Рэжысёр фільма пра Агінскага: "Мы адстаялі, каб была і беларускамоўная версія"
У Маледзечна далёка не кожнай культурнай падзеі шчасціць не толькі запоўніць залу, але і атрымаць больш за 60 гледачоў, гатовых пастаяць.
![get_img95.jpg get_img95.jpg](/img/v1/news/full/get_img95.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Спачатку арганізатары давалі слова маладзечанскім паэтам, распавядалі пра праект і падрыхтоўку да 250-годдзя Міхала Агінскага.
Нарэшце, уключылі фільм. Прыгожыя фарбы, цікавыя факты, прыемны голас, але... ўсё па-руску. Было дзіўна чуць, як беларускую гаворку даследчыкаў Агінскага таксама пераклалі. Праўда, потым фільм спынілі і пачалі шукаць беларускую версію і не знайшлі. Аказваецца, проста пераблыталі дыскі: рускамоўную версію паклалі пад беларускую вокладку. Рыгор Сарока не разгубіўся і патлумачыў сітуацыю, а таксама дадаў, што існуюць тры версіі перакладу.
“Агінскі жыве ўва мне”
Фільм складаецца з дзвюх частак: дакументальнай і мастацкай, якія змяняюць адна адну. Вядомыя даследчыкі жыцця і творчасці Міхала Клеафаса Агінскага распавядаюць пра фрагменты яго жыцця, а пасля падзеі жыцця па-мастацку абыгрываюцца.
Праект зроблены па заказе Міністэрства культуры. Ён адразу на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Але мог быць на дзвюх.
Анастасія Мірашнічэнка
Рэжысёр Анастасія Мірашнічэнка ўдакладняе:
Рэжысёр Анастасія Мірашнічэнка ўдакладняе:
— Мы адстаялі, каб была беларускамоўная версія, таму што першапачаткова задумваўся рускамоўны арыгінал. Я не ўяўляю, як пра нашу гісторыю, пра Міхала Клеафаса, можна распавядаць па-руску. Але ўлічваючы, што да нас прыязджае шмат турыстаў, для якіх руская мова больш зразумелая, стварылі і такі варыянт.
— Ці стала асоба Агінскага для вас асаблівай?
— Дзяўчаты зайгралі яго мелодыю — у мяне слёзы наварочваюцца. Я яго музыку спакойна слухаць не магу. Я праніклася ім, ён жыве ўва мне. Прайшло паўгода пасля заканчэння здымак, здавалася, ну што тут ужо плакаць? А як пачую “Развітанне з Радзімай” — у мяне вось, бачыце, слёзы. Падчас працы над фільмам я прачытала столькі ўсяго, той літаратуры, якая толькі нядаўна перакладзеная і сёлета выйдзе ў свет. І гэта мы скарысталі ў фільме.
Але каб расказаць пра жыццё Міхала Клеафаса Агінскага, 39 хвілін крайне мала, мы прайшліся па вяршках! Гэтая постаць годная добрага, 1,5-гадзіннага мастацкага фільма ці нават якаснага серыяла.
Там жа столькі лёсаў! Вы ўяўляеце, як нам даводзілася цікавыя фрагменты адсякаць, гэта было вельмі складана.
Дыскі замест падручнікаў
Анастасія Мірашнічэнка ўпэўненая ў запатрабаванасці фільма пра нашага земляка:
— Гэта тое, чым мусім ганарыцца. Праз яго жыццё можна вывучаць гісторыю. Такія фільмы варта паказваць у школе, таму што навучэнне праз лёс чалавека запомніцца. Дзякуючы гэтаму можна сапраўды зразумець і палюбіць краіну, у якой жывеш, а значыць, ганарыцца ёй.
Фільм будзе прадавацца ў месцах, дзе звычайна рэалізуюць дыскі, у некаторых кніжных крамах.
Некалькі фактаў пра Агінскага, агучаныя ў фільме:
- Цягам 30 год у прэсе час ад часу з’яўляліся паведамленні пра яго трагічную смерць.
- Пачаў палітычную кар’еру ў 19 год, калі ўвайшоў у Сойм Рэчы Паспалітай.
- Называў сябе грамадзянінам замест высакароднага тытула.
- Перад смерцю перахрысціў дзіця дачкі Эмы, якое толькі нарадзілася.
Прэзентацыя фільма "Рана ў сэрцы. Міхал Клеафас Агінскі" адбылася 30 студзеня ў кінатэатры "Радзіма".
Зоя Хруцкая, www.rh.by
Фота аўтара