«Слова маё – гэта меч у баі». Новы кліп ад «Годна» і Nochy — адказ тым, хто сумняецца ў будучыні беларускай мовы

Грамадская арганізацыя «Годна» разам з гуртом Nochy выпусцілі адмысловы кліп да Міжнароднага дня роднай мовы. Гэта не проста песня — гэта моцны адказ усім, хто спрабуе прымусіць нас забыцца, саромецца або маўчаць.

Крыніца: Годна [ youtube ]

Беларуская мова – гэта нашая сіла, наш гонар і наш выбар. Яе спрабуюць заглушыць, але яна ўсё роўна гучыць. Яе крытыкуюць, але яна натхняе. Нам кажуць «лепш на рускай», але мы ўсё роўна гаворым па-беларуску — бо гэта наша!

Кліп паказвае, з чым сутыкаюцца беларускамоўныя. У ім выкарыстаныя рэальныя каментары, якія людзі чуюць ці чытаюць ледзь не штодня. Але гэта не гісторыя пра хейт — гэта гісторыя пра нашую сілу! Бо замест таго, каб апусціць рукі і прамаўчаць, мы гаворым: мы тут, мы ёсць і нас не спыніць.

«Мова — гэта не толькі сродак камунікацыі, але і частка нашай ідэнтычнасці. Нам увогуле здаецца, што, калі мы перастаем гаварыць на сваёй мове, мы губляем частку сябе. Нас натхніла на ўдзел у праекце разуменне таго, як важна захоўваць і перадаваць яе наступным пакаленням. Былі радыя спрычыніцца да гэтага важнага працэсу. Гэта быў не толькі творчы працэс, але і духоўны момант, калі кожнае слова набірае асаблівае значэнне», — кажуць удзельнікі гурта Nochy. І дадаюць: «Мы толькі тады адчуваем хараство роднай гаворкі, калі чуем яе пад чужымі нябёсамі» (с) Джордж Бернард Шоу.

Беларуская мова гучала, гучыць і будзе гучаць! І ніхто нас не зломіць.