захад. У гэтым у мяне няма ні найменшага сумневу. У нас складваецца ўражанне, што свет апусціў рукі, ён глядзіць фармальна на тое, што адбываецца ў нашай краіне, а дыктатары разумеюць толькі мову сілы», — падсумаваў Павел Латушка.
«Пра грамадскія свабоды і гаварыць не даводзіцца»
Рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка лічыць, што ў цэлым за апошні год сапраўды пагоршылася становішча Беларусі па частцы эканамічных, грамадскіх і асабістых свабод. «З гэтым нельга не пагадзіцца, і тут важны комплексны погляд, таму што мы глядзім на тое, што адбываецца ў Беларусі праз асабліва палітычныя рэпрэсіі, што таксама важна, але працэсы і тэндэнцыі абмежавання самых розных свабод можна ацаніць толькі ў комплексе», — адзначыў эксперт.
На яго думку, пасля 2020 года Лукашэнка зразумеў, што індывідуальныя прадпрымальнікі і людзі, занятыя ў бізнесе і прыватным сектары, не з'яўляюцца яго выбаршчыкамі, а належаць да «пратэснага» электарату. Таму ён цалкам свядома ідзе на скарачэнне малога бізнэсу ў Беларусі і на пагаршэнне ўмоў працы для яго.
«Зразумела, як гэта шкодзіць эканамічнай сітуацыі, бо ў нармальных краінах такі бізнес не знішчаюць, а стымулююць. Але ў Беларусі ўсё гэта прынесена ў ахвяру эканамічнай мэтазгоднасці і відавочна гэта знішчае эканамічныя свабоды і свабоду людзей займацца прадпрымальніцтвам», — працягвае рэдактар «Беларускага штогодніка».
Што тычыцца палітычных рэпрэсій, то тут, паводле яго, сітуацыя ў нечым падобная да расійскай, а ў нечым мае спецыфічныя рысы. «Мы бачылі крытыку папулярнага блогера, які здымаўся ў рэкламе адной з папулярных крам. Прычапіліся да яго доўгіх валасоў і ружовай вопраткі і абвінавацілі ў прапагандзе ЛГБТ. Крама была вымушана зняць гэтую рэкламу. Цяжка ўявіць, што хтосьці, напрыклад, у Берліне чапляўся б да доўгіх валасоў, а ў Мінску гэта магчыма», — прыводзіць прыклад Вадзім Мажэйка.
«Ну а пра грамадскія свабоды і гаварыць не даводзіцца, таму што публічнае выказванне свайго меркавання, аб'яднанне людзей па нейкіх грамадскіх ці палітычных прыкметах у Беларусі становіцца недаступным, і гэты індэкс цалкам адлюстроўвае пагаршэнне розных свабод», — лічыць ён.
Пры гэтым Мажэйка перакананы, што нішто ў сацыяльна-палітычных працэсах не з'яўляецца незваротным, хоць накіраванасць гэтых працэсаў можа быць рознай. «Мы бачылі, як свецкі шахскі Іран 70-х гадоў мінулага стагоддзя давялі да стану максімальна тэакратычнага. У той жа час, былыя савецкія рэспублікі Прыбалтыкі цяпер арыентуюцца на Паўночную Еўропу і сталі незалежнымі дэмакратычнымі дзяржавамі Балтыі, дзе ад савецкага нічога не засталося. Усё зваротна, усё магчыма, самі палітычныя працэсы створаны людзьмі і людзьмі ж могуць быць павернутыя. Пытанне ў тым, колькі на гэта спатрэбіцца часу, сіл і чалавечага капіталу», — лічыць эксперт.
І падсумоўвае, што цяперашнія працэсы, несумненна, ідуць на шкоду Беларусі і беларускаму грамадству, яго еўрапейскім свабодам. «Вядома, пры наяўнасці палітычнай волі ўсё гэта яшчэ як зваротна, у першую чаргу таму, што гэта не вынік нейкіх доўгатэрміновых тэндэнцый, змен у грамадскай свядомасці. Гэта цалкам канкрэтная палітычная воля рэжыму Лукашэнкі, якая ніяк не адлюстроўвае тых тэндэнцый у грамадстве, іх хутчэй адлюстроўвалі падзеі 2020 года, і таму гэта не з'яўляецца крытычным у беларускай гісторыі, а імгненнымі тэндэнцыямі, абгрунтаванымі палітычна», — канстатуе Вадзім Мажэйка.