«Разгадка космасу Сыса яшчэ наперадзе»

26 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну восьмы раз ладзілася паэтычнае свята ў гонар Анатоля Сыса «Дух — гэта, людзі, Я!».  



2ae81768_1487_4c16_a7b6_55cfb8eea547_mwdynamic_mhdynamic_s.jpg

Апоўдні на магілу Анатоля Сыса ў Гарошкаве літаратары з Гомеля, Мінску, Веткі, Рэчыцы, Светлагорску, прыхільнікі творчасці з Украіны, землякі паэта прынеслі жывыя восеньскія астры. У некаторых букетах у бялюткіх астрах ірдзелі чырвоныя гваздзікі — колеры нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга.

Пад такім сцягам восем гадоў таму заўчасна памерлы паэт быў пахаваны тут, на Гарошкаўскіх могілках, спрэс парослых белымі бярозамі. Акурат 26 кастрычніка — дзень народзінаў Анатоля. І было б яму сёння толькі 54. Бярозы над магілай усе ў золаце — яны ціха асыпаюць помнік паэта залатою лістотаю.


Вольга Цярэшчанка, настаўніца і бард з Гомеля, першай трымала слова:
 

«Панове, скажу два словы ў гонар нашага Анатоля. Анатоль — частка нашага жыцця, частка нашых думак. Анатоль Сыс — гэта гонар Беларусі, адзін з найлепшых беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя. Самае галоўнае, каб тое, што сеяў Анатоль, прарастала з году ў год, з дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе. Сёння радасны дзень: мы за Анатоля молімся. Анатоль жыве ў песнях, Анатоль жыве ў сваёй творчасці! Не сумуйце. Не важна, якая сітуацыя вакол нас. Важна, каб у гэты дзень прыходзілі, памяталі, чыталі вершы і спявалі песні. Самае лепшае, што трэба паэту — памяць. Памяць у ягонай творчасці, у нашых сэрцах».
 

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопісу «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч запрашае грамаду ў цэнтр Гарошкава, дзе стаіць бацькоўская хата Анатоля Сыса, і дзе па традыцыі і ладзіцца свята паэзіі:
 

«Кожны год на дзень нараджэння Анатоля, 26 кастрычніка, на гэтым падворку, які памятае Анатоля, які жыве ягоным духам, збіраюцца сябры і прыхільнікі ягонага таленту. Падобныя святы адбываюцца ў нас па ўсёй Беларусі, прысвечаныя нашым таленавітым паэтам, празаікам, літаратарам. Да прыкладу, на радзіме Тані Сапач — на Маладзечаншчыне, на радзіме Алеся Пісьмянкова — на Магілёўшчыне, на радзіме Ніны Мацяш — у Белаазёрску. І я спадзяюся, што з часам, у перспектыве землякі Анатоля перахопяць ініцыятыву ягоных сяброў, будуць ладзіць святы не толькі на гэтым падворку, дзе яны адбываюцца традыцыйна, але і ў школе, дзе ён вучыўся, у дамах культуры ў бліжэйшых вёсках, дзе бываў Анатоль. І гэтае свята сапраўды стане святам усіх землякоў Анатоля. Якія яго памятаюць, якія яго любяць, якія чытаюць яго творы. Не кожная зямля дае такіх людзей, якім быў Анатоль — такіх таленавітых і, сёння можна сказаць без сумнення, геніяльных».

Барыс Пятровіч прыгадаў, што ў апошнім нумары «Дзеяслова» надрукаваныя згадкі Алеся Бяляцкага пра першыя ў Беларусі «Дзяды», адным з арганізатараў якіх быў і Анатоль Сыс. Ён — не толькі выбітны паэт, але і чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
 

Пра адметнасць творчасці Анатоля Сыса гаварылі паэты і літаратары Міхась СкоблаВадзім БолбасЛарыса РаманаваАлесь Пашкевіч, стрыечны брат Анатоля Сяржук Сыс.
 

Навуковец з Гомеля, доктар філалогіі Іван Штэйнер, перакананы, што Анатоль Сыс «па сутнасці падвёў вынікі развіцьця беларускай паэзіі ў ХХ стагоддзі і прадвызначыў асноўныя шляхі яе эвалюцыі ў трэцім тысячагоддзі». Больш за тое, лічыць навуковец: «Мы яшчэ не прачыталі як след Купалу, таму разгадка космасу Сыса яшчэ наперадзе».
 

Беларускія вершы ў Гарошкаве чыталі і самыя юныя ўдзельнікі свята — дачка Сержука Сыса і сын Ларысы Раманавай.
 

Багата на падворку гучала і песень у выкананні бардаў Андруся МельнікаваЗмітра Бартосіка. Вольга Цярэшчанка прэзентавала на свяце сваю новую песню на словы Анатоля Сыса з кнігі вершаў «Алаіза»:

«Шрыфтам Брайля на калядным сьнезе
Птушкі вершы пішуць.
А чытаю — рукі зьмерзьлі.
Свае руны мне ня вышыць.
Я асьлепнуў.
Я аглухнуў.
Птушак не здагнаў — сьпяшаю,
а вясновы сьнег пажухнуў.
Часу — тры сьняжынкі маю.
А памру — паэт мо прыйдзе,
Разгадае сьляды птушак.
Ох, ты лёс мой!
Ох, ты злыдзень!
Дзе салома, дзе падушка?»

Планавалася напачатку, што сёлета свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса пройдзе ў вёсцы Броннае ў школе, якую скончыў паэт. Але не атрымалася — не было дазволу «зверху».

 

www.svaboda.org